Выбрать главу

Грузавік спачатку імчаў па гравійцы, потым прыцішыў ход і крута павярнуў на ўезджаную прасёлачную дарогу. За постацямі аўтаматчыкаў, якія сядзелі на ўсю шырыню кузава, не відно было, што расце паўз яе.

Толькі калі аўтамашына ўз’ехала на ўзгорак, ззаду, як акінуць вокам, паўкруглым апахалам разгарнуўся далягляд. Па яго вясёлкавым спектры цёмна-зялёных, салатавых і залацістых колераў можна было здагадацца, што там чаргуюцца ўчасткі бульбы, лёну і жыта.

Міхась на імгненне ўявіў сваю расхрыстаную і абражаную маці-радзіму, з рук якой чужынцы вырвалі і кінулі сабе пад ногі гэтае стракатае апахала, — і ягонае сэрца балюча зашчымела ад бяссілля і крыўды, што ён не можа дапамагчы ёй у бядзе.

Аўтамашына спынілася на раздольнай лугавіне, каля невялічкай выспы радкавых кустоў, пасярэдзіне якіх уздымалася купка бяроз. Салдаты нетаропка вылезлі з кузава, высадзілі палонных, загадалі ім пакласці на зямлю іх рэчмяшкі і шынялі, выстраілі і пакінулі стаяць. Афіцэр і салдаты паўкругам расселіся вакол на траве.

З трох бакоў удалечыні распасціралася зялёная мурожная роўнядзь. Грузавік павольна завярнуўся і паехаў у адваротным кірунку.

«Мусіць, пачакаюць, пакуль ён знікне з вачэй, адвядуць у кусты дый пусцяць у расход без лішніх сведкаў, — падумаў Міхась, самотным позіркам праводзячы аўтамашыну. — Бо каго ж ім яшчэ чакаць у бязлюднай пустцы, удалечыні ад паселішчаў?»

— Што яны будуць рабіць?—насцярожана прашаптаў хтосьці.

— Самі працаваць не стануць. Нам дадуць якую-небудзь працу,— спакойна і разважліва адказаў Хяндога. — Бач жа, расселіся, як гаспадары, а нас прымушаюць стаяць.

Па меры таго, як грузавік аддаляўся, у людзей узрастала трывога. Але калі ён зусім растаў удалечыні, а салдаты па-ранейшаму спакойна сядзелі і не падымаліся, палонныя таксама патрохі супакоіліся. Гэтак i прастаял! яны да таго часу, пакуль хтосьці не ўгледзеў на даляглядзе аўтамашыну, што на сонцы паблісквала ветравым шклом і набліжалася сюды. Насцярожанымі позіркамі ўсе глядзелі за яе набліжэннем.

«Няйначай, як чарговую партыю вязуць», — узнікла здагадка ў Міхася.

Чамусьці занадта доўгія здаліся хвіліны чакання.

Нарэшце пад’ехаў вялізны крыты грузавік з зашпіленым ззаду брызентам. Палонныя ўбачылі гэта, калі шафёр заварочваў машыну і заднім ходам здаваў бліжэй да кустоў.

Афіцэр, устаючы з долу, камандаю падняў салдат. З правага боку кабіны таропка вылез шафёр, а з левага, не спяшаючыся, нейкі вайсковы чын. Абодва яны пайшлі да задняга борта. Калі шафёр раошпіліў брызент і адчыніў борт, вайсковец жэстам рукі падаў нейкі знак. Афіцэр у сваю чаргу скамандаваў штосьці салдатам. Яны падагналі палонных да аўтамашыны і загадалі разгружаць яе.

Разгубленыя палонныя не ведалі, як падступіцца да кузава, што амаль упоравень з заднімі краямі i да самага верху быў шчыльна напакаваны, відаць, нейкім правіянтам. Спадыспаду ляжалі мяхі, на іх стаялі грувасткія кардонныя скрыні, да якіх немагчыма было дацягнуцца з зямлі, каб павымаць іх з кузава. Напэўна, аўтамашыну загружалі з дзвярэй вагона або з платформы пакгаўза, не турбуючыся пра тое, у якіх умовах прыйдзецца яе разгружаць.

— Лес! Шнэль! — пакрыквалі з бакоў салдаты, прыспешваючы збянтэжаных палонных.

Хяндога паставіў адну нагу на зашчапку задняга борта, другой абапёрся на край падлогі і, абшчаперваючы рукамі раму каркаса, ускараскаўся ў кузаў. Але па тым, як ён не расчапляў абедзвюх рук, было відно, што чалавек адчувае сябе няўстойліва: ногі ў калодках ледзьве змяшчаліся на самым краі падлоп.

— Казнадзей, памажы з другога боку, — папрасіў Хяндога.

На дапамогу яму кінуўся ягоны чарнявы таварыш, што таксама ўскараскаўся ў кузаў з другога боку. Адной рукою трымаючыся за каркас, а другую вызваліўшы, яны сумесна памкнуліся выцягнудь зверху кузава скрыню. Але адчувалася, што, калі ногі палонных не знойдуць трывалай апоры, усе іхнія спробы скончацца няўдачаю. А можа, на самай справе яны i не стараліся выцягнуць скрыню, бо Міхасю здалося, што Хяндога не столькі спрабуе зрабіць гэта, колькі ўпотайкі імкнецца агледзець з вышыні мясцовасць за кустамі. Абодва палонныя марна праваждаліся з непадатлівай скрыняю да тае пары, пакуль салдаты не страцілі цярплівасці i не пачалі зноў пакрыкваць «лёс!» і «шнэль!».