Вытрашчанымі вача.мі, поўнымі самоты і страху, абедзве кабеты глянулі на прывезеную перадачу, маладзічка таропка тузанула лейцамі каня— і колы з шоргатам пакаціліся па абочыне.
Ці то ад таго, што з буханак знялі ручнікі, ці то ад таго, што кожную з ix крыж-накрыж надрэзалі, хлебны водар усё больш узмацняўся.
Сілічу здавалася, што ён адчувае, як на гарачым подзе небасхілу пячэцца залацісты бохан сонца, а ўдалечыні настойваюцца на хлебным духу палеткі налітых зярнят. Ад хлебнага паху ў яго кружылася галава. Сасмяглымі губамі і сухім языком ён нават ужо адчуваў смак свежага хлеба.
Калі вартавыя ўзялі надразаць два чарговыя боханы, пад імі агалілася некалькі булачак з пшанічнай мукі простага памолу. Напэўна, нейкая спагадлівая цётка спецыяльна спякла іх, каб паласаваліся галодныя людзі. Задзіра не разгубіўся і мігам ухапіў адну булачку. Але канваір з крыжам на грудзях, якога i без таго ўжо, відаць, вывелі з цярпення сваёй падазронаецю і прыдзіркамі дарожны майстра і абодва вартавыя, гэтак раўнуў на наглядчыка, паводзячы ствалом вінтоўкі, што той абмяк і выпусціў з рукі булачку.
«Асадзіў, як неаб’езджанага рысака! —зларадна ўхмыльнуўся Міхась. — Прышчаміў хвост сярдзітаму сабаку! Аказваецца, гэты памяркоўны немец, калі разыдзецца, таксама можа пульнуць з вінтоўкі!»
Нарэшце вартавыя скончылі надразаць буханкі, задаволілі сваю цікаўнасць і пайшлі на свае месцы ў ланцугу ачаплення. Дарожны майстра, мусіць, не хацеў браць на сябе адказнасць за ўдзел у раздачы хлеба палонным, бо нерашуча пакінуў канваіра з крыжам. Услед за ім вымушаны былі пайсці перакладчык і Задзіра.
— Хай не перашкаджаюць! — з іроніяй вымавіў па-нямецку канваір i няўпэўнена запытаўся: — Міхель і Лео, вы раздзеліце гэты хлеб на ўсіх палонных?
Абодва хлопцы збянтэжыліся. Яны ведалі, што ў лагеры сто палонных: пры пастраенні ў калоне стаяла дваццаць пяць радоў па чатыры чалавекі. Падзяліць на такую колькасць людзей буханкі хоць і доўга, але не цяжка. А вось як выдаць пайкі палонным, якія могуць накінуцца на хлеб i падамнуць пад сябе? Пры паніцы вартавыя ўзнімуць страляніну. Могуць быць ахвяры.
Азадачаны, Леанід паціснуў плячамі і разгублена прамармытаў:
— Трэба ж нож.
Канваір, па-ранейшаму трымаючы напагатове вінтоўку і паглядаючы, каб ніхто з палонных, што знаходзіліся воддаль у кювеце, не кінуўся да хлеба, праваю рукою шпурнуў хлопцам свой цясак. Леанід схапіў яго з зямлі, нібы выратавальны круг, кінуты тапельцу. Усхваляваны, Міхась разумеў, што^ў такім становішчы іх можа выручыць толькі Хяндога. Той заўсёды знойдзе выйсце. Тым болей, што ён ужо надумаў штосьці, падзяліўшы палонных на дзесяткі, хаця і невядома, чаму менавіта паводле суседства па нарах. Міхась набраўся смеласці і па-нямецку папраеіў вартавога:
— Нам бы ў дапамогу яшчэ аднаго чалавека.
— Пазавіце! — дазволіў немец.
— Хяндога!— паклікаў узрадаваны Міхась.
Канваір таксама падаў рукою знак, што дазваляе аклікнутаму падысці сюды, але здзіўлена запытаўся:
— Хэндэ хох?!
— Хяндога, — па складах растлумачыў Міхась. — Такое прозвішча ў яго. — I толькі цяпер успомніў, што на Беларусі ў некаторых мясцінах словам «хандога» завуць таго, хто любіць чысціню і ахайнасць.
Бліжэйшыя вартавыя з абодвух ланцугоў ачаплення насцярожанымі позіркамі праводзілі Хяндогу, які нерашуча ішоў па дне кювета. Сённяшняе наведванне сялянак, што прывезлі палонным перадачу, парушыла спакойны абед вартавых, якія цяпер вымушаны паглядваць туды, дзе няведама што збіраецца вытвараць канваір з жалезным крыжам на грудзях.
Пры з’яўленні Хяндогі Міхась з Леанідам трохі супакоіліся. Разам яны перабралі і параскладалі на траве буханкі, якіх налічылі васемнаццаць: шэсць круглых і дванаццаць фармавых.
— На вока розніцу ў іх вазе не вызначыш, — па-дзелавому разважыў Хяндога. — Будзем лічыць, што яны ўсе аднолькавыя. Атрымліваецца адна буханка на шасцярых. Дзесяць фармавых адкладзём, а астатнія разрэжам так, каб дадаць да кожнай адкладзенай яшчэ па дзве трэці буханкі.
Ад дзвюх фармавых і ад кожнай круглай на вока ён акуратна адвавуліў па дзве трэці, дадаў іх да васьмі някранутых, а да дзвюх астатніх адкладзеных дабавіў па чатыры з адрэзаных кавалкаў. Рэшту абрэзкаў склаў разам і з’едліва прамовіў:
— Яшчэ і лагерным прыдуркам засталося!
— Булачкі таксама ім?—здзівіўся Міхась.
— Не варта, — пашкадаваў Леанід.
— Усё роўна іх не падзеліш на ўсіх, — супакоіў Хяндога. — Дый вартавыя могуць уступіцца за сваіх памагатых. Немцы любяць парадак. Хай нашых ведаюць!