Адзінай аддушынаю ў беспрасветным жыцці палонных быў цяпер гандаль сувенірамі. Самім і смешна і грэшна было ад таго, што за лом, хай сабе і каляровага металу, ім перападае нямецкі хлеб.
Па меры таго, як па гравійцы павольна рухалася ватага расхрыстаных галодных людзей, кюветы паабапал апустошваліся падчыстую. Хяндога разумеў, што металалому хопіць ненадоўга. Дастаткова палонным, рамантуючы гравійку, прайсці ўвесь участак з канца ў канец—i запасы стрэляных гільзаў і парожніх буйнакаліберных патронаў скончацца. Неабходна было паклапаціцца, каб яны неяк папаўняліся. А папаўняцца яны маглі, канечне, толькі нашымі людзьмі, іх захадамі і турботамі. I зноў у Хяндогі зацеплілася кволае спадзяванне на штосьці заманлівае, а ў галаве варухнулася дзёрзкая думка, якою ён падзяліўся з Міхасём і Леанідам. Хяндога параіў хлопцам напісаць сялянам пасланне. У ім шчыра падзякаваць за падтрымку і сказаць, што палонныя цяпер з артылерыйскіх гільзаў і буйнакаліберных патронаў робяць сувеніры, якія немцы купляюць за хлеб. Папрасіць, што калі сяляне ўбачаць дзе-небудзь згрувашчаныя запасы непатрэбнай амуніцыі, каб збіралі яе і, едучы на працу, раскідалі па кюветах. Хяндога спадзяваўся на тое, што разам з такой амуніцыяй трапіць да палонных і якая-небудзь зброя. Вінтоўку ці ПТР жанкі, можа, і пабаяцца прывезці, а пісталет або гранату могуць падкінуць у кювет. Хяндога не сумняваўся ў тым, што, калі хлопцы папросяць вартавога з жалезным крыжам, той аднясе пасланне сялянам, якія працуюць на гравійцы.
На практыцы Хяндогава задума ажыццявілася значна прасцей, і хлопцам не прыйшлося пісаць ніякага паслання. Калі пра яго яны намякнулі канваіру з жалезным крыжам, той уважліва выслухаў іх, але нічога пэўнага не сказаў. А як толькі дарожны майстра авясціў абедзенны перапынак, вартавы сказаў Леаніду, што яны пойдуць да сялян. Ці то немец пабойваўся паслання як пісьмовага доказу, у якім невядома што напішуць палонныя, ці хацеў хутчэй выканаць іх просьбу?
— На, вазьмі з сабой вазу, — заспяшаўся Багдан Платонавіч, калі вартавы сабраўся весці Леаніда. — Пакажаш ім. Думаеш, яны надта ведаюць, якія тыя гільзы ды буйнакаліберныя патроны?
— Няхай падкідаюць у кюветы ўсё, што трапіць пад рукі, — незадаволена буркнуў Хяндога. — Нам усё спатрэбіцца.
Калі вартавы павёў Леаніда перад сабою, дарожны майстра не пайшоў за ім услед, а застаўся ў ланцугу ачаплення з канваірамі, якія распачыналі полуднік.
Суседзі ляжалі на схілах кювета, з нецярплівасцю чакаючы звароту свайго таварыша. Ім рупіла хутчэй даведацца, як справіцца ён з ускладзенай на яго місіяй. Ля сялян канваір з Леанідам затрымаліся нядоўга. Але калі вярнуліся адтуль, вартавы адразу не адпусціў хлопца, а папрасіў распаліць цяпельца.
— Ну, як твой паход? Ці ўвянчаўся поспехам? — запытаўся Хяндога, калі Леанід шуснуў у кювет. — А то ў нас лопнула цярпенне.
— Парадак! Усё як мае быць, — адказаў Леанід, вымаючы з кішэняў портак два невялікія акрайцы і падаючы адзін Хяндогу, а другі — Багдану Платонавічу.
— Усё растлумачыў? — цікавіўся Хяндога, разломваючы акраец на тры роўныя часткі.
— Усё.
— I вазу паказаў? — не цярпелася Багдану Платонавічу.
— Паказаў.
— Ну, тады парадак, I сапраўды: усё як мае быць, — супакоіўся Хяндога.
17
Назаўтра ў абед канваір з жалезным крыжам папрасіў Міхася распаліць яму цяпельца. Калі хлопец назбіраў галля і прысеў на кукішкі, адбіраючы сушняк на распалку, вартавы, што стаяў над ім, раптам прашаптаў:
— Міхель, Лео — юдэ?
Міхася настолькі збянтэжыла нечаканае пытанне, што ён апусціў дрыжачыя рукі, якія не патраплялі выбіраць тонкія сухія галінкі, і на імгненне зніякавеў.
— Ён — украінец. З Кіева. А што такое? —пасля вымушанай паўзы разгублена прамямліў хлопец.
— Даўгалыгі палонны ў кароткім шынялі выбраў момант і таямніча шапнуў мне, што Лео—юдэ. Асабіста мне ўсё роўна, хто ён—рускі, украінец ці юдэ. Але каменданту гэта не ўсё роўна. Брэе роднага брата прадасць. А на дзве залатыя каронкі Лео ён пагаліцца тым болей. Даўгалыгі палонны можа шапнуць Брэсу, што Лео—юдэ. Ты, Міхась, нічога не кажы Лео, хай ён не трывожыцца. А з таварышамі парайся, як пазбегнуць бяды.
Яшчэ змалку Міхась бавіў час у супольных гульнях з яўрэйскімі дзецьмі ў сваёй вёсцы і штодзённа бачыў, якія па-суседску шчырыя адносіны ў іх бацькоў з ягонымі бацькамі. Ні ў школьныя, ні ў студэнцкія гады хлопец ніколі не звяртаў увагі на тое, хто яго аднакласнікі і аднакурснікі па нацыянальнасці. Займаючыся першы год у педтэхнікуме, ён кватараваў у былых аднавяскоўцаў-яўрэяў, сціплых і простых людзей. Іх старэйшыя дзеці параз’язджаліся з дому і мелі свае сем’і. З бацькамі жыў толькі малодшы сын, Герка, што вучыўся ў шостым класе. Гэта быў несусветны вісус і свавольнік, які выкідваў такія конікі, што Міхасю неаднойчы прыходзілася чырванець. Бывала, набожныя гаспадары дадуць яму куру і пашлюць разам з Міхасём да разніка, каб той яе зарэзаў. Герка забярэцца ў куст, сам зарэжа куру і потым гуляе з Міхасём на беразе рачулкі, каб раней часу не вярнуцца дамоў і не выклікаць ніякай падазронасці ў бацькоў. Альбо, калі тых няма дома, возьме ды Міхасёвым салам на стале нашмальцуе з усіх бакоў бохан хлеба, са смехам прыгаворваючы: «Няхай ядуць трэфнае. Будуць здаравейшыя!»