Выбрать главу

Таму на гэты раз для Міхася i Багдана Платонавіча было зусім незразумелым тое, што адбылося з Паўлом.

Раніцою, перад тым як вартавыя павінны выганяць палонных на працу, да лагера пад’ехаў крыты брызентам грузавік, з кабіны якога вылез афіцэр, а з кузава—два аўтаматчыкі. Палонныя разумелі, што салдаты возьмуць з лагера нявольнікаў на нейкія работы. Усе затаілі дыханне ў чаканні, каму выпадзе трохі шчаслівейшы лёс. Кожны спадзяваўся на тое, што там чым-небудзь пажывіцца, а самае галоўнае — можна ўцячы.

Міхась заўважыў, што афіцэр i салдаты апрануты не ў звычайную агульнавайсковую форму. «Мабыць, нейкі іншы род войск, — думаў ён, разглядаючы аўтаматчыкаў, што чакалі распараджэння афіцэра, які размаўляў з камендантам.

— Паўль, ком хэр! — раптам паклікаў Брэе.

Паўло паслухмяна падбег і выцягнуўся на ўвесь рост.

Камендант спачатку штосьці запытаўся ў яго, а потым аддаў нейкі загад. Паўло на момант затрымаўся, штосьці абдумваючы, а потым паспешліва кінуўся ў гурт палонных, што яшчэ не выстройваліся ў калону. Разгублена паштурхаўся сярод іх, адшукаў вачамі Багдана Платонавіча з Міхасём, падышоў бліжэй і, ні да аднаго не звяртаючыся па імю і ні аднаму не гледзячы ў вочы, суха сказаў:

— Абодва ідзіце да каменданта.

Суседзі ад нечаканасці зніякавелі. Яны не чакалі такога ад Паўла. Абодва збянтэжана пераглянуліся і пайшлі да Брэса. Але камендант нават не глянуў на іх. А афіцэр паказаў рукою, каб аўтаматчыкі залазілі ў кузаў. Калі тыя выканалі ягоную волю, ён загадаў абодвум палонным таксама залазіць туды. Аўтаматчыкі ўселіся на лаву, спінамі да кабіны, а палонным загадалі сядаць на дно кузава, спінамі да задняга борта.

«Гэтак нас яшчэ не вазілі, — мільганула ў Міхасёвай галаве. — Мабыць, на выпадак чаго, каб смела страляць ва ўпор, а не паласнуць аўтаматнай чаргою па кабіне, дзе сядзяць афіцэр з шафёрам. З дна кузава, у сядзячым становішчы, не выскачыш праз борт».

Хяндогава тройня таксама насцярожылася, калі пачула, што Паўло паклікаў Міхася з Багданам Платонавічам да каменданта. «Мабыць, наглядчык выдаў, што Міхась ведае нямецкую мову, — падумаў Хяндога.— Куды ш іх павязуць?»

Многія палонныя прагнымі позіркамі, у якіх былі не то зайздрасць, не то роспачнае захапленне, правялі Міхася з Багданам Платонавічам, што залезлі ў кузаў грузавіка і паехалі да лагера. Гэтакім паглядам адзін жабрак праводзіць другога, мяркуючы, што таму дастанецца багацейшая міласціна.

Багдан Платонавіч і Міхась уздыхнулі з палёгкаю, калі грузавік навёз іх да лагера. У абоіх зацеплілася нейкае спадзяванне на паратунак. «Куды яны могуць везці нас? — думаў кожны з іх сам сабе. — Вядома ж, на нейкія работы. Можа, у вайсковую часць пілаваць дровы пры кухні? Адтуль уцячы лягчэй. Салдатаў ашукаць прасцей, чым турэмшчыкаў на гравійцы».

Але разам з тым кожнага з іх здзіўляў сённяшні ўчынак былога суседа. «Чаму менавіта нас, а не каго-небудзь іншага Паўло вылучыў з усіх палонных?»

Багдану Платонавічу здавалася, што былы сусед раздобрыўся, каб Міхасю па знаёмству, а яму па-зямляцку зрабіць палёгку ў паднявольным жыцці. А Сіліч наадварот не дапускаў такога ў сваіх думках. Ён лічыў, што Паўло вылучыў з гурту яго толькі таму, што Міхась разумев па-нямецку. Па-першае, афіцэр мог папрасіць у каменданта менавіта такога палоннага. А па-другое, Паўло ў душы не хацеў, каб гэтакі сведка, які ведае яго як аблупленага, быў побач. Калі Міхась з Багданам Платонавічам I ўцякуць, Паўло ж не будзе адказваць за гэта перад камендантам. Уцякуць жа яны ад аўтаматчыкаў, а не з-пад нагляду Паўла. Адным махам ён адначасова заб’е двух зайцаў: хутчэй пазбавіцца ад непатрэбных сведкаў i разам з тым застанецца ў іхніх вачах дабрадзеем. Адным словам, іх козы будуць сыты i сена, будзе цэлае. «Не мог жа камендант загадаць Паўлу вылучыць з натоўпу менавіта нас, — апраўдваў Міхась свае здагадкі. — Мы яшчэ не паспелі насаліць Брэсу так, каб ён запомніў нас у твар або ведаў нашы імёны. А Паўлу ў косці ўеліся. Ён будзе адчуваць сябе значна вальней, калі яму ўдасца справадзіць нас куды-небудзь у іншае месца».