Выбрать главу

— Хоць дзеля акрасы. А то ваша варыва бледнае, як нашы твары.

— Што гэта? — Міхась пры цьмяным святле не разгледзеў на ляту тое, што сыпнуў Леанід, і памкнуўся размешваць варыва.

— Грэчневая крупа. Я хапянуў і яе.

Пры памешванні страва ў бляшанцы сапраўды нагадвала Міхасю спалатнелы, круглы, як поўня, твар, на якім густа высыпалі рудаватыя вяснушкі. Як толькі ён перастаў улагоджваць яго лыжкаю, твар пачаў то чхаць, то пыхцець, то абурацца мімікаю.

Абодва хлопцы хутка паразумеліся i так захапіліся гаворкаю, што Багдан Платонавіч вымушаны быў дабрадушна абарваць яе:

— Языкамі балбачыце, але ж не забывайце і лыжкамі час ад часу пабоўтваць, каб варыва не падгарала з дна.

— Як ні боўтай, а, нішчымнае, яно ўсё роўна прыгарыць знізу,— апраўдваўся Леанід.

— Дый неаднародная сумесь, — удакладніў, падтрымліваючы яго, Міхась, — Адно ўжо разварылася, а другое яшчэ не гатова. Крупнік не крупнік, кулеш не кулеш i каша не каша. Эх ты, доля наша! Безназоўная страва. Папуры для музыкі ў жываце.

— Невядомае ў кулінарыі асарці без назвы,—пакпіў Леанід.

— Мяшанка, — адным словам заключыў Багдан Платонавіч.

Міхась у маленстве чуў гэтае слова. У іхніх мясцінах свінням рабілі мяшанку з варанай бульбы, вотрубяў і сырой травы, а коням у баўтуху запарвалі саламяную сечку з мукою.

Ці то ад усведамлення таго, што пад лагер пераабсталяваны кароўнік, ці то ад выгляду баланды, падобнай на пойла, ці то ад устойлівага паху шматлікіх траў, якія штодня варыліся на печках, у неправетранай стадоле звычайна патыхала жывёльным духам і дзікунскай неабжытасцю. А цяпер, відаць, таму, што ў кацялках булькатала больш-менш нармальная страва, распаўсюджваючы гарачую пару, Міхась адчуў нюхам ледзь-ледзь улоўны дух чалавечага жытла.

Яму чамусьці ўявілася зімовая раніца ў роднай вёсцы. Нерухома стаяць заінелыя дрэвы. «Ціў-ціў, ціў-ціў», — пішчыць пад нагамі іскрысты снег, нібы галодныя птушаняты наперабой просяць у маці есці. З каміноў хат, вышэй падпіраючы хмурнае, навіслае неба, угару ўздымаюцца гонкія слупы дыму. I ла паху кожнага з іх у марознай бязветранай настыласці можна беспамылкова вызначыць, у якой хаце на сняданак смажыцта мяса з цыбуляю, у якой пякуцца бліны, а ў якой сквірчыць яечня на сале.

Аказваецца, Леанід скончыў тры курсы філфака.

Калі ён даведаўся, што і Міхась у мінулым студэнт, а Міхасёў сусед— яшчэ і Леанідаў зямляк, хлопца пацягнула да іх абодвух нейкая неадольная сіла.

Ведама, адзінокі чалавек у няволі. Ён інтуітыўна хінецца да гурту, асабліва да землякоў і аднагодкаў, а тым больш да былых калегаў. Усё-такі з абодвума новымі знаёмымі Леаніда збліжала не толькі агульная гаротная доля, але і мінулыя супольныя інтарэсы: з Міхасём—успаміны пра бесклапотную студэнцкую пару, а з земляком—памяць аб родным і любым сэрцу кутку. На самоце гэта развейвае маркоту і сагравае душу.

Пасля вячэрняй паверкі, калі ахова замкнула на ноч палонных у стадоле, юнакі не пераставалі гаварыць між сабою, седзячы побач на нарах і ўмінаючы сваё варыва. I невядома, колькі часу прагаварылі б яшчэ, калі б не пачалі ашчадна выскрабаць з дна посуду прыгарэлую страву i скрыгатаннем лыжак не распалілі голад у некага на верхатуры.

— Калі ты нарэшце перастанеш скрэбці кіпцюрамі па сэрцы, нібы сярпом па я....?! Каб у цябе скрыгатала гэтак у жываце!—раззлавана вылаяўся ён.

Іх абодвух нібы абдало варам. 1м стала так няёмка, што яны не толькі перасталі выскрабаць лыжкамі посуд, але і зусім анямелі. Ад разгубленасці Міхась нават не паспеў запрасіць Леаніда застацца на Паўловым месцы, як той шмыгнуў і растаў у прыцемку стадолы.

Ёсць невялікая, зверху чорна-бурая, а знізу ржава-жаўтаватая, з белым падбародкам птушка—чакан, што водзіцца на лугах, якія мяжуюць з лесам або полем. Яна вельмі прыемна спявае, часта ўплятаючы ў свой спеў галасы тых птушак, сярод якіх жыве. А злоўленая, у клетцы робіцца самотнаю i перастае спяваць.

Здавалася б, нашто ўжо непрыхатлівыя ластаўкі. Яны селяцца ў вёсках i гарадах, нават гняздзяцца на жыллі чалавека, бяспечна шчабечучы пры людзях. А ў няволі таксама жыць не могуць.

Або ўзяць звычайнага зімародка, з зеленавата-чорным і ярка-сінім апярэннем. Водзіцца ён у горных i лясных мясцовасцях, па берагах ручаёў i малых рэчак. Зімародак не пераносіць няволі. Не чапаючы ежы, ён безупынку б’ецца аб сценкі клеткі, пакуль не падае мёртвы.

Дык гэта ж птушкі. А якімі скаванымі, прыгнечанымі і абражанымі адчуваюць сябе людзі ў калодках на нагах, з кляймом на спіне, знаходзячыся за калючай агароджаю або на дарозе, у ачапленні канваіраў, пад пільнымі халоднымі позіркамі вінтовачных ствалоў! I дарога, якую яны вымушаны рамантаваць пад прымусам, вядзе іх зноў за калючы дрот. Толькі ў абедзенны перапынак яны могуць прысесці або прылегчы ў кювеце, дый то нібы ў траншэі, надта не высоўваючыся, каб не атрымаць кулю ў лоб.