Выбрать главу

Суседзі бачылі, як Сіліч валок з працы касяк дошкі, але не сумняваліся, што хлопец нясе яе для паліва. А ў лагеры, занятыя вырабам сувеніраў, надта не прыглядаліся да таго, што робяць іншыя палонныя. Праўда, Леанід бачыў, як сусед абстругваў і закругляў драўляную загатоўку, але таксама не здагадваўся, што надумаўся рабіць сябра. Толькі пасля таго, як Міхась з шырэйшага яе канца выразаў мядзведзя i, састругваючы, пачаў патончваць загатоўку, пакідаючы вакол выпуклую звілістую змяю, суседзі зразумелі, што ён робіць.

Лязо самаробнага нажа, якое Багдан Платонавіч адтачыў аб цагліну, было вострае i пад націскам Міхасёвай рукі паслухмяна ўваходзіла ў падатлівую ліпавую драўніну. Хлопец з агідаю паглядаў на змяю, якая мёртвай хваткаю абвіла кульбу, і яму здавалася, што гэтак жа ўчэпіста, нібы ўдаў, Паўло абвіў Багдана Платонавіча і высмактаў яго кроў, а пасля яшчэ хацеў піць кандзёр з ягонага дзюралевага вядзерца.

Для таго, каб змяя была болей прыкметная на фоне кульбы, Сіліч зрашаціў яе дробнымі выемкамі. Праўда, калі ў грубцы абпаліў кульбу, як галавешку, гэтыя выемкі не надта кідаліся ў вочы. I тады ён знайшоў епосаб, як аднамасны жыган зрабіць хоць трохі рознакаляровым. Спачатку некалькі разоў старанна вышараваў яго сухой травою, каб абпаленая паверхня не бралася за рукі i не пэцкалася. А потым змяняў адценні паасобных фігур у залежнасці ад таго, колькі часу надрайваў іх суконкаю. Аснову кульбы пакінуў чорнаю, мядзведзя зрабіў бурым, а змяю —іржаваю. Абпаленыя ўсярэдзіне выемкі не вышароўваліся, i таму змяя была густа ўсыпана чорнымі плямкамі.

Кульба атрымалася на заглядзенне. Гэта адзначылі ўсе суседзі. Каб на яе не паквапіліся вартавыя, Сіліч вымушаны быў хаваць кульбу пад гімнасцёркаю і ў портках.

Вартавы з жалезным крыжам дапамог яму збыць яе афіцэру, які з нямецкімі салдатамі купляў у палонных сувеніры. Афіцэр як глянуў на кульбу, дык ужо не выпусціў яе з рук. Праўда, калі ўважліва разгледзеў, нечакана спытаўся:

— А чаму ў змяі расплюснута галава?

— Таму, што ў мядзведзя цяжкі азадак, —міжволі сарвалася ў хлопца з языка нямецкая фраза. Схамянуўшыся, Міхась пашкадаваў, што выдаў сваё веданне нямецкай мовы. Але, калі ўбачыў, як афіцэр насцярожыўся, рашыў, што адступаць позна, тым болей, што вайсковец тут праездам, і, збіваючыся, растлумачыў: — Ва ўсіх жа гадаў пляскатыя галовы. Таму яны і недаразвітыя: не лятаюць і не ходзяць, а толькі поўзаюць.

— О, дык ты яшчэ і гаворыш па-нямецку! — усклікнуў афіцэр.— Колькі каштуе гэты кій?

— Цвай ляйб брот, — нерашуча адказаў Сіліч.

Афіцэр паклікаў салдата, напэўна, дзеншчыка, аддаў яму кульбу і загадаў прынесці два боханы хлеба.

У часе полудніка Міхась аддаў адзін бохан Хяндогу з таварышамі, а другі пароўну раздзяліў з Леанідам. У яго ажно палегчала на душы, калі адчуў, што і ён не нахлебнік. Усё адно як скінуў з сябе непамерны дяжар.

20

Зусім не па Міхасёвай віне аднойчы адбылася мітрэнга, у выніку якой ён ледзь не аказаўся адлучаны ад суседзяў па нарах ды яшчэ ў дадатак атрымаў калом па гарбе ад каменданта. Здарылася гэта раніцай, пасля таго, як палонных выпусцілі з-за агароджы. Калонаю яны рухаліся да склада, па чарзе ўваходзілі ў яго, бралі інструмент для працы і зноў выстройваліся.

Сіліч, Леанід, Казнадзей і Хяндога ішлі ў першым радзе. Хяндога з Ярмолікам, які ішоў у другім радзе, узялі насілкі, а астатнія трое —лапаты. Як толькі выйшлі са склада і выстраіліся, да іх падышлі камендант, перакладчык Ванька і чатыры нямецкія аўтаматчыкі. Брэс адлічыў першыя тры рады палонных і праз перакладчыка загадаў, каб яны пакінулі свой інструмент каля склада і выстраіліся зноў.

Літаральна праз некалькі імгненняў і здарылася непрадбачанае. У часе мітусні, пакуль адлічаныя палонныя прысланялі да сцяны інструмент і зноў выстройваліся, з калоны, што павінна была ўваходзіць у склад, да іх шустра прашмыгнуў Вырвін і стаў побач з Леанідам, апярэджваючы Міхася, які такім чынам апынуўся ў першым радзе пятым.

— Прэч адгэтуль! — крыкнуў Брэс. — Не ўмееш лічыць да дзесяці? Не бачыш, што ты — лішні?!

— Я тут стаяў, —паспрабаваў апраўдвацца збянтэжаны Сіліч, не адыходзячы ад суседзяў па нарах.

Але раз’юшаны камендант імгненна выламаў кол, да якога калісьці была прывязана пасаджаная бярозка, і з усяе сілы наводмаш пачаў дубасіць ім хлопца. Міхась не кінуўся наўцёкі, бо баяўся, што Брэс выхапіць з кабуры парабелум і стрэліць наўздагон, таму толькі спрытна паварочваўся, падстаўляючы пад удары то плечы, то спіну з рэчмяшком.