Выбрать главу

Знясіленаму дый з непрывычкі Сілічу цяжкавата было накідаць пясок у кузаў, нягледзячы на тое, што самазвал стаяў ніжэй: яны працавалі як бы на вышэйшай тэрасе. Добра, што, пакуль небарака трохі асвойтаўся з непрывычным грабарскім рамяством, яго ашчаджала сонца, якое яшчэ надта не прыпякала, ды асвяжаў лагодны ветрык, што дзьмуў у кар’ер, нібы ў горную цясніну.

Кольб паблукаў вакол дота, заглянуў у яго сярэдзіну, вярнуўся назад i цяпер спакойна расходжваў па краі кар’ера.

Хаця палонныя працавалі не спяшаючыся, аднак спатрэбілася, мабыць, каля гадзіны для таго, каб чатырма саўковымі лапатамі нагрузіць пяском невялікі кузаў.

— Генуг! —устаючы, сказаў Любамір, перадаў шафёру свой карабін, саскочыў зверху на ніжнюю тэрасу, з якой палонныя накідалі пясок, і сеў за руль грузавіка.

— Ён таксама шафёр?—здзіўлена запытаўся Міхась у новых напарнікаў па працы, калі затарахцеў рухавік аўтамашыны і яна з натужлівым завываннем павольна папаўзла з кар’ера.

— Абодва шафёры: і Ангел, і Любамір, — адказаў высокі палонны з прыгожым тварам і вузкімі вачамі.

— А хто яны па нацыянальнасці? — дапытваўся Міхась прыцішаным голасам.

— Кажуць, што балгары, —буркнуў змрочны прысадзісты здаравяк.

Сілічу чамусьці не верылася, што абодва гэтыя ахоўнікі — балгары.

Ён памятаў, што дзед часта расказваў пра тое, як з рускай арміяй памагаў балгарам граміць турэцкіх янычараў. Хлопец у маленстве не разумеў гэтага слова. Толькі пазней, у школе, ён даведаўся, што яно азначае.

Міхась ведаў, што балгарскі ўрад у гэтай вайне так, як і ў першай сусветнай, спачатку прыкрываўся нейтралітэтам, хаця на самай справе садзейнічаў Германіі, а потым адкрыта пачаў падтрымліваць яе. Аднак хлопец чуў, што балгарская армія не ваюе супраць нашых войскаў, хаця замяніла ў Македоніі, Сербскім Памараўі і Заходняй Фракіі нямецкія акупацыйныя часці і тым самым вызваліла іх для барацьбы з намі.

Ён разумеў, што фашысты маглі мабілізаваць балгараў, як спецыялістаў: шафёраў. Але не дапускаў у думках, што балгары самі ўзялі ў рукі зброю, каб ахоўваць сваіх адзінакроўных братоў, продкі якіх калісьці памагалі вызваляць Балгарыю ад туркаў.

Канечне, ягоных напарнікаў-сярэднеазіятаў ахоўнікі маглі прымаць калі не за аднапляменнікаў туркаў, дык за блізкіх да тых па знешнім выглядзе. А ён жа ўсё-такі славянін.

А можа, яны не балгары. «Аднак, хто б ні былі яны, а выгадных служакаў нанялі сабе фашысты!—прыкра ўхмыльнуўся Сіліч. — Адначасова i шафёры, і ахоўнікі. Мусіць, i плату атрымліваюць двайную? I трэба ж, як на здзек, мець такія прыгожыя імёны! Любоў і мір! Боскі анёл! Суцэльная ідылія!»

Грузавік яшчэ не паспеў знікнуць з вачэй, як Міхасёвы напарнікі паўкругам паселі на пясок.

— Ну што ж, давайце знаёміцца, — прамовіў хлопец, таксама прызямляючыся насупраць іх. — А то імёны ахоўнікаў вядомы, хоць яны i не патрэбны нам, а як зваць вас, я не ведаю. Я па нацыянальнасці беларус. Завуць мяне — Міша. — Ён назваў сваё імя так, каб яно гучала i прасцей, і карацей, бо напарнікі былі яму амаль аднагодкамі.

— А я — казах, маё імя Сабіт, —першы ветліва адазваўся на Міхасёву прапанову змрочны прысадзісты здаравяк.

— Мяне завуць Юлдаш. Я —узбек, — прамовіў услед за ім хлопец з прыгожым тварам і вузкімі вачамі.

— А я—кіргіз, Акбар, — апошнім прадставіўся палонны з чорнай стрыжанай галавою.

— У краях абодвух тваіх сяброў, Сабіт, мне бываць не даводзілася. А тваю бацькоўскую зямлю трохі ведаю. У раздольных стэпах ля Какчатава і Акмолінска займаўся страявой падрыхтоўкай.

— Гэта паўночны Казахстан,— не ўтрымаўся Сабіт. — А я родам з паўднёвага.

— Бліжэй да майго i Акбаравага краю, — падтакнуў Юлдаш.

— Твае землякі, Сабіт, частавалі мяне бешбармакам. Толькі не паспеў навучыцца есці яго рукамі. Бачачы гэта, твае землякі аднаму мне падавалі відэлец. У гарадах я запомніў казахскія надпісы на шыльдах магазінаў: «Азык-тулік», «Нан». У Акмолінску ў нашу часць улілося папаўненне з казахаў. Помню, што мяшкі ў іх былі напакаваны невялікімі, як абрыкосы, тлустымі булачкамі, зваранымі, відаць, у масле. Смаката! — прыцмокваючы, прамовіў Сіліч. — Штосьці павяло мяне на ўспаміны пра яду. Толькі апетыт раздражняю ў галодных.

— Пра добрае і ўспамінаць прыемна! — аблізнуў языком губы Юлдаш.

З расслабленымі мускуламі, адпачываючы, яны дружна змоўклі, кожны прыгадваючы аб сваім, родным і блізкім.

«I ўсё-такі ў гэтым кар’еры спакайней, чым на гравійцы, — нарэшце прыйшоў да высновы Міхась, выпростваючы ногі і прылягаючы на правы локаць, —Там, канечне, праца лягчэйшая, але ж усё роўна трэба варушыцца дзеля выгляду, стоячы цэлы дзень на нагах. Дый яшчэ з усіх бакоў швэндаюцца наглядчыкі з кіямі, прыдзірлівы дарожны майстра не дае спакою. А тут накідалі пяском кузаў дый на бакавую. Пакуль самазвал адвязе яго на гравійку, не меней паўгадзіны пройдзе. А пакуль вернецца назад, добрая гадзіна міне. Пасля кожнага рэйса можна прылегчы на пяску. Братушка-славянін маўчыць, не загадвае ўстаць i стаяць на нагах. Можа, ён і прымусіў бы нас што-небудзь рабіць, калі б тут знайшоўся які занятак. Значыць, невыпадкова камендант пасля таго, як забралі ў легіёны татарына, паслаў сюды на пастаянную працу палонных-сярэднеазіятаў. Прыхаваў іх ад пабочных вачэй. Баіцца, што хлопцаў таксама забяруць з лагера. А можа, камендант i нада мною зжаліўся пасля таго, як Кольб увёў яму ў вушы, што Брэс аддубасіў мяне нізашто? Не, гэты садыст i турэмшчык не зжаліцца над чалавекам. Фашыст не паспачувае нашаму брату. У яго ў галаве нейкія іншыя планы».