Спачатку яна пругкімі струменямі выбівала пыл з іхніх гімнасцёрак. Пасля ачышчальнай залеваю змывала бруд і пот з іх саміх, а канваірам ужо не давала раскрыць ратоў. Здавалася, што ўсё навокала патанула ў суцэльным несусветным патопе, з дна якога не могуць усплыць небаракі са скаткамі шынялёў, нібы з выратавальнымі кругамі цераз плячо ды з насілкамі і саўковымі лапатамі над галовамі. Дзесьці высока над воднай тоўшчаю час ад часу глуха бабахаў пярун, і ў прамежках паміж яго раскатам! прыглушана пазвоньвалі аб жалезнякі пругкія цуркі праліўнога дажджу, а з насілак цяклі і цяклі каламутныя вадаспады.
Навальнічная хмара доўга збіралася і запаволена наплывала, а пралілася імкліва і бурна. Залева на абочынах асадзіла і паразмывала конусы патрушчаных руінаў, а за кюветамі выпаласкала прыдарожную траву. Марудна прапаўзаючы, хмара да бляску вышаравала блакітны небасхіл і да чырвані надраіла медны дыск сонца. Густа настоенае на палыне і разнатраўі, паветра пахла азонам і дажджавой вадою.
Як ні галёкаў на палонных дарожны майстра i як ні завіхаўся каля іх, блытаючыся ў полах доўгага шыняля, Ванька-перакладчык, а з працаю ў небаракаў не ладзілася. Ад разгарачаных целаў ажно дыміліся параю гімнасцёркі, а ў патрушчаных руінах гліна ў тынку прамокла і набрыняла, ператварылася ў нявымешанае цеста, якое прыліпала да лапат і насілак.
Лягчэй спаўзалі з іх толькі тыя камякі, у якіх трапляла болей бітай цэглы: яны не былі такія ліпучыя.
Доўгі шынель трохі скрадваў Ванькаву нізкаросласць. У ім перакладчык выглядаў болей статным і салідным, калі б не прысмаленыя ці ў нешта выпацканыя знізу полы, якія не адмыў нават праліўны дождж.
— А ў гэтым шынялі ён сапраўды сышоў бы за малодшага лейтэнанта, —не то ўсур’ёз, не то жартам прамовіў Багдан Платонавіч, марна спрабуючы скінуць з лапаты на насілкі ліпучае глінянае цеста.
— Таксама знайшоў мне малодшага лейтэнанта!—з іроніяй у голасе адказаў яму Ярмолік, які стаяў з другога боку размоклай кучы, абапёршыся на дзяржальна лапаты. — Хіба не бачыш, што гэты задрыпаны вашаног поламі шыняля чыгуны з бульбаю адцэджваў свінням?
Міхася з Леанідам рассмяшыла сказанае. Якія могуць быць у арміі, а тым болей на фронце чыгуны з бульбаю і свінні? Але яны прамаўчалі, бо за сказаным угадваўся выхадзец з вёскі.
Напэўна, дарожны майстра нарэшце пераканаўся, што непадатлівым ліпучым цестам выбоіны як след не залеліш. А мо таму, што да ніткі вымаклі ахоўнікі, ці, можа, таму, што рабочы дзень набліжаўся к канцу, але палонным загадалі строіцца. Прычым прымусілі іх строіцца з насілкамі і лапатамі, якія звычайна яны пагружалі на самазвал, што высыпаў на абочыны пясок і патрушчаныя руіны.
— Хто з лапатамі, станавіцеся ў сярэдзіну калоны, а хто з насілкамі — па баках! — камандаваў Ванька, перакладаючы загад дарожнага майстра.
Спачатку тыя, хто быў з насілкамі, не разумелі, як станавіцца з імі ў калону, і, збянтэжаныя, заміналі пастраенню. Перакладчык таксама не меў ніякага ўяўлення аб гэтым, таму не мог нічога толкам растлумачыць. Толькі калі майстра паказаў, як несці насілкі ў страі, небаракі нарэшце разабраліся, калона выстраілася і рушыла па гравійцы далей ад лагера.
— Куды яны вядуць нас? — трывожна прашаптаў Міхасю Багдан Платонавіч, які ішоў з ім побач, —У мокрых калошынах пры хадзьбе з локшыны таксама зробіцца цеста. Сёння трэба зварыць усю мяшанку, каб не сапсавалася.
Працэсія ўяўляла незвычайнае відовішча. З бакоў кожныя двое неслі за ручкі звешаныя ўніз адным краем насілкі. Здавалася, што калона абгароджана нізкім плотам з дошак. Палонныя за агароджаю трымалі на плячах лапаты, нібы вінтоўкі.