Выбрать главу

Калі з грузавіка знялі грувасткія скрыні і цяжкія мяхі, аказалася, піто ён быў наўмысна гэтак закаркаваны імі. Глыбей увесь кузаў быў запакаваны зверху невялікімі кардоннымі скрынкамі розных памераў, а ўнізе — квадратнымі ды круглымі пляскатымі бляшанкамі.

Палонныя апусцілі і больш не падтрымлівалі задні борт. Толькі трое па-ранейшаму падавалі з кузава груз, а ўсе астатнія адносілі яго ўжо ў адзіночку, цугам адзін за адным.

Прынёсшы пад пахамі па дзве скрынкі і па адной апускаючы на дол, Міхась і Багдан Платонавіч прыкмецілі, што каптэнармус ужо не звяртае ўвагі на тое, па колькі чаго яны прынеслі. Напэўна, пераканаўся, што палонныя складаюць скрынкі як трэба. Заслоненыя постацямі іншых ад аўтаматчыкаў, што стаялі воддаль, яны хуценька нагнуліся над прарваным мехам і працягнулі далоні да дзюркі.

— Толькі высыпай не ў кішэню, а ў порткі, — павучальна шапнуў на вуха Багдан Платонавіч.

Калі б не яго падказка, Міхась і не дадумаўся б да гэтага. «Штаніны ж унізе паверх ануч сапраўды туга перахоплены завязкамі портак і споднікаў. У кішэнях немцы могуць абшукаць, а ў калошынах шукаць не дадумаюцца». Выпростваючыся, Сіліч прыпадняў падол гімнасцёркі, падцягнуў жывот і пад расслаблены раменьчык портак хуценька высыпаў жменю зярнят. «Рыс, —маланкаю мільгнула ў галаве, калі прыкмеціў, як яны бліснулі снежнай белізною на фоне заношанай бялізны. А потым адчуў, як унізе праз споднікі замаруджана абдалі прахалодаю галёнку.— Мабыць, Ромель нарабаваў яго ў Афрыцы. Таму Гітлер і празваў свайго любімца львом пустыні».

Прыносячы і апускаючы груз, асмялелыя напарнікі яшчэ некалькі разоў употайкі кланяліся запаветнаму меху, падстаўляючы далоні пад ягоны рог дастатку, пакуль не пахавалі яго пад плітою са скрынак іншыя палонныя. Каб калошыны ўнізе надта не адтапырваліся i не абвісалі, Міхась насыпаў крупы раўнамерна: адну жменю — у правую, а другую — у левую.

Тым часам ад пільных вачэй Хяндогі не засталося ўбаку тое, што аўтаматчыкі зводдалеку назіраюць толькі за палоннымі i не цікавяцца, па колькі чаго яны бяруць з грузавіка i як складаюць прынесенае пад палаткаю. Пераканаўшыся ў тым, што i каптэнармус даверыўся i не надта сочыць за імі, Хяндога нашэптваў то аднаму, то другому, каб яны не разяўлялі раты, а дзейнічалі смялей:

— Немцы ўвесь свет абрабавалі. Не грэх вярнуць хоць частачку захопленага ў нас. Не перабівацца ж нам адным падножным кормам.

Хяндога ведаў, што голад не цётка, ён паняволі прымусіць палонных праявіць і знаходлівасць, і пранырлівасць. А тут жа і ўмовы спрыяльныя, і ёсць чым пажывіцца. Каларыйны нямецкі правіянт хоць трохі падтрымае сілы гаротнікаў. «Галодных асабліва падзадорваць не варта. Яны самі, як увойдуць у азарт, дык стрымліваць яшчэ прыйдзецца, каб ведалі меру i не завалілі добрую справу».

З кузава, падаючы Міхасю дзве скрынкі, смуглявы хлопец зноў хітравата падміргнуў і ва ўсмешцы прыадкрыў рот, агаляючы ўнізе па баках два залатыя зубы. Сіліч і без ягонага падміргвання заўважыў бы на рагу адной са скрынак пацучыную проедзь. Але Міхась жа не здагадваўся, што пацукі пратачылі толькі невялікую дзюрку, а хлопец пашырыў яе, каб пралазіла жменя, і ўжо нечым пажывіўся.

«Малады, а ўжо сапсаваў зубы, — падумаў Міхась пра смуглявага хлопца, што падаваў з кузава правіянт. — Мусіць, на цукеркі налягаў змалку».

Несучы скрынкі пад пахамі, Міхась на хаду таксама мог бы прасунуць руку ў дзюрку, але ўстрымаўся, асцерагаючыся аўтаматчыкаў. «Калі схопяць за руку, дык ужо не выкруцішся. Зловяць на месцы злачынства. Пры вобыску і ў калошынах абмацаюць крупы. Перад сценкаю са скрыняў, за постацямі задніх палонных зрабіць гэта бяспечней i зручней».

Пад палаткаю Сіліч яшчэ на хаду прасунуў руку ў дзюрку i, зачэрпваючы локшыну, шэптам папярэдзіў Багдана Платонавіча, які, трошкі затрымліваючыся, крадком зрабіў тое ж самае і скрынкамі, што нёс пад пахамі, замаскаваў прагрызейую адтуліну. На гэты раз яна аказалася яшчэ не пахаваная пад іншымі скрынкамі, і Міхась з Багданам Платонавічам і ў наступны прыход зачэрпнулі з яе па жмені локшыны.