А ў таго, як на злосць, мусіць, таксама не надта вытанцоўвалася задума. Ва ўсякім разе, добрых пару гадзін Хяндога не гаварыў Міхасю ні слова. Хлопец пачаў ужо думаць, што Хяндога забыўся пра ўсё або таксама не можа знайсці ніякага паратунку. Нарэшце ў канцы рабочага дня, калі Багдан Платонавіч і Леанід з накіданымі насілкамі адышлі ад кучы патрушчаных руінаў, Хяндога шэптам спытаўся ў Міхася:
— У цябе захаваўся надпіс, што гравіраваць на вазах?
— Яго я адразу ж адарваў. А рэшту чыстай паперы збярог.
— Хто-небудзь бачыў, як вартавы перадаваў яе табе?
— Наўрад. Ён перадаў яе разам з запальнічкаю, калі я распальваў яму цяпельца, —не разумеў Міхась, да чаго хіліць размову Хяндога.
Якраз у гэты момант вярнуліся з парожнімі насілкамі Леанід i Багдан Платонавіч, і гаворка паміж Міхасём і Хяндогам абарвалася.
Як толькі Міхась нетаропка накідаў ім патрушчаныя руіны і абодва напарнікі адышлі зноў, Хяндога, накідаючы насілкі Ярмоліку з Казнадзеем, паціху сказаў:
— Канечне, алоўкам карыстацца рызыкоўна. Многія маглі бачыць, як мы на гільзах рабілі ім надпісы. А чарніла і днём з агнём не знойдзеш.
— У вартавога можа быць самапіска, — нечакана знайшоўся Міхась.
— Спытайся. Калі ёсць, папрасі на дзень. Скажы, што яна патрэбна, каб ратаваць сябра. Раз вартавы паведаміў пагрозлівую вестку, значыць, баяцца яго няма чаго. Толькі скажы, каб ён перадаў самапіску непрыкметна.
Сіліч не ўяўляў, што задумаў Хяндога. Але паслухмяна выканаў яголае даручэнне. Назаўтра, калі канваір паклікаў яго распальваць цяпельца, хлопец даведаўся, што ў вартавога сапраўды ёсць самапіска. Міхась чыстасардэчна прызнаўся, чаму цікавіцца ёю, і папрасіў, каб той захапіў яе на працу і незаўважна перадаў яму. На наступны дзень вартавы прынёс хлопцу самапіску.
Якраз назаўтра быў выхадны. Як па заказу, дзень выдаўся пагодлівы, сонечны. Многія палонныя бавілі час у двары лагера, кожны заняты чымнебудзь сваім.
Хяндога ўпотайкі ўзяў у Міхася самапіску і рэшту чыстага аркуша паперы, а хлопца папрасіў, каб ён з Леанідам затрымаўся на дварэ. Надзейна заслонены з бакоў Казнадзеем, Ярмолікам і Багданам Пятровічам, Хяндога, не кажучы нікому н! слова, лежачы на пустых нарах, наспех штосьці напісаў на паперы i разам з самапіскаю борздзенька схаваў у кішэню. Ніхто з напарнікаў не бачыў, што ён рабіў пасля. Яны толькі ведалі, што Хяндога аддаў Міхасю самапіску, якую той вярнуў вартавому. Але праз дзень-другі яны ўсе заўважылі, што Вырвіна нібы падмянілі. Ён прыціх, стаў сумны і насцярожаны. Стараўся быць толькі там, дзе збіралася шмат палонных. Як быццам пабойваўся заставацца ў пакоі на адзіноце.
— Чым ты гэтак напалохаў яго? — пацікавіўся ў Хяндогі Міхась, калі побач не было Леаніда.
— Запіскаю, што паклаў у кішэню яго шыняля.
— А што ты напісаў у ёй?
— Папярэдзіў, што калі не будзе трымаць язык за зубамі, дык у прыбіральні ўтопім у дзярме.
«Добра, што я тады не сапсаваў той аркуш паперы: не накрэмзаў на ім запіску мацеры, — нарэшце супакоіўся за Леанідаў лёс Міхась, —Ну што з таго, што спачатку на хвіліну абрадаваў бы яе тым, што я жывы? Затое пасля, праз маю гаротную долю, толькі асудзіў бы яе на штодзённыя пакуты. Дый яшчэ гэтак асароміў бы старога бацьку, абняславіў ягоную сівізну, расчараваў ягоныя спадзяванні. А Хяндога, 0ач, пагражаючы суровым прысудам, нягодніка паставіў на месца. Адна i тая ж папера, а што значыць, калі яе скарыстаць з розумам? — I раптам увесь яго твар ажно перакрывіла незадаволеная ўхмылка, калі ўспомніў, як некалі Паўло хаваў у кішэню прадажную газету, а Міхась тады нават не западозрыў, навошта яна яму, і падумаў зусім пра іншае.—Таксама адна i тая ж газета, а выкарыстаць яе можна было па-рознаму».
18
З таго дня, калі камендант загадаў паклікаць з лагера Паўла і выправадзіў яго на працу разам з усімі палоннымі, той фактычна стаў звычайным наглядчыкам. Цяпер яму не патрэбна была нямецкая мова. Замесг падручніка ён вымушаны быў, як парадзіў дарожны майстра, узяць у рукі кій. Толькі з майстрам Паўло зрэдку і перакідваўся нямецкімі словамі, каб на практыцы не забываць вывучанага. Адчувалася, што вартавы з жалезным крыжам ігнаруе Паўла, бо ніколі не падыходзіць і не размаўляе з ім.
Паўло расходжваў сярод палонных надзьмуты і пакрыкваў на тых, што адлыньвалі ад працы. Багдана Платонавіча і Міхася стараўся зусім не заўважаць, абыходзячы іх далей. Мусіць, саромеўся былых суседзяў, таму і пазбягаў трапляць ім на вочы. А тыя, у сваю чаргу, таксама не звярталі на яго ўвагі. Яшчэ пасля той вар’яцкай прапановы, якую ён зрабіў тады Міхасю, каб штосьці напісаць сумесна ў фашысцкую газету, Паўло стаў для хлопца чужы. Цяпер, пасля таго, як ён узяў кій і стаў наглядчыкам, у Міхася Паўло выклікаў агіду. Міхасю было прыкра ўспамінаць, што ён быў знаёмы з гэтым чалавекам і нават еў з ім з аднаго кацялка. У Багдана Платонавіча даўно перабалела сэрца за паводзіны земляка, і ён таксама нічога не казаў і не ўспамінаў пра былога суседа. Як быццам таго ніколі не было побач і Багдан Платонавіч не ведае пра ягонае існаванне.