— Гут! — нарэшце сказаў ён Багдану Платонавічу, калі з усіх бакоў агледзеў надраеную вазу, і, звяртаючыся да Міхася, па-нямецку дадаў: — А каб выгравіраваць на ёй надпіс, было б зусім прыма, зэер гут!
Сіліч пераклаў суседу тое, што сказаў немец.
— Няма чым, — паціснуў плячамі Багдан Платонавіч, але пас ля некаторага роздуму, чухаючы патыліцу, памяркоўна згадзіўся: — Няхай напіша, што трэба выгравіраваць, паспрабуемо зрабіць.
Калі Міхась пераклаў суседаў адказ, канваір спярша памкнуўся вярнуць палоннаму вазу, але потым штосьці перадумаў і, хаваючы яе ў торбачку, што вісела на баку азадка, хітравата ўсміхаючыся, растлумачыў:
— Каб не адабралі іншыя.
Ні Міхась, ні Багдан Платонавіч так і не зразумелі, што ён вырашыў зрабіць з вазаю. Нічога не сказаў пра гэта канваір і Леаніду, якога ў абедзенны перапынак клікаў распальваць цяпельца.
Праўда, калі вярнуўся з працы, Сіліч бачыў, як немец заходзіў у майстэрню і заглядваў у гараж. Але ці мала чаго ён можа швэндацца на тэрыторыі падсобнай лагеру гаспадаркі?
Толькі назаўтра, дый то не з самае раніцы, усё стала зразумела. Мусіць, немец не хацеў, каб вартавыя бачылі, што палонны робіць яму сувенір, бо амаль да самага абеду не падыходзіў да Багдана Платонавіча і нават рабіў выгляд, што не заўважае яго, як заўсёды шпацыруючы міма па абочыне. Перад тым як майстра абвясціў абедзенны перапынак, канваір спыніўся каля трох суседзяў, калі тыя сышліся да погарба патрушчаных руінаў. Міхасю ён неўпрыкмет перадаў агрызак алоўка з аркушыкам паперы, складзенай у некалькі столак, а Багдану Платонавічу вярнуў гільзу і даў пакуначак, загорнуты ў газету.
— Гэта задатак, каб сувенір не перакупіў хто-небудзь іншы,—усміхаючыся, удакладніў ён Міхасю і, адыходзячы, даў зразумець, каб той пераклаў ягоныя словы таварышу.
У абедзенны перапынак у кювеце Багдан Платонавіч нецярпліва разгарнуў газетны скрутак. У ім аказаліся бутэрброды з каўбасою і асобна загорнуты ў паперу не то керн, не то прабойнік з пляската адвостранай дзюбкаю. Канваіраў задатак Багдан Платонавіч раздзяліў пароўну між таварышамі. Калі яны з’елі яго, Міхась асцярожна, каб надта не кідалася ў вочы Іншым, між каленяў разгарнуў складзеную крыж-накрыж паперку, якую неўпрыкмет перадаў яму канваір. У выдраным з вучнёўскага сшытка аркушы дзве верхнія лінейкі былі запоўнены разборлівымі нямецкімі літарамі: Andenken an Rufiland, Umen See, 1942 К
«Застаецца акуратна адарваць напісанае — i от табе i папера, от табе і аловак. Толькі шрайбуй! З аднаго боку аркуша, што ты пакуль жывы, але мадзееш, а з другога—матчын адрас. Гладыш перадасць жонцы тваё слёзнае маленне. З яе лёгкай рукі яно i пойдзе па свету... Не, няхай нічые вочы лепей не чытаюць такога! Бо ягоная ж вестка толькі асарамаціць бацьку... Той спадзяецца, што сын дзесьці калашмаціць ворагаў. А ён трапіў да іх у палон дый яшчэ разлічвае на матчыну дапамогу».
— Шмат чаго ён там накрэмзаў? — абарваў Міхасёву думку Багдан Платонавіч.
— Нямнога. На паперы пісаць літары легка, а як выгравіраваць іх на метале?
— Як-небудзь агораем. Задатак жа агадалі і збаёдалі. Назад яго не вернеш. Застаецца чакаць канчатковага разліку.
У той жа дзень, не адкладаючы справы ў доўгую скрынку, Багдан Платонавіч узяўся за працу. Спяшаўся, каб апярэдзіць чарговы вобыск у лагеры, у часе якога немцы маглі адабраць надраеную гільзу. Ад наглядчыкаў ён асабліва не хаваўся: рашыў схлусіць ім, што вартавы даў яму вазу і папрасіў зрабіць на ёй гравіроўку.
Сіліч алоўкам напісаў на гільзе канваіраў тэкст. Заняў ён чатыры радкі. Праўда, спачатку праца не паддавалася Багдану Платонавічу. Нават пад моцным націскам ягонай рукі керн не выгравіроўваў літар. Мабыць, ён быў не сталёвы, а паверхня гільзы надта цвёрдая. Прыйшлося дзюбкаю керна выдзёўбваць літары з дапамогаю каменя. У рабочага чалавека вока трапнае і рука напрактыкаваная. А дзякуючы таму, што Міхась сіметрычна размясціў словы, надпіс у Багдана Платонавіча атрымаўся акуратны і прыгожы.
Вартавы быў задаволены вазаю, хаця пасля таго, як схаваў яе ў торбачку, трошкі пафіласофстваваў, з глыбакадумным выглядам на твары пытаючыся ў Леаніда:
— Колькі нямецкіх салдатаў мог забіць снарад з гэтай гільзы?
Для хлопца было неспадзеўкаю такое пытанне. Ён разгубіўся. I, запінаючыся, пачаў тлумачыць, што гэта гільза ад супрацьтанкавай гарматы.
— А хіба танк рухаецца сам? Ім жа таксама кіруюць людзі, — перабіў хлопца вартавы і болей памяркоўным тонам дадаў: — Затое гэты сувенір будзе нагадваць мне аб тым, што я ўцалеў там, дзе многія склалі галовы.