13
У юнацтве Карл Кольб быў гарачы i азартны. Маладому цяжка цвяроза разабрацца ў жыцці. Тым болей, калі з усіх бакоў цвердзядь, што твая айчына абдзелена доляю. А тут яшчэ пачалі распаўсюджвацца чуткі, нібыта французы хочуць адабраць ад Германіі Эльзас і Латарынгію, якія побач з яго роднымі мясцінамі. Юнак прымаў усё напавер. Ахмялелы шавіністычным чадам у першую сусветную на заходнім фронце, ён, рызыкуючы жыццём, не толькі атрымаў жалезны крыж, але і трапіў у французскі палон. Нясоладка там жылося Кольбу. Тройчы ён спрабаваў уцячы, але кожная спроба ўцёкаў заканчвалася няўдачаю. Хлопца апаноўвала крыўда. Праўда, доўгае знаходжанне ў палоне зрабіла яго не толькі разважлівым, але і абвастрыла ў ім спачуванне да абяздоленых. У мірны час за чвэртку стагоддзя працы на заводзе гэтае пачуццё трохі прытупілася, дый для абуджэння яго да пары да часу не ўзнікала спрыяльных штуршкоў. А цяпер, калі Кольба прызвалі ў ваенізава-н,ую будаўнічую арганізацыю і даручылі канваіраваць варожых палонных, спачуванне да нявольнікаў спакваля пачало ажываць, усё мацней напамінаючы пра сябе. Можа, калі б на дне яго душы не захоўваліся зярняты дабрыні і справядлівасці, яны не далі б дабратворных усходаў.
Гледзячы на змардаваных людзей у драўляных калодках на нагах, з абвостранымі скуламі і запалымі вачамі, ён не мог не прыгадваць свайго паднявольнага жыцця. Прычым не ў сваю карысць параўноўваў сваё тагачаснае становішча з цяперашнім іхнім. Пасля таго, як Міхась зазначыў Кольбу, што французскі палон не раўня фашысцкаму, канваір з кожным днём пераконваўся ў справядлівасці гэтых слоў. ІПто ні кажы, а ў французскім палоне іх не даводзілі да жывёльнага стану і яны не елі траву, як гэтыя галодныя людзі.
У свой час Кольб скептычна сустрэў прыход да ўлады Гітлера. Былы салдат, што зведаў цяжкасці вайны і нягоды палону, сумняваўся ў здольнасцях другога былога ваякі, які на фронце змог даслужыцца ўсяго толькі да яфрэйтара. Таму, раздражнёны Міхасём, Кольб і сказаў тады, што не насіў бы жалезнага крыжа, калі б ім узнагародзіў яго Гітлер.
Патрабаванне гарачых галоў уз’яднацца з судэцкімі немцам! i атрымаць калідор, які праз Польшчу злучыў бы Германію з Усходняй Прусіяй, Кольб успрыняў як належнае i не ўгледзеў у гэтым нічога звышзаконнага. Праўда, аншлюс з Аўстрыяй, якую Германія адну з першых далучыла да сябе ў выніку дзіўнаватага плебісцыту, ён сустрэў трошкі насцярожана. Але калі фашысты занялі Чэхію, Польшчу, Данію, Бельгію, Галандыю, Францыю і захапілі значную тэрыторыю еўрапейскай часткі Савецкага Саюза, Кольб зразумеў, што яго землякі займаюцца нічым не апраўданым сусветным разбоем. У ягоных вачах яго радзіма стала ўваеабленнем вялікай турмы народаў, у якой беззаконна караюць нявінных і ахоўваюць непаслухмяных. Цяпер немцы ўяўляліся яму карнікамі і вартавымі, якім зрабілі і яго самога. Нездарма ж лагеры ваеннапалонных даручаюць заўзятым турэмшчыкам.
Апошнім часам у Кольба ўзнікла падазронасць, што камендант Брэс i яго намеснік Штунц зажульваюць прадукты іхняй каманды. Ад абодвух прафесійных турэмшчьшаў усяго можна чакаць. Калі яны запускаюць рукі ў кішэні сваіх, дык што здольны рабіць з правіянтам для варожых палонных? Праўда, Кольб сумняваўся ў тым, што забеспячэнне харчамі чужых палонных прадугледжана фашысцкімі ўладамі. Міхась і Леанід расказвалі яму, што ў лагеры ім выдаюць на дзень чацвярцінку буханкі хлеба, а прыварак, які яны атрымліваюць, згатаваны не са стандартнага рацыёну, а з падмарожанай бульбы ды з прарослай гародніны.
У душы Кольб спачуваў галодным людзям. Таму, падзадораны Хяндогам, ён і загадаў сялянам, якія працавалі на гравійцы, каб яны сабралі ў вёсцы хлеб для палонных. Кольб, канечне, ведаў, што дарожны майстра i вартавыя скажуць Брэсу пра ягонае самаўпраўства. Але ён не лічыў свой учынак асаблівым правапарушэннем, а бачыў у ім звычайнае праяўленне чалавечнасці.
У сталым узросце рашучасць і разважлівасць сталі галоўнай рысаю ягонага характару. З выгляду раскаваны і пачцівы, Кольб разам з ты.м быў цвёрды і непахісны ў сваіх учынках. Цяжка сказаць, што ў гэтым найболей выявілася: прыроджаная схільнасць, чалавечая годнасць ці капрыз улюбёнца лёсу?
У мірную пару многія людзі і ў першую чаргу моладзь з павагаю глядзяць на суайчыннікаў, узнагароджаных ваеннымі ордэнамі. А дзякуючы нямецкай педантычнасці і пунктуальнасці такое стаўленне было ўзведзена ў культ у Германіі, якая выйшла пераможанай з першай сусветнай вайны.
Усе саслужыўцы іхняй каманды, не выключаючы, вядома, і самога каменданта лагера, адносіліся з зайздрасцю не столькі да Кольба, колькі да ягонага жалезнага крыжа. Ні ў кога з іх не было на грудзях ніякага медаля.