Выбрать главу

Паступова палонныя асмялелі і ператрыбушылі астатні правіянт. Некаторыя нават у бляшанкі праніклі. Шкада толькі, што ні мёд, ні масла, ні мармелад не пакладзеш у кішэню, бо яны растануць дый выдадуць самога. Але затое найболей спрытныя пакаштавалі і гэтага ўсяго.

Хяндога задаволена ўсміхаўся, прыкмеціўшы, як некаторыя з палонных на хаду засоўваюць у кусты бляшанкі і скрынкі, мусіць, спадзеючыся потым як-небудзь узяць іх.

Міхась і Багдан Платонавіч таксама не трацілі надзеі, што ім удасца захапіць у лагер што-небудзь з правіянту. Міхась адзін раз узяў з кузава ажно чатыры бляшанкі: пад пахі — дзве круглыя пляскатыя, а пад імі дзве квадратныя падтрымліваў выпрастанымі рукамі. Потым злаўчыўся дый на хаду апусціў у бухматы куст спачатку квадратную, а пасля ў другі — круглую, пляскатую. Багдан Платонавіч таксама схаваў у кустах скрынку i квадратную бляшанку.

— Калі не здолеем прыхапіць, няхай прападаюць. Але затое i немцам не дастануцца, — прашаптаў ён, як скончылі разгружаць аўтамашыну.

Але нікому з палонных не ўдалося захапіць у лагер бляшанку або скрынку, бо гэта ж не іголка, яе ў пілотку не пакладзеш і навідавоку ў аўтаматчыкаў не пранясеш. У рэчмяшок схаваць можна было б, ды салдаты дазволілі ўзяць з зямлі шынялі і рэчмяшкі толькі ў самы апошні час, перад тым як заганялі ў грузавік. Прыкра было ад таго, што разлічвалі на большае, а задавальняцца прыходзіцца дробяззю: кішэнямі круп ці прыгаршчамі локшыны. Праўда, гэтым пажывіліся ўсе. Нават i тыя, хто спачатку трымаў задні борт, пазней нагналі ўпушчанае.

Потым у небаракаў прыкрасць выцеснілася злараднасцю, што яны ўсё-такі растрыбушылі нямецкі правіянт і ладную долю схавалі ў кустах. Самі не скарыстаюць, затое i ворагам не дастанецца.

Хяндогу спачатку расчаравала тое, што яму з таварышамі і адгэтуль не ўдалося ўцячы. Потым расчараванасць паступова саступіла месца заспакоенай цярпімасці, калі ён зразумеў, што гаротнікі хоць трохі змогуць пажывіцца нямецкімі прадуктамі. Таму ён шэптам і заахвочваў іншых, каб не губляліся i не разяўлялі рот. А калі ўбачыў, што прадукты ў гэтакай колькасці самі просяцца ў рукі, у яго ўзнікла спакуслівая думка. Хяндога ведаў, што галодны чалавек не толькі набівае жывот, але клапоціцца і пра чорны дзень. А ў палонных жа наперадзе невядома колькі чорных дзён: не дні, а тыдні, можа, нават месяцы. Запас бяды не чыніць. Хяндога разумеў, што немцы ў палявых умовах наспех абсталявалі тут свой склад. «Па ўсім відно, што ён часовы і надоўга не затрымаецца, а перавандруе ў іншае месца. Затое ў гэтых кустах, хоць i пад адкрытым небам, у нас таксама застанецца запасная капцёрка. У будучым, пасля ўцёку з лагера, яна спатрэбіцца. У намоклых кардонных скрынках прадукты могуць адсырэць i сапсавацца, а ў бляшанках будуць захоўвацца».

Яшчэ перад пасадкаю ў грузавік ён шапнуў Казнадзею і Ярмоліку, каб яны запаміналі мясцовасць і прыкмячалі дарогу да запасной капцёркі.

8

Тыя з дваццаці шчасліўцаў, хто падзяліўся сягонняшняй спажываю з суседзямі па нарах або з землякамі, дзякуючы ўзаемнай услужлівасці апошніх, адвячоркам хутка ўшчамілі свае кацялкі ў цяпельцы на двары. Астатнія з іх, паколькі не прынеслі ў лагер ніякага паліва, тоўпіліся вакол дзвюх печак у абодвух канцах стадолы, чакаючы, пакуль на іх вызваляцца вольныя месцы.

У Сіліча не было нікога бліжэйшага за Багдана Платонавіча. А з ім дзяліцца спажываю не трэба. Праўда, Міхась адчуваў, што нечым абавязаны таму смугламу хлопцу, які распароў шво меха і, па-змоўніцку падміргваючы, заахвоціў яго дзейнічаць.

— Выбачай, не ведаю, як цябе завуць, — прамовіў Сіліч, калі яны ледзьве не сутыкнуліся лбамі над печкаю, і, вінавата апраўдваючыся, прамямліў: —Я нават дзякуй не сказаў табе за паслугу, хаця, як на добры лад, дык абавязаны падзяліцца з табой набыткам.

— Ну што ты! Знайшоў пра што гаварыць. Пакінь думаць пра гэта,—здзівіўся той, ужо шэптам тлумачачы: — Пакуль вы адносілі груз ды вярталіся назад, у мяне хапала часу, каб неўпрыкмет паласавацца сім-тым. У вас такой магчымасці не было, — і, нібы між іншым, дадаў: — Завуць мяне Леанідам.

— А мяне — Міхасём.

— Значыць, беларус, —упэўнена вызначыў юнак, —Па-ўкраінску— Мыхайла.

— А Леанід па-беларуску Лявон, — растлумачыў у адказ Міхась.

— Ну от і пазнаёміліся, — разважліва прамовіў Багдан Платонавіч, мяшаючы варыва. — Мабыць, мы з табой, Леанід, землякі? Адкуль ты родам?

— З Кіева.

— Дзе ты жыў там?

— На Храшчаціку.

— А я—на Падоле.

Расчулены новым знаёмствам, Леанід не ўстрымаўся і расшчодрыўся, сыпнуўшы з кішэні спачатку ў землякова дзюралевае вядзерца, а потым у Міхасёву бляшанку па дзве жмені нейкай светла-карычневай прыправы.