Камлюкаваты, змрочны стаяў нібы ўкопаны і, як толькі набліжаўся транспарт, загадзя прыпадымаў выкінутую ўперад руку і трымаў яе да таго часу, пакуль аўтамашына не праходзіла міма. У такой паставе ён чамусьці нагадваў Міхасю адкрыты чыгуначны семафор. Цяпер, калі хлопец глядзеў, як перад аўтамашынамі з абодвух бакоў гравійкі вартавыя неўпапад па чарзе выкідвалі ўперад прыўзнятыя рукі, кожны з іх здаваўся яму семафорам, які бывала гэтак адкрываўся перад прыбыццём цягніка на станцыі, дзе яны неаднойчы гулялі з Анютаю.
Міхась не разумеў, чаму ранейшыя аўтаматчыкі не віталі аўтамашыны, як вітаюць гэтыя вартавыя. Ці таму, што тыя стаялі далей за кюветам, ці, можа, таму, што гэтыя пнуцца болей выслужыцца.
Хлопцаву ўвагу адцягнуў сярэдняга росту вартавы, што лёгкай паходкаю бяспечна ішоў па абочыне паміж палонных, адціскаючы ўніз кісцю i локцем сагнутай правай рукі вінтоўку, якая на рамяні звісала з ягонага пляча. Спачатку Сіліч падумаў, што гэта нейкі старшы па званню чын, уважліва агледзеў яго ўсяго, але, апрача чорнага жалезнага крыжа на грудзях і двух падсумкаў з патронамі на рэмені спераду, каля аднаго з якіх вісеў цясак, ды шыракаватай неглыбокай торбачкі ахоўнага колеру, біклажкі ў мяккім футарале і туга згорнутай сувоем плямістай плашч-палаткі, якія матляліся ззаду, не заўважыў ніякіх знакаў адрознення. Калі вартавы адышоў на ладную адлегласць, Хяндога, што з другога боку конуса накідаў на насілкі Ярмоліку і Казнадзею патрушчаныя руіны, дзелавіта зазначыў:
— Гэтага пад сябе падмяць, як плюнуць. Але з ягонай адной вінтоўкаю яны не дадудь падняцца з кювета. Калі б аўтаматам паласнуў па іх, дык усіх з гэтага боку гравійкі прыціснуў бы да зямлі.
«Як імгненна ў яго спрацоўвае рэакцыя! Рашучы i разам з тым разважлівы. З такім не трапіш упрасак», — пазайздросціў хлопец Хяндогавым таварышам. — Услед за ім смела можна рынуцца ў агонь і ў ваду».
Адны палонныя накідалі на насілкі патрушчаныя руіны, другія адносілі і засыпалі імі выбоіны, трэція збольшага разраўноўвалі погарбы. Па меры таго, як людзі паволі пасоўваліся наперад, адначасова рухаўся і жывы ланцуг ахоўнікаў. А ўслед марудна валюхаўся непаваротлівы дарожны каток, падмінаючы цяжарам насыпаныя грудкі і гладка адпрасоўваючы лапленую і пералапленую стужку гравійкі. Летняе сонца як ні высушвала выціснутую на паверхню латак вільготнасць, яны не выцвіталі і не лінялі пад пякучымі промнямі, а ўсё роўна выглядалі закарэлымі крывянымі плямамі.
Калі ахоўнікі абвясцілі абедзенны перапынак і загадалі палонным хавацца ў кюветы, Міхась у агульнай мітусні не паспеў агледзецца, як вартавы з жалезным крыжам на грудзях, што якраз праходзіў міма, узяў і некуды павёў з сабой Леаніда.
«Куды ён павалок яго? —не разумеў хлопец. — Можа, прыкмеціў, што мы абодва ледзьве сноўдалі з насілкамі?» — і прысеў побач з Багданам Платонавічам, што ўжо ляжаў на схіле.
Яны застылі ў нерухомасці, нібы паралізаваныя, чуйна прыслухоўваючыся да кожнага гуку за кюветам. Толькі як некаторыя палонныя пачалі вышчыкваць па схілах шчаўе i латашыць лебяду, Багдан Платонавіч шэптам азваўся:
— Няйначай, як выдаў нейкі зайздроснік. Калі ператрусяць за спінаю рэчмяшок і знойдуць рэшткі круп, бяды не абярэцца.
— Усіх пачнуць абшукваць, — нарэшце дайшло і да Міхася тое, пра што ён сам не падумаў, і празарэнне асвятліла здагадку:—Можа, таму і загадалі забраць з лагера ўсе рэчы? Каб не захапілі знянацку, трэба папярэдзіць Хяндогу, — згорбіўшыся, хлопец прашмыгнуў наўскасяк праз кювет, на супрацьлеглым схіле якога ляжаў той са сваімі таварышамі, і, прызямляючыся каля іх, трывожна паведаміў: — Канваір з жалезным крыжам некуды павёў хлопца, што ўчора падаваў нам з грузавіка мяхі і скрынкі.
Ад ягоных слоў Казнадзей і Ярмолік прыўзняліся і селі, а Хяндога, па-ранейшаму лежачы, усё роўна як нічога асаблівага не адбылося, спакойна адказаў:
— Немец прымусіць яго рабіць што-небудзь.
— У абедзенны перапынак? — здзіўлена асекся Міхась.
— Гэта для іх абедзенны перапынак. А нашаму брату яны заўсёды знойдуць працу, каб лішні раз папаздзекавацца. Калі б ім не трэба было абедаць, дык яны нас не заганялі б у кюветы. Я не думаю, што ўчарашняя разгрузка машыны мае нейкае дачыненне да ўсяго гэтага. Калі б немцы што-небудзь западозрылі, яны адразу пачалі б усіх абшукваць. А цяпер усе іхнія крупы пераварыліся ўжо ў нашых жыватах. Бо колькі ж іх можна было набраць у кішэні ды ў запазуху?