Выбрать главу

Звычайна абедзве суседскія тройні і на гравійцы імкнуліся працаваць адна каля аднае: дзве пары палонных засыпалі калдобіны, а двое — лапатамі накідалі ім насілкі. Паколькі Міхася з Багданам Платонавічам раніцою забраў з лагера грузавік, сягоння такі распарадак працы парушыўся. Цяпер дарожны майстра паставіў хлопца ў іншым месцы, далекавата ад суседзяў па нарах. Міхась мімаволі вымушаны мірыцца з такім становішчам, бо адчувае сябе разбітым і абцяжараным. Як быццам яго толькі што ўпрагалі ў калёсы і вазілі на ім непасільны груз. Калі б суседзі па нарах працавалі побач, яны адразу накінуліся б з роспытамі: куды іх вазіў грузавік і дзе дзяваўся Багдан Платонавіч?

Але ў Міхася цяпер такі настрой, што яму хочацца маўчаць, і яго нават задавальняе тое, што ніхто ў яго нічога не пытаецца. Малазнаёмыя не лезуць у чужую душу. Да таго ж на ім няма твару i ягоны спакутаваны выгляд насцярожвае суседзяў па працы і ўстрымлівае ад усялякіх роспытаў.

Пануры і маўклівы, сноўдае хлопец з саўковай лапатаю, зачэрпваючы на абочыне патрушчаныя руіны і засыпаючы імі выбоіны. Але адна справа маўчаць, калі да цябе ніхто не чапляецца з роспытамі, і зусім іншая справа адганяць прэч процьму думак, ад якіх ніяк не пазбавіцца. А яны насядаюць на хлопца з усіх бакоў і не даюць яму спакою. Багдан Платонавіч стаіць перад ім, як жывы. Прыгадваюцца сцэнкі з паднявольнага побыту, прыкрасць і гаркоту якога падчас дасціпна ўмеў згладзіць вопытны сусед і старэйшы таварыш. Міхась не ўяўляе, як ён без яго зможа цяпер перабівацца ў няволі і валачыць гаротнае існаванне. Ад надакучлівых думак нельга адбіцца. Яны, быццам назойлівыя авадні ў спякоту, лезуць сляпіцаю.

Успомнілася, як бывала ў прыпар на пашы бзыкавалі карова з цялушкаю і, падымаючы хвасты, уцякалі ў вёску, каб схавацца ў хляве ад сляпнёў. Ад роспачы, здаецца, сам, мыкаючы, забзыкуеш і кінешся наўцёкі праз ланцуг ачаплення, хаця і не хапае сілы падымаць лапату. Цела гняце цяжар, у галаве так віруюць думкі і ўсярэдзіне так бурліць адчай, што ледзьве хапае змогі трымацца на нагах. Цяпер яму здаецца, што да таго часу, пакуль ён не раздзеліць з іншымі сваю бяду, на душы ў яго не палягчэе. Таму, як толькі дарожны майстра абвясціў полуднік, хлопец павалокся да суседзяў па нарах, цягнучы па жарстве савок лапаты, як падбітае крыло голуб, і моўчкі асунуўся каля іх на схіл кювета.

— Што з табою? — насцярожыўся Леанід, які чамусьці рашыў, што пры спробе ўцячы Багдану Платонавічу пашчаслівілася, а Міхася затрымалі.

Глыбока дыхаючы, як рыба, якую выкінулі з вады на бераг, Міхась маўчаў.

— Дзе Багдан Платонавіч? — нясмела запытаўся Хяндога, хоць і бачыў, што хлопцу цяжка гаварыць.

— Загінуў, — выдыхнуў Міхась.

— Застрэлілі? — нерашуча дапытваўся Леанід.

— Сам скінуўся з даху сабора.

— Якога сабора? — нічога не цяміў Леанід.

— Сафійскага, — выдыхнуў Міхась і, удыхнуўшы ў сябе паветра, растлумачыў: —У Ноўгарадзе.

— Царства яму нябеснае! —скорагаворкаю прамовіў Казнадзей.

— Няхай яму будзе пухам родная зямля! — падтакнуў Ярмолік.

— А што ён павінен быў рабіць на саборы? — нічога не разумеючы, удакладняў Леанід. — Раскрываць дах?

— Здзіраць з купала пазалочаную бляху, —растлумачыў Міхась, цяпер ужо раўнамерней дыхаючы.

— Ірады! Антыхрысты! — гнеўна абурыўся Казнадзей. — Рабаўнікі звялікай дарогі, а яшчэ носяць спражкі з надпісам: «Бог з намі!»

— Іхні бог—Гітлер! От яны і моляцца яму за тое, што ён блаславіў іх забіваць людзей i рабаваць чужое дабро, — з’едліва рассудзіў Хяндога.

19

Сіліч хваравіта перажываў гібель Багдана Платонавіча. Адсутнасць суседа адчувалася фізічна і ў лагеры, і на працы.

Раніцою, разбіраючы на складзе інструмент, палонныя бралі насілкі толькі пад прымусам наглядчыкаў. Спрытнейшыя расхоплівалі лапаты. Лапату і на плячах несці лягчэй, і валачы па зямлі можна, і пры выпадку на яе дзяржальна лацвей абаперціся. А насілкі з грузам паспрабуй цягаць на вясу! Іх і ўлегцы нязручна несці на гравійку, і назад у лагер. Абедзве тройні вымушаны былі браць насілкі таму, што суседзям па нарах і на гравійцы не хацелася разлучацца. Палёгку ў працы яны рабілі сабе самі, па чарзе падмяняючы адзін аднаго з насілкамі ды з лапатамі. Цяпер жа, калі адна тройня распалася, Міхасю з Леанідам на гравійцы было цяжэй трапіць па суседству з Хяндогавымі таварышамі. Лапаты не заўсёды ўдавалася захапіць, а дваім з насілкаМі прымыкаць да суседскай тройні няёмка: тым самым як бы лішні цяжар узвальваеш і на свае, і на іхнія плечы. Запрашаць жа абы-каго ў сваю кампанію не хацелася. Дый за гэты час у лагеры на глебе пабрацімства, зямляцтва i суседства па нарах палонныя пазгуртоўваліся па двое-трое.