Выбрать главу

21

Наступнай раніцою, пасля таго, як наглядчыкі з вартавымі выстраілі палонных, каб весці на гравійку, раптам адбылося штосьці дзіўнае і нечаканае, ад чаго Сіліч разгубіўся. Ён пачуў, як Брэс гучна загадаў вартавому з жалезным крыжам:

— Кольб, вазьмі таго палоннага, якога я памылкова пабіў учора, і вядзі да грузавіка. Хай пад тваім наглядам працуе сёння разам з азіятамі.

Кольб таксама трошкі разгубіўся: мусіць, камендантаў загад і для яго быў нечаканасцю. Але не падаў выгляду, што здзіўляецца, а толькі хітравата ўхмыльнуўся. Нетаропкай хадою ён прайшоўся паўз калону, вачамі адшукаў у ёй Міхася і, не звяртаючыся да яго па імю, кіўком пальца паклікаў да сябе і не па-вайсковаму прамовіў:

— Выйдзі са строю.

Сіліч разгублена выйшаў.

Кольб перачакаў, пакуль уся калона прайшла міма, і, падводзячы Міхася да невялікага грузавіка, каля якога ўжо завіхаліся два рослыя дзецюкі ў чорнай форме і ўбаку стаялі тры палонныя сярэднеазіяты, невядома да каго звяртаючыся, з урачыстаю і адначасова іранічнаю інтанацыяй абвясціў:

— Прымайце ў кампанію.

— Калі ласкаІ —адказаў дзяцюк з карабінам, рукою паказваючы палонным, каб яны праз задні борт залазілі ў кузаў, а сам палез туды паўз кабіну.

— Гут, Любамір, — задаволена адказаў Кольб і таксама палез следам за дзецюком.

«Няўжо дзецюкі славяне? —падумаў Міхась. — Гэтае Любамір гучыць неяк па-славянску».

Ён, як і палонныя сярэднеазіяты, праз задні борт укінуў у грузавік лапату, а потым ускараскаўся сам і сеў побач з імі на дно кузава.

Праўда, сядаючы, хацеў быў пакласці лапату перад сабою, але дзяцюк, які сядзеў з Кольбам на лаве каля кабіны, па-нямецку заўважыў:

— Лапату пакінь за спінаю.

«Бач, які прадбачлівы! Вуха трымае востра! — ухмыльнуўся хлопец, засоўваючы лапату за спіну да задняга борта. — Мог бы і па-свойму сказаць беларусу, калі толькі сапраўды славянін. Усё-такі ж славянскія мовы болей падобны адна да адной. Дык не, чэша па-нямецку! Цікава, як жа яго разумеюць сярэднеазіяты?»

Сягонняшні ўчынак каменданта быў настолькі дзіўны і нечаканы, што збіў Сіліча з панталыку. Хлопец не верыў і нават не дапускаў у думках, каб такі зверыядавец, як Брэс, мог расчуліцца i паспачуваць палоннаму, робячы для яго палёгку ў працы. Праўда, якая магла быць палёгка на земляных работах, што спакон веку лічацца цяжкімі? Хлопец жа бачыў, як гэты самазвал штодня прывозіць і скідвае на абочыне пясок i патрушчаныя руіны. Хіба ж пясок лягчэй накідваць лапатаю ў кузаў, чым на насілкі —патрушчаныя руіны або засыпаць імі галдэбіны? Можа, тут болей спрыяльныя ўмовы для таго, каб што-кольвечы падкалыміць? Канечне, цывільным людзям тут зручней, у іх болей магчымасцей перадаць палонным праснак ці акраец. Тут і галодных ратоў меней, i ахова, напэўна, не такая лютая.Але няўжо Брэс думав, што давёў нас да такога стану, калі кожнага абражанага і пакрыўджанага можна задобрыць жабрацкай міласцінаю? Вельмі ж танна ацэньвае ён чалавечую годнасць!

Для каменданта Сіліч быў толькі прывабнай нажыўкаю, на якую мог клюнуць Кольб. Праўда, якіх-небудзь пэўных, даволі канкрэтных планаў у Брэса таксама не было. Выскачка з турэмшчыкаў у каменданты недалюбліваў Кольба за самастойнасць і незалежнасць. Брэса раздражнялі дзівацкія выхадкі і манеры вартавога з жалезным крыжам, асабліва яго спагадлівасць да тых, каго ён павінен не толькі ахоўваць, але і ўсяляк прыніжаць. Спроба каменданта прыструніць і надавуміць Кольба за недазволены ўдзел у перадачы хлеба палонным ні да чаго не прывяла. Не сказаць, каб камендант баяўся Кольба, але ўсё-такі трохі дрэйфіў перад ім. Так нячысты на руку кар’ерыст адчувае сябе перад незалежным і рашучым чалавекам.

Учарашняе ўмяшанне Кольба ў камендантавы справы (заступніцтва вартавога за палоннага) асароміла Брэса перад аўтаматчыкамі і ўсёй лагернай аховаю. Каменданта ледзьве не ўзарвала. Ён насілу стрымаўся, каб не выказаць свайго абурэння. Таму ў адплату і рашыў сягоння накіраваць вартавога з пакрыўджаным палонным на самазвал, што возіць пясок. Маўляў, няхай абодва думаюць, што камендант зжаліўся над нявінна пабітым палонным і паказвае сваю справядлівасць. Дый на гравійцы Кольб тым часам не будзе мазоліць вачэй астатнім вартавым. Хай цяпер паспачувае ля самазвала і азіятам, і гэтаму палоннаму, які павінен накідаць лапатай пясок. А можа, гэты палонны разгледзіцца там, выкарыстае Кольбаву слабасць дый махне драла. Тады можна будзе заадно і расквітацца з непажаданым вартавым.