Назаўтра позняй раніцай жанчыны не спяшаючыся запраглі каня, паставілі на воз кашы, селі спінамі да іх: гаспадыня ў перадку калёс, а цётка ззаду—і выехалі з двара. Яны бачылі, што вартавыя на гравійцы палуднуюць апоўдні, таму і разлічвалі прыехаць на месца ў такую пару, каб заспець палонных у абедзенны перапынак. Спадзяваліся на тое, што калі палонныя не за працаю, а канваіры заняты полуднікам, дык, можа, чужынцы будуць трохі лагоднейшыя, не стануць без прычыны лютаваць i дазволяць уручыць гаротнікам перадачу. Праўда, выязджаючы з двара, абедзве трохі хваляваліся, баючыся, каб на вуліцы да ix не прычапіліся немцы. Але калі праехалі вёску і паехалі прасёлачнай дарогаю, спачатку праз радкаватыя пералескі, а потым па раздольнай палявой роўнядзі, трывога паступова развеялася.
Чалавек сам таго не заўважае, як навакольная цішыня i родная прырода здымаюць у яго напружанне i нервовую ўзбуджанасць. Кажуць, што час—найлепшы лекар. Але, перш чым ён загоіць фізічныя раны, душэўныя прырода залечвае хутчэй.
Едучы, жанчыны то перабіралі вясковыя навіны, то расказвалі адна адной пра свае гаспадарчыя клопаты, а болей моўчкі глядзелі на бяскрайнюю ро.ўнядзь, разнастайныя кодеры якой бачыліся кожнай з ix па-свойму. Зыркае ліпеньскае сонца асляпляла цётчыны вочы. Яна прыплюшчвала вейкі, ад чаго ўсе адценні роўнядзі зліваліся ў адзін—зеленавата-жаўтлявы. Іскрыстыя промні з-за спіны маладзічкі, нібы пражэктарам, асвятлялі далягляд наперадзе і па баках. Ёй было выразна відаць, як там палавеюць палосы льну, зелянеюць проставугольнікі бульбы, жаўцеюць квадраты збожжа. На ix фоне, азораныя сонцам, вогаенна рыжэлі клубы i крыж каня, ад чаго ўвесь ён цяпер здаваўся ёй не гнядым, а чырвоным.
— Жніво не за гарамі, а рабочых рук—няхватка, — пашкадавала маладзічка.
— Дый праклятая немчура яшчэ на трудгуж выганяе, — падтакнула цётка.
Праязджаючы міма незнаёмых сялян, якія працавалі на гравійцы, жанчыны сказалі ім пра канваіраву абвестку і растлумачылі, што вязуць палонным перадачу ад сваёй вёскі. Тыя няўпэўнена паглядалі на іх, сумняваючыся, што нямецкі канваір ні з таго ні з сяго мог раздобрыцца. Іхнія сумненні перадаліся жанчынам, выклікаючы ў ix насцярожанасць. Яшчэ здалёк жанкі ўбачылі, што палонныя заняты працаю, таму спынілі каня, не ведаючы, што рабіць.
Працуючы на гравійцы, яны бачылі, як па ёй хоць і вельмі рэдка, але ўсё-такі -праязджалі сяляне на фурманках i нават часамі праходзілі пешыя падарожнікі. Немагчыма ж тутэйшаму чалавеку, якому па нейкай пільнай патрэбе неабходна праехаць у гэтых мясцінах, абмінуць па бездарожжы той участак, дзе пад аховаю вартавых корпаюцца палонныя. Але менавіта якім чынам такія фурманы і падарожнікі праязджаюць і праходзяць міма палонных i як паводзяць сябе ў гэты час канваіры, жанчыны не ведалі.
— Я вазьму акраец i як ні ў чым не бывала пайду абочынай, — прапанавала цётка. — Угледжу знаёмага хлопца, на хаду аддам хлеб i шапну, што мы прывезлі ўсім перадачу.
— А як немцы не падпусцяць да яго? Ды яшчэ прыстрэляць каго-небудзь з вас?—запярэчыла маладзічка. — Хлопец жа не гаспадар там. Можа, лепей дачакацца абеду i пад’ехаць да палонных?
— З перадачай ехаць туды небяспечна. Людзі — галодныя. Падымецца паніка, дык немцы пазабіваюць многіх. Разведаць бы неяк, што там робіцца.
— Тады я пайду. Скажу таму канваіру з крыжам, што мы прывезлі хлеб. Ён жа гаварыў нам «хлеб, картошка, капуста». Значыць, разумев па-нашаму. А ты з канем пачакай, пакуль я вярнуся, — уладна загадала маладзічка, насунула на лоб хустку, злезла з калёс i па абочыне пайшла да палонных.
Цётка таксама злезла з фурманкі. Разгубленым позіркам яна правяла напарніцу, пакуль тая не патанула ў людской гурме, што корпалася ўдалечыні, і загарадзіла дарогу каню, баючыся, каб ён не сышоў у кювет па траву i не выкуліў з калёс кашы. Але конь паслухмяна стаяў нібы ўкопаны, як быццам ведаў цану паклажы, якую яму даручыла везці гаспадыня. Цётка нецярпліва паглядала ў той бок, дзе корпаліся палонныя, прыслухоўваючьюя да кожнага шолаху ў насцярожанай цішыні. Яе чуйны слых улоўліваў раўнамернае дыханне каня. На нейкі момант ёй нават здалося, што па небе з шыпеннем рухаецца сонца. Яна глянула ўгару, але яно нерухома вісела над гравійкаю, яркімі промнямі асляпляючы яе вочы i прыпякаючы ў твар.