Выбрать главу

— Ён кажа, што вы надта прыгожыя. Толькі шкадуе, навошта паспяшаліся выйсці замуж?

— Няма куды спяшацца, —адказала статная, чарнабровая, мусіць, смялейшая за сваю сяброўку і, напэўна, намякаючы на цяжкасці ваеннай пары, пацвердзіла сваю думку прымаўкаю: — Паспех—людзям на смех.

— Міхель, што яна кажа?

Сіліч пераклаў словы дзяўчыны і сэнс прымаўкі.

— Дас іст гут! — засмяяўся Кольб і задаволена дадаў: — Значыць, дамовіліся: ваш шнапс, а мой — жаніх. Зразумелі?

— Гут! Шнапс дык шнапс,'—асмялела статная, чарнабровая, мабыць, не надта разумеючы тое, што сказаў вартавы.

Затое адчувалася, што русявая з мілым тварам збольшага зразумела сэнс яго слоў, бо яе ружовыя шчокі ўспыхнулі макавым цветам i яна сарамліва прамямліла:

— Канечне, за працу трэба плаціць. А грошы цяпер не ў модзе.

Па яе невыразным вымаўленні Кольб адчуў, што дзяўчына сказала штосьці Іншае, і, насцярожаны, сустрэўшыся сваім позіркам з Міхасёвым, кіўнуў галавою ў яе бок: маўляў, што яна сказала?

Сіліч пераклаў адказ дзяўчыны. Вартавы ўсміхнуўся і паспешліва крыкнуў астатнім палонным, што сядзелі паводдаль на пяску:

— Усе трое хадзіце сюды!—і паклікаў іх жэстам рукі, а дзяўчатам, смеючыся, заўважыў: — Яшчэ тры жаніхі. Хлопцы як на падбор!

Твар чырванашчокай зноў зардзеўся. Палонныя падышлі з лапатамі. Ангел таксама вымушаны быў устаць з наседжанага месца на ўскраі кар’ера і з карабінам напагатове падышоў трохі бліжэй. Сабіт узяў штыхавую рыдлёўку дзяўчат і скокнуў з ёю да Міхася. А Юлдаш з Акбарам саўковымі лапатамі пачалі ўскідаць на фурманку выкінутую з ямы гліну.

— Чаму гэта немец рашыў, што мы замужнія? — нечакана спыталася чарнабровая, калі палонныя на момант змоўклі.

— А хто яго ведае? —няпэўна паціснуў плячамі Міхась і пасля некаторага роздуму ўсё-такі пераклаў Кольбу яе запытанне.

— Бо бачу, што яны прыехалі па гліну. Значыць, няйначай, як будуюць сабе жытло і заводзяць сям’ю, —усміхаючыся, па-нямецку растлумачыў вартавы, словы якога Міхась пераклаў дзяўчыне.

Яна ўздыхнула і глыбакадумна прамовіла:

— Цяпер не да будаўніцтва і не да жаніцьбы. Вайна і хаты руйнуе і сем’і развальвае.

Калі Міхась пераклаў Кольбу сэнс сказанага ёю, твар вартавога прыкметна засмуціўся, і разам з тым на ім узнікла нейкая неўразумеласць.

— Аднак, раз прыехалі па гліну, значыць, штосьці ж будуюць? — не разумеў ён.

— Навошта паліць парожнюю рускую печ? У меншай гаспадарцы меней трэба гатаваць усяго, — адказала чарнявая, калі Міхась пераклаў ёй запытанне вартавога. — На пажарышчах мы навыкопвалі цэглы і ў хаце робім невялікую пліту. Трэба эканоміць дровы. Іх цяпер цяжка набываць.

Пасля таго, як Сіліч пераклаў гэтае разважлівае і грунтоўнае тлумачэнне, вартавы яшчэ болей пасуровеў з твару і, паказваючы рукою ў бок вёскі, запытаўся:

— Гібтс фір дойчэ зольдатэн?

— Нікс, — адмоўна кіўнула галавою чарнявая.— Яны жывуць у бліндажах на беразе возера.

Міхась пераклаў яе адказ. Кольб непадалёку пачаў хадзіць сюды-туды.

Палонныя тым часам пазнаёміліся з дзяўчатамі, не спяшаючыся выкідалі з ямы гліну і накідалі яе на фурманку, паціху размаўляючы між сабою. Чарнабровую звалі Вераю, а ружавашчокую — Любаю. Вера да вайны працавала з бацькамі ў калгасе, а Люба вучылася ў Наўгародскім педінстытуце. I ў школе, і студэнткаю яна вывучала нямецкую мову і трохі разумев яе. Ва ўсякім разе, памятае шмат нямецкіх слоў. Таму Любін твар і ўспыхваў чырванню, як толькі вартавы набіваўся з жаніхамі.

Сіліч расказаў дзяўчатам пра тое, як палонных вазілі ў Ноўгарад руйнаваць брук, дзе каменедрабілка раструшчвала яго на друз, якім потым засыпалі гравійку. Сказаў, што горад дашчэнту зруйнаваны і ў ім нідзе не відаць жывога чалавека.

Аказваецца, тутэйшыя жыхары ўжо ведаюць пра гэта. Хтосьці болей смялейшы з іх хадзіў у горад мяняць свае ўбогія пажыткі на соль, якую немцы трымаюць у крамлі.

— Педінстытут быў таксама ў крамлі? —пацікавіўся Міхась.

— Не. На супрацьлеглым беразе Волхава, лявей моста, — адказала Люба.

— А што гэта за масіўнае збудаванне каля Сафійскага сабора? Усё роўна як шыбеніца для пяцярых асуджаных.

— Званіца. Званы з яе паспелі эвакуіраваць. Кажуць, адзін з іх зваліўся з баржы ў Волхаў.

— Хлопчыкі, досыць, —схамянулася Вера, таропка размотваючы накручаны на біла канец лейцаў. — А то гэтая выбракаваная канячына не пацягне такі груз. Дзякуй вам за дапамогу!