Выбрать главу

Абодва яны сядзелі моўчкі пад накіраванымі на іх дуламі аўтаматаў і пад пільнымі позіркамі невядомых ахоўнікаў. Яны былі маладжавыя па ўзросту і бялявыя з выгляду. Напэўна, бялявасць яшчэ болей адцяняла і выразней падкрэслівала срабрыста-блакітнаватая форма з гэткімі ж пілоткамі на галовах і з чорнымі аўтаматамі ў загарэлых руках. «Дэсантнікі? Ці, можа, аэрадромная ахова? Лётчыкі ж звычайна —афіцэры. Дый з пісталетамі, а не з аўтаматамі».

Па тым, як часта і дробна ўздрыгваў зад кузава, дрогка трасучы абодвух палонных, Міхась і Багдан Платонавіч адчувалі, што грузавік хутка імчыць па гравійцы. Седзячы спінамі да задняга борта, ім не відно было, дзе яны праязджаюць. Хаця аўтамашына везла іх у невядомасць, абодва яны спадзяваліся на штосьці лепшае. Ад гэтага адчування на іх тварах пакутлівы одум змяняла імгненнае прасвятленне. Багдана Платонавіча суцяшала тое, што на зацененых абліччах гэтага не разгледзяць аўтаматчыкі.

Па аднастайным мяккім уздрыгванні, якое прадаўжалася з паўгадзіны, адчувалася, што грузавік увесь час імчыць па гравійцы. Пазней яго колы цвёрда застукалі па бруку. Неўзабаве аўтамашына спынілася і тучна прасігналіла. Але аўтаматчыкі не збіраліся ўставаць з лавы. Чутно было, як наперадзе за кабінаю са скрыпам адчынілася цяжкая брама. Грузавік запаволена праехаў трохі далей і спыніўся. А аўтаматчыкі загадалі палонным вылазіць і ўсталі самі.

Сіліч падняўся з дна кузава, павярнуўся і, перш чым пералазіць праз борт, акінуў позіркам кругагляд, наколькі відаць было з-за брызенту. Хлопду здалося, што грузавік заехаў усярэдзіну нейкай цытадэлі, са складскімі памяшканнямі і старадаўняй сцяною, у якой адразу ж зачынілася масіўная брама.

— Сафія! —выдыхнуў Багдан Платонавіч, калі вылез з кузава і вочы яму асляпіў зыркі купал сабора, што ўзвышаўся спераду злева ад грузавіка, які рушыў з месца пасля таго, як з кабіны вылез афіцэр.

«Дык вось куды яны прывезлі нас! У Наўгародскі крэмль», — цяпер зразумеў Міхась, жмурачыся ад яркага купала, што асвятляўся промнямі, якія падалі аднекуль з-за крамлёўскай сцяны. Над ёю яшчэ не паднялося сонца, і хлопец зябкавата пацепваў плячамі ці то ад настоенай за настылымі сценамі свежасці, яшчэ не прагрэтай промнямі, ці то ад могільніку з белымі крыжамі, у напрамку якога палонных павялі аўтаматчыкі з афіцэрам.

На вызваленай ад ворагаў зямлі Міхасю ўжо даводзілася бачыць татя могільнікі з неакоранымі бярозавымі крыжамі і нахлабучанымі на іх нямецкімі каскамі. Таму яму здалося, што нашчадкі тэўтонаў у адплату за кожнага забітага свайго салдата спецыяльна помсцяць нам, для магільных крыжоў ссякаючы толькі бярозы. Гэтае дрэва чамусьці было для яго сімвалічным увасабленнем усяго славянскага. Яму здавалася, што менавіта таму ў нас фашысты і высякаюць падчыстую бярозавыя гаі. Ад злосці яны дайшлі да нечуванага кашчунства: апаганілі святыню славян — зрабілі свой могільнік перад Сафійскім саборам і помнікам тысячагоддзя Расіі. Сіліч адразу ж пазнаў гэты помнік, як толькі абрысы яго вынырнулі з-за зеляніны бухматых дрэваў. З выгляду ён чамусьці нагадаў хлопцу абеліск з пазалочанымі фігурамі, што ў сярэдзіне мінулага стагоддзя быў адліты з чыгуну і ўстаноўлены на цэнтральнай плошчы Полацка ў гонар воінаў, якія загінулі ў 1812 годзе пры вызваленні гора да ад французскіх захопнікаў. Хаця Міхась бачыў той абеліск усяго некалькі разоў, калі прыязджаў з бацькам у райцэнтр, але запомніў яго назаўсёды. Пазней юнака глыбока абурала, што ў трыццатыя гады абеліск зруйнавалі. Як маглі зрабіць такое святатацтва свае невукі, калі навокала ўсё нагадвала пра векапомныя гістарычныя падзеі? I двухпавярховы будынак былой кульнеўскай настаўніцкай семінарыі, які заняў іх педтэхнікум, і вулка направа, міма такога ж будынка ваеннага штаба і касцёла ўніз паўз вал Івана Грознага, на Чырвоны мост праз Палату. Мост гэтак названы ў памяць ахвяраў салдат i народных апалчэнцаў, якія з крывавымі баямі ўвайшлі па ім у горад і пачалі вызваляць ад французаў беларускую зямлю. Тым болей, што і адважны Кульнеў загінуў у бітве непадалёку ад Полацка.

У маленстве хлопец падрабязна чытаў у дарэвалюцыйным падручніку «Сейбіт», як выглядае помнік тысячагоддзя Расіі, і падоўгу разглядаў яго на пажоўклых малюнках. Цяпер ужо наяве, як некалі ў кнізе, апаясаны двума радамі людскіх барэльефаў, на самай вяршыні з крыжам, анёлам і ўкленчаным чалавекам, ён сапраўды нечым падобны і на шапку Манамаха, і на вялізны звон. Набліжаючыся да помніка, Міхась убачыў, што на зямлі каля яго адпачываюць людзі.