Выбрать главу

Хлопца з ног да галавы абдало халодным потам. Кружылася галава. Каб не зваліцца, ён стараўся не глядзець уніз, але яго скасавураны позірк палохаўся ўласнага нязграбнага ценю, які марудна поўз па сцяне. Лез Міхась сапраўды запаволена, бо немцы знізу загалёкалі на яго, як на спалоханую малпу, якую ўзагналі на рэі парусніка, а яна не ведае, што рабіць, i то разгублена караскаецца ўгару, то спыняецца на месцы.

Калі галёканне суціхла, зверху, быццам запозненае водгулле яго, даляцеў пранозлівы крык:

— Цэж мій Кыіў! Дніпро-Славутыч і Подол! Даруй мэні, пробач, Софыя!

А потым з аглушальным шоргатам-звонам зноў раскаціста забарабаніў дах ды непадалёку ад Міхасёвага ценю імкліва мільгнуў па сцяне другі няўклюдны цень, ад якога хлопец ажно скалануўся і адначасова пачуў, як унізе штосьці глуха чмякнулася.

Інтуітыўна Сіліч адчуў, што нешта здарылася, і разгублена застыў на лесвіцы ў стане адлучанасці і здранцвення. Нават не зрэагаваў на каманду: «Злазь уніз!», якую двойчы падаў афіцэр. Толькі кароткая аўтаматная чарга, якою міма яго паласнуў салдат, вывела хлопца з шокавага стану і выкрык аўтаматчыкаў: «Злазь назад!» нарэшце прымусіў заварушыцца і крануцца з месца. Цяпер ён зразумеў, што здарылася штосьці непрадбачанае, калі яму загадваюць злазіць. Але злазіць уніз было яшчэ цяжэй, чым падымацца ўгару. Чым даўжэйшы адрэзак лесвіцы вызваляўся зверху, тым болей ён разгойдваўся пад нагамі хлопца, разгушкваючы пад ім яе вольны хвост. А Міхась па-ранейшаму пабойваўся глядзець уніз і таму навобмацак нагамі з цяжкасцю трапляў на разгойданыя прыступкі. Яму здавалася, што ён злазіў цэлую вечнасць. А калі сышоў з лесвіцы і, паварочваючыся, убачыў на доле нерухома распластанае цела Багдана Платонавіча, не выпусціў з рук вяроўку, бо адчуў, як настылы дол апаліў босыя падэшвы і ўсё вакол пайшло кругам, нібы яго рушыла з месца карусель. Ён заплюшчыў вочы і, мусіць, паляцеў бы потырч, калі б выпусціў з рук вяроўку. Устаяў на нагах толькі таму, што прытрымаўся за яе.

— Абувай клюмпы і забірай рэчмяшок! — сярдзітым сабачым гырканнем здаўся яму нямецкі загад, які скалануў яго і прымусіў расплюшчыць вочы. Няўцямным позіркам хлопец абвёў абодвух аўтаматчыкаў, не разумеючы, каторы з іх гэтак гыркнуў. Афіцэра з імі не было. Міхась бездапаможна апусціў на дол сваё расслабленае цела і, са спачувальным шкадаваннем паглядаючы на мёртвага таварыша, стаў намотваць на ногі анучы. Але калі забэрсаў завязкамі портак іх верхнія краі і прасунуў нагу ў калодку, пятою не адчуў задніка. Хлопец толькі цяпер зразумеў, што ўзяў клюмпы і анучы Багдана Платонавіча, памер нагі якога быў большы. На імгненне Міхась сумеўся, потым змяніў калодкі і не стаў раскручваць з ног ануч. Усярэдзіне ён адчуваў нейкую апустошанасць і разам з тым ледзьве здолеў адарваць ад долу абцяжаранае цела. На фронце і асабліва ў апошнім акружэнні ён болей стрымана перажываў гібель аднапалчан. А тут чамусьці ўвесь раскіс і размяк. Ці то ў хлопца ўбывалі сілы і расслаблялася воля, ці то пачыналі здаваць нервы?

З Багданам Платонавічам яго зблізіла гаротная доля. Таму смерць сябра хлопец успрыняў вельмі блізка да сэрца, хаця не мог паверыць у яе, настолькі яна была нечаканая і нязвычная.

Сіліч употайкі паглядзеў на таварыша, спадзеючыся, што да таго яшчэ вернецца свядомасць i ён падасць прыкметы жыцця. Нават калі аўтаматчык загадаў узяць рэчмяшок, разгублены хлопец не стаў лажыць у яго суседавых калодак і пілоткі, якая валялася непадалёку. Ён лічыў, што ўсё гэта павінна быць з Багданам Платонавічам. Наадварот, Міхася здзівілі і збянтэжылі распараджэнні афіцэра, які аднекуль з’явіўся зноў і загадаў аўтаматчыку зняць з шыі Багдана Платонавіча і ўзяць з сабою жэтон, а Міхасю—пакласці ў рэчмяшок суседавы рэчы. «Адразу відаць вышкалены гітлеравец. Назубок ведае свае парадкі. Скнара! Скупярдзяй! Жэтон — дзеля справаздачы вышэйшым інстанцыям. Маўляў, быў палонны з гэтым нумарам ды аддаў богу душу. А ягоныя рэчы трапяць на склад. Яны яшчэ спатрэбяцца якому-небудзь гаротніку. Немцы i педантычныя, i эканомныя».

Толькі калі да сабора пад’ехаў грузавік і аўтаматчыкі ўскараскаліся ў кузаў ды загадалі Міхасю залазіць таксама, хлопец нарэшце зразумеў, што назаўсёды разлучаецца з таварышам. Перш чым выконваць загад немцаў, ён развітальным позіркам акінуў распластанае нерухомае цела, а потым ускараскаўся ў кузаў, павярнуўся і яшчэ раз спыніў і затрымаў на сябру праніклівы пагляд, поўны жалю і жалобы. «Куды яны запратораць, небараку, босага і проставалосага? Хоць бы абулі ногі ў клюмпы ды надзелі на галаву пілотку. Нябось, гідуюцца. Грэбуюць нашым братам. Хай бы ж дазволілі мне зрабіць гэта. Дык не, нават не пахаваюць па-людску, як чалавека».