Выбрать главу

Па меры набліжэння да сялян Сілічу здавалася, што жвір і жарства ўсё болей напальваюцца пад ім, а ягоныя калодкі ўсё мацней муляюць ногі і замінаюць хадзьбе, нібы путы-ланцугі. Сяляне заўважылі іх і насцярожана паглядвалі, з трывогаю чакаючы, пакуль яны падыдуць.

— Матка, давай хлеб, картошка, капуста, — бязладна лапатаў канваір, спыніўшыся перад жанчынай, што лапатаю ссоўвала з калёс пясок.

Тая спярша з апаскаю глянула на ягоную вінтоўку, але калі ўбачыла, што ён усміхаецца, абедзвюма рукамі насунула да вачэй белую хустку, якая з’ехала на цемя, і, разгублена разводзячы іх убакі, пашкадавала:

— Мы толькі што папалуднавалі.

— Міхель, што яна кажа?—пацікавіўся немец.

Убачыўшы, што вартавы трымае вінтоўку напагатове, хлопец уздыхнуў і сарамліва адказаў:

— Яны паабедалі.

Кабета спачувальна глядзела на Міхася.

Тым часам да іх падыходзілі іншыя жанкі і падлеткі.

— Сынок! А божа ж мой! —раптам усклікнула адна з жанчын i стрымгалоў кінулася туды, адкуль з’явілася. Неўзабаве яна вярнулася з акрайцам у руцэ i, працягваючы яго хлопцу, па-ранейшаму лямантавала: — Сынок, хіба ты не пазнаеш мяне? Гэта ж я паіла цябе казіным малаком. Потым прынесла табе адзежу i хлеб. Ды ўжо не застала. Дзе яны, акаянныя, схапілі цябе?

Па радзімцы на лбе Міхась пазнаў тую кабету, якая прыходзіла даіць казу, і стаяў, разгублены, не ведаючы, што рабіць.

— Гут, матка! — адобрыў вартавы яе ўчынак і падказаў хлопцу: — Міхель, бяры хлеб.

Міхась дрыжачай рукою ўзяў акраец, але адчуў, што яго шчокі і вушы палаюць агнём. З натоўпу выйшла яшчэ адна пажылая жанчына i падала яму тоўстую лусту хлеба. Разгублены, у адной руцэ ён трымаў яе, а ў другой—акраец.

— Там шмат палонных, — па-нямецку гаварыў вартавы, тыцкаючы рукою ў той бок, дзе працаваў лагер. — Я накладваю кантрыбуцыю, — i, усміхаючыся, па-руску растлумачыў: — Давай хлеб, картошка, капуста.

Міхась то ўтаропліваў позірк у дол, то адводзіў вочы ўбок, не ведаючы, куды іх падзець. Яму не хацелася глядзець на людзей, бо было сорамна перад імі i за сябе, i за гэтае мудрагелістае слова, якое вымавіў канваір i якое ўжываецца і ў рускай мове. «Добра, што яны наўрад ці разумеюць яго значэнне. Ды, зрэшты, ім цяпер усё роўна — кантрыбуцыя ці натуральны аброк або чынш».

— Міхель, перакладзі ім, што я сказаў, — раптам папрасіў вартавы.

У хлопца не паварочваўся язык, каб перакласці сказанае немцам. Міхась залыпаў асалавелымі вачамі, нібы вол, якога агрэлі доўбняю паміж вушэй, і, адчуваючы, што яго кінула ў пот і сонца нясцерпна паліць стрыжаную галаву, ледзьве запытаўся:

— Зразумелі, што ён сказаў?

Неўпапад пачулася ажыўленае:

— Ага!

— А як жа!

— Вядома!

— Нейкі добры немец! — здзівіўся хтосьці.

— Не можа быць, каб немец! — умяшаўся другі голас.

— Але ж з вінтоўкаю, а чалавек спагадлівы! — апраўдваўся першы голас.

I ўслед, як пагрозлівыя раскаты перуна, заракатала:

— Вас зольс?! Аллее арбайтан! Шнэль!

Зіркаючы заплыўшымі масляністымі вочкамі, на жанок і на падлеткаў няўклюдна замахваўся кіем дарожны майстра, на грудзях якога каромыслам боўталася вінтоўка. Раптам ён заўважыў Міхася з акрайцам і лустаю ў руках і злосна закрычаў па-нямецку:

— А ты таксама ідзі працаваць!—а потым, калі яны ўтрох накіраваліся назад да палонных, незадаволена запытаўся ў вартавога: — Навошта ты прывёў яго папрашайнічаць! Яны толькі і глядзяць, каб адлыньваць ад працы!

— Ты бачыў, як яны, галодныя, скубуць траву ў кюветах?—-запытаўся раззлаваны канваір. — А яны ж не цяглавая жывёла. Карміць іх трэба.

— Яны жаруць не ў сябе! Іх не накорміш! — агрызнуўся майстра.

Абодва немцы змоўклі і ішлі надзьмутыя, нібы індыкі: вартавы—услед за Міхасём, а майстра—па другой абочыне. Цяпер канваір не гаварыў i з палонным, можа, не хацеў выдаваць, што хлопец разумев нямецкую мову, а можа, яму цяпер было не да гаворкі.