Выбрать главу

Кашчунская прапанова Паўла выклікала ў Сіліча выбух абурэння.

«Ах ты, наглядчык-перакладчык! Дык ты для гэтага запрасіў у настаўніцкую выкладчыка гісторыі? Танна купляеш мяне! Свайго земляка выправадзіў на верную смерць i цяпер нават дзеля прыліку не пацікавіўся, як ён загінуў! Не паспеў яшчэ той астыць у сырой зямлі, а ты паквапіўся ўжо на ягонае вядзерца! Канечне, у яго ўвойдзе процьма кандзёру! З яго i гушчы сабе болей вывудзіш, і поліўкі хопіць, каб выменьваць за яе хлеб у гаротнікаў! Салдацкі кацялок замалы для наглядчыка! Хай ён рукі табе агнём паліць, бо ён жа сведка тваёй чырвонаармейскай прысягі!»

Усё, што накіпела на сэрцы і мільгнула ў галаве. Сіліч у гарачцы бязладна і невыразна выпаліў Паўлу, перш чым выскачыць з наглядчыцкай штубы.

Кашчуннай прапановаю наглядчык ускаламуціў усё ў Міхасёвай душы. I хаця з часам брудная муць паступова адстоялася, але ад яе застаўся брыдкі асадак, які не раставаў на дне душы. Праўда, затое агіднае ўражанне ад размовы з Паўлом паслужыла Міхасю штуршком для чарговай выдумкі.

Сіліч бачыў, як Хяндогава тройня, прыдбаўшы керн i абломак нажоўкі, актывізавала выраб шырпатрэбаўскіх сувеніраў. Суседзі паставілі гэтую справу на шырокую нагу, як кажуць, наладзілі паточны канвеер з вузкай спецыялізацыяй працы: адзін адпілоўваў канцы гільзаў і адгінаў распілаваныя шыйкі буйнакаліберных патронаў, другі надрайваў пяском загатоўкі, трэці займаўся гравіроўкаю. Ад суседзяў не адставаў і Леанід. Ён пераймаў іхні вопыт і набіваў руку на практыцы. У асноўным яны практыкаваліся толькі на падсвечніках ды на вазах для кветак. Да складаных рэчаў у іх не даходзілі рукі. Набытым хлебам яны дзяліліся з Міхасём.

— Чырвонаармейцы снарадамі ды кулямі не затрымалі фашыстаў на гэтых рубяжах. А мы нашымі парожнімі гільзамі ды стрэлянымі патронамі адгэтуль бамбім Германію і выбіваем сабе нямецкі хлеб, — неяк пакпіў Казнадзей, у голасе якога адчуваліся і прыкрасць, і горыч.

Міхася трошкі пакрыўдзілі гэтыя словы. Ён адчуваў сябе ніякавата ад таго, што пасля гібелі Багдана Платонавіча ў яго апусціліся рукі і ён, засмучаны, адстае ад суседзяў у гэтым промысле, стаў як бы іхнім нахлебнікам.

Хлопцу'хацелася паказаць суседзям, што ён яшчэ не зломак, што ёв таксама здатны на сёе-тое. Яму рупіла зрабіць што-небудзь такое, каб яны здзівіліся. З непрывычкі Сілічу было цяжкавата важдацца з металам, таму што ў школе ён меў справу толькі з дрэвам. Хаця, праўда, як выкладаў ім урок працы малапісьменны сталяр з іхняй вёскі? Часамі за адну невядома кім абгабляваную і прыхаваную за грубку ножку для табурэта многія вучні ў класе ўхітраліся атрымаць у яго адзнаку за чвэрць.

I ўсё-такі што ні кажы, а Міхасю як сыну вёскі дрэва спадручней. У маленстве ён нічога не рабіў з металу. А з ляшчыны вырабляў адмысловыя кіі, акуратна вырэзваючы кару шашачкамі, прадаўгаватымі шасцернямі і звілістымі стужкамі. Праўда, чачоткавых кіёў не рабіў. Ды яны і не ў модзе былі ў іхняй мясцовасці. Пра іх ён толькі чуў ад слуцакоў, з. якімі вучыўся ў педтэхнікуме. Затое якія прыгожыя і стракатыя кульбы рабіў, папярэдне абсмальваючы іх у вогнішчы да чарнаты. «А што? Калі б і тут змайстраваць такую, дык таксама збыў бы за мілую душу замест сувеніра. Зрабіць бы кульбу, вакол якой абвіўся падкалодны гад, як гэты наглядчык-перакладчык! — і Сіліч чамусьці ўспомніў, як яго па галаве выцяў кіем нямецкі афіцэр, у якога ажно звалілася з пераносіцы пенснэ. — Таксама падкалодная змяя, толькі — чужая, заморская. А наглядчык-перакладчык — свая, дамарослая ».

Аднойчы Міхась знайшоў у кювеце касяк адколатай цалёўкі. Адламаў востры канец, уважліва агледзеў свежаадламаны край і пераканаўся, што дошка ліпавая. А ён жа ведаў, што ліпавая драўніна мяккая i не расколваецца па слаях, як сасна. Зручны, падатлівы матэрыял сам напрошваўся яму ў рукі. Пад выглядам паліва невялікі, прыкладна метровы, касяк дошкі хлопец прынёс у лагер. А паколькі цвёрда надумаў ужо зрабіць кульбу з абвітай вакол змяёю, дык адразу ж чатырохгранную загатоўку абстругаў і закругліў. Толькі пакінуў пляскатым шырэйшы канец, таму што яшчэ пэўна не ўяўляў, якую форму надасць булдавешцы.

Думка наконт таго, каб выразаць вакол кульбы звілістую змяю, яму вельмі імпанавала. Міхасю падабалася, што на кульбе сімвалічна будзе ўвасоблены фашысцкі прыхвасцень або ягоны гаспадар. Але разам з тым хлопец адчуваў, што ў гэтай сімволіцы не хапае яшчэ нейкага атрыбута. I таму яна павісае ў паветры незалежна ад таго, як бы змяя ні абвівала кульбу. А яму хацелася, каб задума штосьці канкрэтызавала болей пэўнымі намёкамі. I ў яго ўзнікла жаданне зрабіць на кульбе дзяржальна ў выглядзе мядзведзя, які сядзеў бы на галаве змяі. Выдумка прываблівала, i хлопец спыніўся на ёй. Яму здавалася, што мядзведзя легка выразаць i разам з тым ён хораша ўвянчае дзяржальна кульбы.