Выбрать главу

«Адразу відно, што абачлівы і напрактыкаваны турэмшчык! — падумаў Міхась, абапіраючыся на дзяржальна лапаты. — Падначаленых навучае розуму».

Ці то выраз хлопцавага твару выдаў гэтую думку, ці то на ім прамільгнула выкліканая ёю ўхмылка, толькі змрочны каржакаваты вартавы, што ў гэты момант праходзіў міма Міхася, раптам прамовіў яму:

— Ком хэр.

Немец павёў хлопца перад сабою па абочыне і ў розных месцах натоўпу вылучыў яшчэ трох палонных. Астатнія двое вартавых, якіх Брэс выклікаў з ланцуга ачаплення, зрабілі тое ж самае, кожны падзываючы абранніка да сябе. Потым яны размеркавалі вылучаных парамі i скрозь частакол ачаплення, пад канвоем, павялі па раздольнай дзялянцы, што раскінулася ўсцяж гравійкі і метраў за дзвесце ад яе ўпіралася ў сіняватую сцяну лесу. Сіліч адчуў сябе вальней, хаця сярод вылучаных не аказалася нікога з ягоных таварышаў. Напарнікам яму дастаўся нізкарослы шустры дзяцюк, што жыў за сцяною іхняга пакоя. Звалі яго Валька, а палонныя далі яму мянушку «пад хмелем». Так і клікалі яго многія ў лагеры — Валька Пад Хмелем. Міхась даўно звярнуў увагу, што ён сваімі пацвельваннямі і прымаўкамі спрабуе пацешыць палонных, але тыя не асабліва рэагуюць на яго кепікі, бо, мабыць, прымаюць ix за недарэчныя. Сіліч неаднойчы спачуваў дзецюку, шкадуючы, што яго жарты не знаходзяць водгуку сярод гаротнікаў, і зайздросціў яго бестурботнаму, вясёламу характеру. Хлопцу чамусьці здавалася, што чалавек з такой натураю ва ўмовах палону лягчэй пераносіць пакуты паднявольнага жыцця i не гэтак абвострана i балюча рэагуе на абразы і здзекі.

Чым далей вартавыя адводзілі ix ад палосы адчужэння па аголеным расцяробе, тым глыбей удыхалі Міхасёвы грудзі вільготнае ранішняе паветра, настоенае на сакавітым разнатраўі, якое ўдалечыні ад гравійкі не было прыцярушана дарожным пылам і абвявалася ледзь улоўным лясным водарам. Па засохлых і пацямнелых ад часу зрэзах на несамавітых пнях было відно, што тут рос малады лес i што ссеклі яго або ў канцы мінулага лета, або позняй восенню. «Пад корань усё выцярэбліваюць, сволачы, i нашу моладзь, і лясны маладняк, — думаў Міхась, на хаду бегла акідаючы насцярожаным позіркам альховыя, бярозавыя ды асінавыя пні, што сіратліва вытыркаліся з зямлі, як нямыя сведкі спусташальнага рабавання. — Мусіць, адгэтуль гітлераўцы вывозілі бярэзнік для крыжоў на могільнік сваім ваякам у наўгародскім крамлі». Сярод пнёў збольшага было папрыбірана галлё. Скрозь, як глянуць, вырасталі з зямлі парасткі нізкарослага драбналесся. Шорсткі сівец ды лясная трава, што, незацененыя, цяпер буялі на выгодзе, папрашывалі прэлую леташнюю лістоту, якая высахла ад сонца і шорхала пад нагамі, нібы каляная.

Не даходзячы крокаў сем да прысадзістага бярозавага пня, які, як прывід, узнік наперадзе, Сіліч заўважыў, што яго чорна-белую, нібыта срэбраную, аснову акаймоўвае ўнізе прывабны залацісты вянок. Праява не магла ашукаць позірк заядлага грыбніка. Хлопец насцярожана сцяўся ўвесь і ў адно імгненне, спружыніста згінаючыся, на хаду расчапіў і з карэньчыкамі выдраў з зямлі ржава-бурыя каралавыя зросткі. Ужо ў прыполе гімнасцёркі прагным позіркам акінуў крамяныя шляпкі ў крапінках бурых вяснушак і, пераконваючыся па паясках на ножках, што апенькі сапраўдныя, асцярожна апусціў іх у бляшанку ад дымавой шашкі, што была ў рэчмяшку, які ён спрытна скінуў з аднаго пляча і хуценька разборсаў.

Усё гэта адбылося настолькі хутка і нечакана, што змрочны вартавы, які ішоў ззаду, не паспеў ачомацца і толькі запознена прамармытаў панямецку:

— Як шкадлівая свіння, на хаду скубе патраву.

«Мала таго, што высякаюць наш лес, дык яшчэ і грыбы ў ім лічаць сваёй уласнасцю», — раззлаваўся хлопец. Але ў той жа момант яго жар ахаладзіла каманда «хальт!», якую ззаду падаў жвавы вартавы. Яна прагучала ў паветры халодным кляцаннем вінтовачнага затвора.

— Хальт!

— Хальт!

Нібы падвоенае водгулле яе, адзін за адным пачуліся разрозненыя выкрыкі астатніх ахоўнікаў, калі шлях палонным перагарадзілі раскіданыя па зямлі бярозавыя, асінавыя ды альховыя бярвенцы. Яны ляжалі абыяк, нібы салдаты, што ў наступленні загінулі ад варожых куляў.

Цяпер толькі яны злёгку загрувашчвалі вузкую палосу расцяробу, што аддзяляў гаротнікаў ад лазовых кустоў і непралазнага зарасніку, дзе смуга бялёсага туману ахутвала доўгачаканую волю. Пакуль што неакрэсленая і туманная, як гэтая смуга, воля нейкай падспуднаю і неадольнай сілаю прываблівала да сябе і ўжо трымала ў полі свайго прыцягнення, якое раптам абарвала нямецкая каманда: «Абедзве пары, бярыце па бервяну і выносьце на аўтамашыну!», якую падаў жвавы служака-вартавы, што з вінтоўкаю напагатове загарадзіў сваёй чацвёрцы палонных шлях да лесу і жэстам адной рукі паказаў, каб яны падымалі з долу лясіны.