— Немцы пакідаюць вас у бараку адных, без прыгляду? — ні з таго ні з сяго пацікавіўся Вырвін, апаражняючы свой кацялок.
— Як гэта без прыгляду?—здзівіўся Гладыш. — Там прыстасаваны пакой, з кратамі на акне і з расчыненымі дзвярамі, каля якіх з вінтоўкаю стаіць немец —днявальны ці дзяжурны,— па гаворцы адчувалася, што чалавек не можа здыхацца ад пераядання.
— Даюць спатканне, як у астрозе, — з’едліва падтакнуў Міхась.— Трэба стаяць ці можна сесці?
— У пакоі голыя сцены. Няма ні лавак, ні крэслаў.
— I Задзіра вымушаны стаяць?—здзівіўся Вырвін.
— Ну а на што ён сядзе? На падлогу? — пытаннем адказаў на запытанне Гладыш. —Мы з ім там раўнапраўныя, —i ён задаволена засмяяўся.
— Таму ён на пастраенні і даказвае кіем, што ў яго правы большыя, — раптам азваўся Хяндога, які да гэтага маўчаў.
— Значыць, крыўда заядае чалавека, калі ён лютуе зверам.—загадкава прамовіў Гладьші, хітравата ўсміхаючыся.
— Ён толькі з выгляду чалавек, —раззлаваўся Хяндога. — А на самай справе—жывёліна, што перарадзілася ў звяругу.
— Хіба вашым жонкам у адну дарогу, што яны сюды і адсюль дабіраюцца разам? — запытаўся Міхась, усё-такі намерваючыся пераправерыць свае меркаванні адносна адлегласці да родных мясцін.
— Да Сольцаў — у адну, — адказаў Гладыш. — А далей мая дабіраецца сама. Па дамоўленасці яны сустракаюцца ў Сольцах.
— I колькі гэта кіламетраў?
— Адсюль да Сольцаў каля сарака i ад Сольцаў да Дна таксама сорак.
— Няблізкі свет, — уздыхнуў Багдан Платонавіч. — Як у гэтакі час людзям дабірацца даводзіцца?
— Неяк жа ўмудраюцца, — абыякава адказаў Гладыш. — Ды яшчэ з паклажаю за плячамі.
— Нешта ж не відно той паклажы, — з’іранізаваў Вырвін.
— Камендант не дазволіў узяць усю ў лагер, — растлумачыў Гладыш. — Прымусіў пакінуць у капцёрцы. Кажа, што пасля працы будуць выдаваць патрохі.
— Баіцца, каб не ўцёк з запасам харчу,—зноў азваўся Хяндога.— З прадуктамі не трэба на людзі паказвацца. Можна прабірацца лясамі.
— Дык яны ж заплеснеюць, — не ўтрымаўся Вырвін. — Папсуюцца ў летнюю спёку.
— Там адны сухары. З імі нічога не зробіцца, —спакойна адказаў Гладыш.
Гаворка спынілася. Але Міхасю рупіла сваё, таму ён прадоўжыў яе.
— А колькі ад вас да Невеля? — нечакана запытаўся хлопец.
— Хіба ты з Невеля? — насцярожыўся Гладыш.
— Не. Я з-пад Полацка.
— Адтуль жонка сюды не дабярэцца, — пажартаваў Ярмолік. — Далекавата.
Некаторыя засмяяліся. А калі смех сціхнуў, Гладыш удакладніў:
— Ад Невеля да Дна па чыгунцы дзвесце кіламетраў.
Сіліч ведаў, што ад Полацка да Невеля меней сотні кіламетраў. Родам адтуль быў хлопец, з якім ён калісьці вучыўся ў педтэхнікуме.
«Значыць, я не памыляюся, — прыкінуў ён у галаве, —да маёй вёскі адгэтуль кіламетраў трыста семдзесят. Калі б маці даведалася, што я тут, дык дабралася б сюды».
Пасля абеду палонныя адлежваліся на нарах, размораныя адпачынкам і цёплым кандзёрам. Адных адолеў сон, другія разамлелі ад ліпучай дрымоты.
А пад вечар па доўгім вузкім пакоі вужакаю папаўзла назойлівая чутка. Гладыш пачуў яе ад сваёй жонкі, якой, у сваю чаргу, яшчэ ў дарозе па сакрэту прагаварылася жонка Задзіры. Аказваецца, наглядчыкаў сын, які мінулы раз пераканаўся, кім стаў у лагеры Задзіра, адрокся ад бацькі i не хоча бачыць яго. Таму ён i не прыйшоў цяпер з маткаю. Гэтая вестка не давала спакою Гладышу. Ён не змог яе доўга пратрымаць пры сабе i таксама па сакрэту перадаў некаму з таварышаў. Слова скажаш, а яно паляціць, як верабей, i яго ўжо не зловіш. Погаласка між палонных папаўзла бяскрыўднай вужакаю, паціху сыкала і шыпела, выклікаючы ў іх злараднасць. Слізкая і халодная, яна і ўдзень, і ўначы будзе туга абвіваць Задзіру, то кідаць яго ў гарачы пот, то ледзяніць ягоную кроў.
— Недарэкаў у народзе завуць недапечанымі. А Задзіра ў Сольцах атрымаўся перасолены, калі ад яго людзям солана да гаркоты, — паціху скаламбурыў Леанід. — Ён яшчэ шмат каму можа насаліць.
— Калі толькі яго не вымачаць у дзярме, — прашаптаў Багдан Платонавіч.
12
Канваір, які абвясціў жанчынам, каб яны прынеслі палонным хлеб, узбударажыў усіх сялян, што працавалі на гравійцы.
— Хаця б у гэтым не было якога-небудзь падману,—насцярожыліся мужчыны, якія чулі, што немцы не дазваляюць нічога перадаваць палонным.