Сілічу не відно было, дзе яны едуць, але ён разумеў, што немцы вязуць яго назад у лагер. Куды ж ім цяпер везці яго? Яму здавалася, штогрузавік імчыць хутчэй, чым ехаў сюды. На лаве пры кабіне аўтаматчыкам лацвей: іх не трасе гэтак, як яго, каля задняга борта. Перад вачамі мітусня і рабацінне ад дрогкага падскоквання парожняга кузава. I ў такт гэтаму ўздрыгванню ў галаве мітусяцца і абрываюцца думкі пра гаротнага сябра. Міхась упэўнены, што Багдан Платонавіч ніколі не пайшоў бы на злачынства, зрабіць якое яго прымушалі ворагі. Для яго было кашчунствам пасягнуць на святыню, якая горда ўзвышаецца тут, як і ў яго родным Кіеве. У сябра i пад прымусам ніколі не паднялася б на гэта рука. Таму чалавек і рашыўся на самагубства, каб не запляміць сваіх рук перад фашысцкай поскуддзю. Міхась не ведае таго, што Багдан Платонавіч паспяшаўся зрабіць гэта, каб апярэдзіць хлопца i не даць яму падняцца на дах сабора. Бо наўрад ці здолеў бы Міхась злезці адтуль цераз карніз. Дый хто ведае, што зрабілі б з імі захопнікі? Хутчэй за ўсё расстралялі б абодвух, каб не засталося ніякіх сведкаў пасля зробленага злачынства. Ад гітлераўцаў не чакай паблажкі. Яны майстры крывавых спраў.
Раптам, прыцішаючы хуткасць, аўтамашына крута павярнула налева, ад чаго па інерцыі Міхася кінула на ўхаб да правага борта. Грузавік трохі праехаў і рэзка спыніўся. Чутно было, як адчыніліся дзверцы кабіны, за брызентам пачуліся галасы.
Салдаты ўсхапіліся з лавы, і адзін з іх рукою падаў Міхасю знак, каб ён злазіў на дол.
Хлопец падняўся, нетаропка пералез праз борт і, адштурхоўваючыся ад яго, скокнуў на зямлю. Пакуль з кузава вылазілі аўтаматчыкі, Міхась разгледзеў, што грузавік спыніўся перад тарцом прысадзістага барака, у якім атабарылася лагерная ахова. На ганку стаялі камендант i яго намеснік. Афіцэр ужо, напэўна, паспеў сказаць ім пра тое, што здарылася з палонным. Цяпер ён загадаў аўтаматчыку, які зняў з шыі Багдана Платонавіча жэтон, аддаць яго каменданту і растлумачыў Брэсу, што рэчы нябожчыка ў палоннага. Міхась горка ўхмыльнуўся: «Турэмшчык Брэс уласнаручна раструшчвае кіркаю чарапы і адсякае лапатаю галовы палонным, не цікавячыся ні іхнімі жэтонамі, ні іхнімі рэчамі, якія закопваюцца разам з ахвярамі».
Брэс, мабыць, і сапраўды не чакаў такога педантызму з боку афіцэра, бо абыякава махнуў рукою: маўляў, ці варта турбавацца дробяззю? Але, калі ўбачыў, што твар таго, нібы халодная маска, не расслабіў ніводнага мускула і ўся пастава не змяніла вышкаленага выгляду, збянтэжана паказаў рукою свайму намесніку, каб ён забраў жэтон і рэчы.
Штунц грэбліва ўзяў з рук аўтаматчыка жэтон, няўцямна паціснуў плячамі і нехаця рушыў у насцеж расчыненыя дзверы барака, на хаду буркнуўшы Міхасю: «Ком хэр!»
Хлопец павалокся ўслед за ім па вузкім калідоры, што цьмяна асвятляўся трыма электрычнымі лямпачкамі і праходзіў па сярэдзіне барака, раздзяляючы яго на дзве палавіны. Па баках былі дзверы асобных пакояў, а ў самым далёкім канцы вялізнае закрачанае акно.
Штунц жэстам рукі загадаў Міхасю спыніцца, а сам дастаў з кішэні ключ, нетаропка адамкнуў і расчыніў насцеж дзверы справа, увайшоў у іх праём і ўслед за сабою перакрыў яго вузкім прылаўкам, што адкладаўся ,за вушак да ўнутранай сцяны. Спачатку шпурнуў на стол, што стаяў збоку, жэтон Багдана Платонавіча, а потым падышоў да дзвярнога праёма і незадаволена буркнуў:
— Ну, што ў цябе?
Сіліча абдало рэзкім спіртным перагарам. Хлопец не зразумеў, адкуль патыхае смуродам: з кладоўкі ці з сярэдзіны Штунца. Міхась грэбліва зморшчыўся, зняў з плячэй рэчмяшок, ссунуў зверху яго расслабленую .лямку і, накінуўшы яе на карак, разбэрсаў завязку. Моўчкі выняў з сярэдзіны сябравы клюмпы, а потым анучы і моўчкі паклаў на прылавак. Штунц згроб усё гэта абедзвюма рукамі і панёс да паліц, што цягнуліся ўсцяж бакавой сцяны. Пакуль намеснік каменданта паклаў іх там і вярнуўся, Міхась дастаў з рэчмяшка пілотку і, няўмела жэстыкулюючы рукою, паказаў, што хоча пакінуць яе сабе.
— Атрымаеш тады, калі будзем выдаваць усім галадранцам шынялі! — здзекліва раўнуў Штунц і вырваў з хлопцавых рук пілотку.
«Каравачнік! — падумаў Міхась, па аналогіі ўспомніўшы, як такім словам калісьці называлі анучніка, што збіраў старызну, уголас выкрыкваючы на ўсю вёску: «Бабы, караўкі! Бабы, караўкі!»
Міхасю хацелася расслабіцца ад душэўнага стрэсу і хоць трохі пабыць на адзіноце. Ён спадзяваўся на тое, што аўтаматчыкі зараз завядуць яго ў лагер. Але камендант, напэўна, папрасіў афіцэра, каб грузавік адвёз хлопца на дарогу, дзе працуюць астатнія палонныя. Бо салдаты зноў залезлі ў кузаў і загадалі Міхасю таксама ўскарасквацца туды. Грузавік крануўся з месца, павольна завярнуўся на пляцы перад лагерам і выехаў на гравійку. Хвілін праз пяць ён прыцішыў хуткасць і спыніўся ў гурце палонных, што з насілкамі і з лапатамі расступіліся перад ім на абочыне. Афіцэр штосьці пагаварыў з дарожным майстрам, і аўтаматчыкі здалі яму палоннага. Майстра, відаць, хацеў паказаць перад афіцэрам свой спрыт, бо не паспеў яшчэ ад’ехацца грузавік, як немец хутчэй загадаў Міхасю браць у рукі лапату і засыпаць выбоіны.