Выбрать главу

— Давай шнапс, — смяяўся вартавы.

— Гут! — усміхаючыся, адказала Вера. Абедзве лапаты Люба паклала на фурманку. Яе і сапраўды ледзьве зрушыў з месца худы буланы конь. Фурманка павольна выкіроўвалася з кар’ера, натужліва парыпваючы коламі. Вера кіравала лейцамі, а Люба ішла з ёю поруч.

Палонныя з лапатамі вярнуліся на ранейшае месца і зноў расселіся на пяску. Ангел таксама перайшоў і ўсеўся над імі на дошцы з краю кар’ера.

«Ангел-хранитель!—ухмыльнуўся Міхась. — I собіла ж, як на здзек, у няволі напаткаць ахоўніка з анёльскім імем! Чаго толькі не бывае на белым свеце!»

Хлопцу падабаліся новыя напарнікі. Ён ведаў, што яны жывуць дзесьці ў самым далёкім закутку лагера, але сягоння лёс звёў яго з імі ўпершыню. Сціплыя і зычлівыя, яны дружна трымаюцца між сабою і прыязна хінуцца адзін да аднаго. Сіліч прыслухоўваецца да іхняй незразумелай гаворкі, i яго не крыўдзіць i не раздражняе тое, што яны ў ягонай прысутнасці гутараць па-свойму. Наадварот, яму нават дзіўна, як гэта раней ён не ўяўляў, што казахі, кіргізы і ўзбекі разумеюць адзін аднаго, размаўляючы кожны на сваёй мове.

Пакуль парожні грузавік вярнуўся, палонныя паспелі адпачыць і вылежацца. Чатыром накідаць пясок у малую аўтамашыну з аднаго боку яе і нязручна, i цесна. Таму, каб не замінаць пад рукамі дый не парнуць адзін аднаго жалезняком, яны ўмудраліся працаваць па чарзе, з пэўнай паслядоўнасцю: калі двое шпурлялі пясок у кузаў, у гэты момант іншыя двое зачэрпвалі яго з долу лапатамі.

На гэты раз, кал! яны напоўнілі з коптурам кузаў i тут жа селі на пясок, шафёрскае месца ў кабіне заняў Ангел, а Любамір узяў з яго рук карабін і застаўся ахоўваць палонных. Аднак доўга сядзець на дошцы яму не прыйшлося. Як толькі грузавік знік з вачэй, Кольб, які да гэтага часу ў задуменні сюды-туды расходжваў паблізу, раптам ні з таго ні з сяго падняў з долу палонных.

— Ад расседжвання ў жылах застойваецца кроў, —па-нямецку прамовіў ён з прыхаванай на твары хітраватай усмешкаю. — Ваўка ногі кормяць. Бярыце лапаты! Пайшлі!—і паказаў рукою ў бок дота.

«Няўжо ў прысутнасці балгарскага саюзніка і ў Кольба пачынае выяўляцца тыповая нямецкая натура? — нічога не разумеў Міхась, гледзячы на Любаміра, які вымушаны быў таксама падняцца з месца і з карабінам напагатове нехаця ісці побач з немцам, —Нябось, гэты ўходаўся за абаранкам руля, а Кольб, як у насмешку, не дае адпачыць саюзніку! Але нічога не паробіш, не станет адмаўляцца выконваць загад немца. Ён—гаспадар, а ты ўсяго толькі ягоны паслугач. Няйначай, як Кольб, праходжваючыся вакол кар’ера, нагледзеў для нас нейкую працу. Можа, выкідаць што-небудзь з дота?»

Але мінулі дот i нават не завярнулі ў яго. Цяпер дарога вяла ў вёску, крайнія хаты якой былі ўжо непадалёку. «Няўжо немцу сапраўды ўзбрыло ў галаву за шнапс памагчы дзяўчатам скінуць з фурманкі і ўнесці ў хату гліну? Але як ён знойдзе іх? Ён жа не ведае, дзе яны жывуць».

Дзіўнаватая з выгляду працэсія, паперадзе якой без усялякага строю, з лапатамі на плячах ішло чацвёра расхрыстаных і проставалосых палонных, а ўслед за імі, з вінтоўкамі напагатове — двое вартавых, адзін — у чорнай, а другі—у ядавіта-жоўтай форме, падышла да крайняй хаты.

— Хальт! — загадаў Кольб, як толькі палонныя параўняліся з яе другім акном, што выходзіла на вясковую вуліцу.

Тыя, нічога не разумеючы, паслухмяна спыніліся.

Кольб падышоў да першага акна, якое ўжо мінулі палонныя, і ствалом карабіна паціху пастукаў у крыжавіну рамы. Праз нейкі момант да шкла прыхінуўся жаночы твар, у вачах якога мільгнулі і трывога,. і спалох.

— Матка, давай хлеб, картошка! — бязладна залапатаў немец, тыцкаючы ствалом у бок палонных.

Твар паспешліва адхіснуўся ад шыбіны, і насталі хвілі насцярожанага чакання. Можа, таму, што Міхасю зрабілася ніякавата за сваё становішча, яны здаліся яму асабліва доўгімі. Нарэшце шаргатнуў верхні шпінгалет таго акна, што было насупраць палонных, і яны ўбачылі, як сівая жанчына адшчоўкнула ніжні, выштурхнула вонкі дзве палавінкі расчыненай рамы і, нагінаючыся праз падаконнік, моўчкі працягнула ім паўбуханкі фармавога хлеба.

Акбар, які стаяў бліжэй да акна, зрабіў некалькі паспешлівых крокаў і, працягнутай рукою беручы хлеб, дрыжачым голасам прамовіў:

— Вялікі дзякуй, цётка!

У Міхасёвых вушах шчымлівым водгаласам адазваліся гэтыя словы. Хлопец хутчэй адвёў убок свой позірк і толькі пачуў, як Кольб загадаў: «Лёс!» ды як, брынкаючы незакітаванымі шыбінамі, зачынілася акно.

Насупраць другой хаты ўсё паўтарылася амаль 'гэтак жа. Толькі вялізны акраец з круглай каўрыжкі, якую з акна працягнула ўжо маладзейшая гаспадыня, узяў не Акбар, а Сабіт.