— А пра траіх нацмэнаў, што працуюць на грузавіку, не забыліся? — схамянуўся Міхась.
— Не пакрыўдзілі, — апраўдваўся Хяндога. — Толькі іхнія тры пайкі возьмем разам з порцыямі нашай дзесяткі.
Настаў рашаючы момант. Хлопцы чакалі, што будзе рабіць Хяндога. А той аддаў Леаніду цясак, паволі абвёў вачамі падзелены хлеб, як быццам пераправяраючы, ці не памыліліся яны, а потым сказаў:
— Папрасіце канваіра, каб дазволіў дзесятнікам падыходзіць сюды па адным. Яны забяруць хлеб на свае дзесяткі. А вы напаследак возьмеце порцыі нашай дзесяткі i скажаце яму, што абрэзкі мы пакідаем лагерным прыдуркам,— i ён спакойна пайшоў па дне кювета да палонных.
Леанід узабраўся на край абочыны і, працягваючы ка-нваіру цясак, папрасіў немца дазволіць дзесяцярым палонным падысці па адным i забраць падзелены хлеб.
Хяндога, мусіць, папярэдзіў дзесятнікаў, каб тыя былі напагатове, бо, як толькі вартавы падаў рукою знак, што ён дазваляе палонным па чарзе падыходзіць сюды па адным, яны, спяшаючыся, адразу ж пачалі чаўночную аперацыю: адзін падыходзіў, забіраў хлеб і накіроўваўся назад, а адтуль насустрач яму ўжо ішоў наступны.
— Як арганізавана ўсё атрымалася!—здзівіўся канваір, як толькі апошні дзесятнік з хлебам адышоў па дне кювета да палонных.-Прызнацца, я не чакаў такога парадку!
«Калі б не Хяндога, дык яшчэ невядома, чым бы ўсё скончылася, — з палёгкаю ўздыхнуў Міхась, забіраючы хлеб на сваю дзесятку. — Хяндога выручыў нас. Ускладзены на нас абавязак мы самі не давялі б да канца. Буханкі на пайкі раздзялілі б, але не прыдумалі б, як без панікі і штурханіны раздаць іх усім палонным. А Хяндога нават не стаў разразаць усіх буханак, але затое як спрытна ён рашыў складаную задачу. Аказваецца, што значыць кемлівасць, разлік i вытрымка! Кажуць, адна галава добра, а дзве яшчэ лепей. Але калі няма адной разумнай ды разважлівай, дык мала толку i з дзесяці пустых, хоць гарачых».
Адыходзячы, хлопцы сказалі вартавому, што пакідаюць тут пайкі перакладчыка і наглядчыкаў. Іхняе рашэнне, відаць, уразіла канваіра, бо ён спачатку грэбліва зморшчыў твар. Але потым пасля некаторага роздуму ўсё-такі паклікаў перакладчыка Ваньку забраць хлеб, выдзелены для лагерных прыдуркаў. А сам схамянуўся, накінуў на плячо рэмень вінтоўкі, якую прывычна адціснуў уніз кісцю, і локцем сагпутай рукі і ўразвалку, як нічога не было, пайшоў у ланцуг ачаплення. Ці таму, што мінула ладная частка абедзеннага перапынку, ці таму, што вартавы не хацеў перашкаджаць хлопцам дадзельваць хлеб, але канваір не папрасіў ні Міхася, ні Леаніда распальваць яму цяпельца. На гэты раз ён за-піваў астылай каваю непадагрэтыя лусты бутэрброда, i яго задавальняла адно тое, што ў абедзенны перапынак гэтыя галодныя людзі будуць таксама есці хлеб, а не вышчыкваць у кювеце траву. Яму нечага было саромецца таго, што ён адзін змог зрабіць для ix нязначную, малюсенькую паслугу. Хаця, калі б немец заглянуў, што адбываецца зараз на дне кювета, ён папярхнуўся б ад даўкага камяка слёз.
Добра, што гэтага не бачылі таксама астатнія вартавыя, якім за полуднікам відаць былі толькі галовы ды плечы палонных. Калі б ахоўнікі ўбачылі, як на дне кюветаў купкі змардаваных людзей дзеляць буханкі, немцы ўволю пазлараднічалі б з дапатопнага занятку абяздоленых.
У палонных не было ні сцізорыкаў, ні самаробных нажоў, якія пры вобыску адабралі вартавыя. Але затое ў многіх яшчэ па-салдацкаму звычаю за абшлагамі пілотак ці за штрыфелямі шынялёў захоўвалася ўторкнутая іголка з ніткаю. Чалавек здольны праяўляць вынаходлівасць пры любых умовах. А голь на выдумку здатная. I вось цяпер найболей кемлівыя хутка дадумаліся да таго, чым парэзаць буханкі. Палонныя раскройвалі ix самым прымітыўным спосабам —ніткаю. Згаладнелым людзям, што з нецярплівасцю чакалі скібкі хлеба, любая адрэзаная пайка ў чужых руках здавалася таўсцейшаю. Да таго ж усім карцела атрымаць акраец, які можна даўжэй пажаваць i тым самым як бы працягнуць асалоду. А на кожную дзесятку даставалася чатыры, ну сама болей шэсць акрайцаў. Таму васьмёра з кожнай дзесяткі дадаткова вылучылі яшчэ аднаго палоннага, які павінен быў павярнуцца спінаю да раскладзеных паек, у той час як дзесятнік торкаў рукою ў любую з ix і ўголас пьхтаўся: «Каму?» У адказ вылучаная асоба, што стала спінаю да падзеленага хлеба, называла імя палоннага, а калі не ведала ягонага прозвішча, проста тыцкала пальцам на таго, каму належыць браць указаную дзесятнікам пайку. Пасля такой дзяльбы тыя, хто, не разважаючы, праглытваў пайку з мякіша, з зайздрасцю паглядалі на шчасліўцаў, якія, смакуючы, падоўгу жавалі скарынкі акрайцаў.