Выбрать главу

Праўда, атрымалася так, што Сіліч як быццам задобрыў ужо суседскую тройню. Ён аддаў Хяндогу суседаў керн i абломак нажоўкі. Хлопец ведаў, дзе ўсё гэта разам з самаробным нажом, пазбягаючы вобыску, захоўваў Багдан Платонавіч у шчыліне паміж дошкамі i прышытым да нараў плінтусам. Канечне, хлопец не збіраўся спецыяльна задобрываць суседзяў. Ён бачыў, што ў іх лепей напрактыкаваны рукі, чым у яго з Леанідам. А з такім інструментам, хоць і прымітыўным, умелым рукам лягчэй прамышляць, ад іх толку будзе болей.

У спадчыну ад Багдана Платонавіча Міхасю дастаўся рэчмяшок. У ім быў ручнік, бляшанка ад дымавой шашкі і дзюралевае вядзерца, якое зрабіў Багдан Платонавіч. Звычайна гэтымі рэчамі яны карысталіся супольна, і хлопец, як малодшы ў знак павагі да старэйшага, часцей насіў мяшок за сваімі плячамі. Цяпер Сілічу не патрэбен быў лішні посуд. Але ён усё роўна не выкінуў з рэчмяшка бляшанку ад дымавой шашкі. Рашыў, што яна можа яшчэ спатрэбіцца, асабліва для варыва травы ці чаго-небудзь іншага. Каб не запэцкаць i не закапціць на агні, шкада было ўжываць для гэтага самаробнае вядзерца. Міхасю хацелася зберагчы чыстай і нічым не заплямленай памяць пра суседа. Простыя суседавы рэчы выклікалі ў хлопца шчымлівыя ўспаміны пра Багдана Платонавіча. Праўда, дзюралевае вядзерца стала злашчасным, бо з’явілася прычынаю яшчэ адной вымушанай размовы Міхася з Паўлом.

Размова тая адбылася неўзабаве пасля смерці Багдана Платонавіча, адразу ж, як толькі сярод палонных разышлася вестка пра ягоную гібель. Міхасю, канечне, не было пра што гаварыць з Паўлом. Паўло таксама ведаў пра гэта. Яшчэ з тае пары, калі паміж імі ўзнікла непрыязнь, яны пазбягалі адзін аднаго.

А тут раптам ні з таго ні з сяго ў часе атрымання кандзёру Паўло перастрэў Сіліча на калідоры перад ганкам і ветла запрасіў у наглядчыцкую штубу. Раней Міхась нізашто не паслухаў бы яго, як бы ветліва ні запрашаў той. Але на гэты раз, калі побач на нарах замест Багдана Платонавіча агалілася пустата, нібыта месца ад вырванага зуба, якое ўсё яшчэ балела i крываточыла, хлопец у хвіліну душэўнай слабасці зжаліўся над Паўлом i рашыў, што той расчуліўся i хоча распытацца пра гібель земляка i, можа, нават і пакаянна апраўдацца ў сваей нявіннасці за ягоную смерць.

Як быццам падштурхнуты Паўлом, Міхась паперадзе яго неахвотна ўвайшоў у пакой з прыкрай думкаю: «От як могуць уваходзіць разам у былую настаўніцкую два нежыццяздольныя настаўнікі».

Увайшоў нехаця, а выскачыў адтуль, як апараны кандзёрам з бляшанкі, дужка якой, здаецца, апякала руку.

Ад злосці, гневу і абурэння Міхась i тады не паспеў усвядоміць, як гэта ўсё адбылося, і пазней ніяк не мог прыгадаць ва ўсіх падрабязнасцях тое брыдкае здарэнне. Помніць толькі, як пасля ўваходу ў штубу насцярожана забегалі ў Паўла вочы, нібыта ў напалоханай мышы, што асцерагаецца мышалоўкі. Ды яшчэ запомнілася, як Паўло прымірэнча і чулліва ўспамінаў той час, калі яны елі кандзёр з аднаго кацялка. Міхась насцярожыўся, чакаючы ўсяго ад слізкага гада, які лісліва шыпеў і выкручваўся бяскрыўднай вужакаю. Хлопец інтуітыўна адчуў, што ліслівым шыпеннем гад хоча прыспаць ягоную пільнасць, а элегантна выкручваючыся, сваім целам ссоўвае сыпучы пясок у нетрывалы пагорак, з якога кожную хвіліну можа скокнуць і ўджаліць.

Аказалася, што Паўло сапраўды загаворваў зубы, а ўспомніў сумесную яду з аднаго кацялка, каб расчуліць хлопца і псіхалагічна падрыхтаваць да таго, дзеля чаго запрасіў. Наглядчык лісліва прапанаваў Сілічу свой кацялок у абмен на вядзерца Багдана Платонавіча, за якое ў прыдачу, калі толькі Міхась згодзіцца, абяцаў яшчэ некалькі порцый кандзёру.

Паўло, мабыць, наўмысна выбраў зручны момант, калі ў штубе не было нікога з наглядчыкаў, бо не хацеў, каб яны чулі ягоную гаворку з Міхасём. Наглядчыкі з перакладчыкам у гэты час на дварэ назіралі за парадкам пры выдачы кандзёру.