Выбрать главу

Сіліча таксама задавальняла тое, што абодва немцы ўжо не адцягваюць ягоную ўвагу, якая i без ix не магла сканцэнтравацца на адным, а раздвойвалася i растройвалася. Хлопец ніяк не мог супакоіцца, усё ўсярэдзіне ў ім бурліла і клекатала. Ягоная крыўда на Хяндогу сама па сабе пагасла. Але затое цяпер ён злаваў на вартавога. Відаць, пасля імперыялістычнай вайны немцам уелася ў косці слова кантрыбуцыя. Бо навошта ж яму спатрэбілася яно? Мог жа ён неяк па-чалавечы сказаць сялянам, каб яны памаглі землякам. Потым ні з таго ні з сяго ў думках пачаў дакараць сябе, што не здолеў па-свойму перакласці жанчыне тое, што сказаў немец. А як падумаў пра цётку, што паіла яго казіным малаком, думкі пераблыталіся і ў галаве праяснілася. Тады ж ён прасіў, каб яна прынесла цывільную вопратку. I не саромеўся прасіць. Дык ён жа быў не палонны. Уцякаў ад немцаў, каб выручыць з бяды сваіх. Але не абараніў іх, а сам апынуўся ў няволі. I цяпер канючыць хлеб у гэтакіх жа гаротнікаў. «Папрашайнічае», як сказаў майстра канваіру. Сіліч глянуў на акраец з лустаю—i яму стала сорамна. Хлопец хацеў есці, але яму здавалася, што цяпер ён можа ўдавіцца гэтым хлебам. Каб акраец з лустаю не спакушалі i не наводзілі яго на прыкрыя думкі, ён схаваў ix у кішэні портак пры набліжэнні да палонных. «Няхай і ў іхніх вачах яны не выклікаюць ні спакусы, ні зайздрасці!»

Толькі як вярнуўся да сваіх, нічога не кажучы, працягнуў Хяндогу акраец з лустаю і ўзяў у яго ручкі насілак. Хяндога разламаў акраец на чатыры кавалачкі, раздаў іх Казнадзею, Ярмоліку, Багдану Платонавічу і Леаніду i, не спяшаючыся, азваўся:

— Ну, што там было?

Міхась узяў з ягонай рукі палавіну лусты, якую Хяндога раздзяліў з ім пароўну, трохі памаўчаў і неахвотна выціснуў з сябе:

— Немец сказаў, што накладвае на сялян кантрыбуцыю — хлебам, бульбаю i капустаю.

— Ты ж, нябось, сказанае растлумачыў па-свойму?

— У мяне язык не павярнуўся перакладаць тое, што ён сказаў,— прызнаўся хлопец, — і, апраўдваючыся, дадаў: — Яны зразумелі ўсё без майго тлумачэння.

11

У нядзелю пасля сняданку камендант і змрочны даўганосы вартавы прывялі да лагера дзвюх жанчын. Некаторыя палонныя адразу ж пазналі ў іх жонак Гладыша і Задзіры. Камендант адамкнуў брамку і выпусціў мужоў да жонак. Пакуль тыя ўзаемна абдымаліся, шэф замкнуў брамку i накіраваўся да барака. Услед за ім рушылі жанкі з мужчынамі, якіх пад аховаю павёў канваір.

— Шчасліўцы!—з зайздрасцю ўздыхнуў Вырвін, праводзячы іх самотным позіркам.

— Не дай бог, каб мая жонка ўбачыла мяне за калючым дротам у немцаў!—запярэчыў яму Хяндога. — Не жадаў бы нікому гэтакага шчасця!

— Дык жа іх выпусцілі з-за агароджы на спатканне,—наіўна апраўдваўся Вырвін.

— А ты ўпэўнены, што ў бараку ў немцаў няма губы або карцэра? — на выручку Хяндогу кінуўся Ярмолік.

Вырвін нічога не адказаў.

Хяндогавы словы лішні раз пераканалі Сіліча ў правільнасці ягонага першапачатковага рашэння адносна таго, каб нічога не паведамляць дадому пра свой лёс. Праўда, раней бывалі хвіліны, калі хлопец вагаўся і яму нават хацелася змяніць думку. Затое цяпер ё,н быў задаволены, што не дапусціў прамашкі і ўстрым.аўся ад зманлівай спакусы. «Чалавек з вопытам разбіраецца ў жыцці. Тым болей, што ў яго аўтарытэт непагрэшны».

— Нешта ж у іхніх жонак і рукі нічым не занятыя, і за плячамі Hiякай кладзі,—здзівіўся Багдан Платонавіч.

— Я адразу гэта прыкмеціў,'—іпадтакнуў Вырвін. — Аніякіх сідараў. Не тое, што мінулы раз,—і ён смачна прыцмокнуў губамі.

— Можа, пакінулі клункі перад баракам, —выказаў здагадку Леанід. — Навошта насіць сюды-туды лішяі цяжар.

Сіліч таксама заўважыў, што жанчыны прыйшлі з парожнімі рукамі. Праўда, ён звярнуў увагу і на тое, што Задзірава жонка сягоння не захапіла з сабою сына. А гэтага не прыкмецілі іншыя. «Галодныя толькі і думаюць пра яду,—мільгнула прыкрая здагадка.—Нябось, што кабета не прывяла сына—ніхто не прыкмеціў, а што ў жанок нічагусенькі ў руках i за плячамі — усім адразу ж кінулася ў вочы».

Сёе-тое высветлілася ў абед, калі Задзіру з Гладышам прывялі з барака ў лагер. Яны вярнуліся таксама амаль што ўлегцы: у руках з невялічкімі скруткамі ды з напакаванымі кішэнямі портак.

Пры пастраенні на абед Задзіра зноў ажно вылузваўся са скуры, увішна працуючы кіем. Палонныя шарахаліся ад яго ў бакі, не разумеючы, чаму наглядчык не ў настроі: яму не было перад кім паказваць свой спрыт, бо на гэты раз абедзве жонкі не прыйшлі да лагернай агароджы, а проста з барака рушылі ў далёкую дарогу.

«Мабыць, незадаволены жончынай перадачаю, таму i спаганяе сваю злосць на нас», —здагадваліся некаторыя. Але пасля таго, як прыкмецілі памяркоўнасць улагоджанага Гладыша, які раздзяліў сваю пайку i кандзёр паміж суседзямі, усумніліся ў гэтай здагадцы.