Выбрать главу

Нібыта цені гэтага служакі, астатнія двое вартавых з вінтоўкамі напагатове таксама зайшлі спераду сваіх чацвёрак i расслаблена скамандавалі неўпапад: «Лёс!»

«Кожны з іх сочыць толькі за сваёй чацвёркаю, — пераконваўся Міхась, падымаючы з напарнікам з долу бярозавае бярвенца. — А гэтая нямецкая педантычнасць нам на руку. Наш вартавы хоць з выгляду i змрочны, але ён цельпукаваты і непаваротлівы. Калі ўвішна дзейнічаць, яго можна аблапошыць. Асабліва тады, калі будзем браць бярвенцы бліжэй каля кустоў і зарасніку».

Бярвенца, якое яны неслі, было нецяжкое. Нізкарослы напарнік трымаў на плячы яго танчэйшы канец, а цыбаты Міхась—камель. Хлопец павярнуў галаву налева, а потым прыхінуўся шчакою направа, да настылага паркалю бяросты, акідваючы позіркам іншыя лясіны, якія неслі суседнія палонныя, і ўбачыў, што іх асінавыя і альховыя бярвенцы прыкладна такой жа таўшчыні. Гэтым дрэвам гадоў па пятнаццаць — дваццаць, не болей. Значыць, тут рос малады лес. Напэўна, немцы прымусілі сялян выцерабіць яго, каб для бяспекі агаліць з абодвух бакоў гравійку, аддаляючы ад яе надзейныя i зручныя подступы, а драбнейшае ламачча з галлём аддалі ім на дровы.

Праз адчынены задні борт кожная пара палонных нетаропка засоўвала ў кузаў камлём да кабіны сваё бярвенца. У першы прыход яны прыкрылі імі амаль усю падлогу кузава.

Вартавыя вялі палонных па бярвенцы шырокім ланцугом: пара каля пары, а назад—вузейшым, бо кожны з двух напарнікаў ужо нёс лясіну, ідучы адзін за адным. Як толькі Міхасёва пара з бярвенцам на плячах падышла першы раз да грузавіка, хлопец адчуў, што яго напарнік Валька знарок марудзіць, даючы магчымасць іншым хутчэй разгрузіцца. Яны самыя апошнія запхнулі ў кузаў сваю лясіну і нетаропка прыстроіліся збоку да ланцуга, каб ісці па наступную. I тады Міхась нарэшце зразумеў, чаму Валька выгадваў час. Ён разлічыў, каб стаць побач з Міхасём самым крайнім у ланцугу, дзе надзейней можна шапнуць пару слоў.

— Глядзі пільна. Будзь напагатове. У зручны момант нырнем у зараснік, — на хаду адрывіста шапнуў ён Міхасю, калі пад канвоем вартавых палонныя ўлегцы ішлі па выцерабленай дзялянцы.

Напарнікава папярэджанне падбадзёрыла i яшчэ болей абнадзеіла хлопца. «На пару і ўцякаць смялей, і дваім спадручней, чым аднаму,— думаў Міхась. — Асабліва з гэтакім шустрым і бойкім. Дзяцюк спрытны і паваротлівы, разам з ім будзе лягчэй пераносіць цяжкасці і нягоды».

Цяпер у Сіліча было такое адчуванне, як быццам чым бліжэй да кустоў палонныя прыбіралі лесазавал, тым хутчэй у яго за плячамі вырасталі нябачныя крылы. Яму здавалася, што, пакуль ён з напарнікам нясе лясіну, яна яшчэ прыціскае ix да зямлі, а як толькі пагрузяць яе на аўтамашыну, крылы адразу ж гатовы развінуцца ўшыркі — i ён вось-вось выпырхне з няволі.

Праўда, з кожным падыходам да лесазавалу Міхасю было відно, як у хмызняку ўвачавідкі радзее i рассейваецца смуга, прыадкрываючы бухматыя абрысы паасобных кустоў і прысадзістых дрэўцаў, што, канечне, трошкі засмучала, але канчаткова не бянтэжыла. Бо як выступалі з туману гэтыя кусты і дрэўцы, так і ў яго свядомасці ўсё болей выкрышталізоўваліся цвёрды намер і заманлівая задума. Кожны раз вяртаючыся зноў па бярвенца, ён быў задаволены, калі бачыў, як хто-небудзь з палонных на хаду падхоплівае з-пад пня залацістыя каралы апенькаў. Яму здавалася, што прагнасць небаракаў размагнічвае ўвагу вартавых і абяззбройвае іх пільнасць. Маўляў, раз палонныя хапаюць грыбы, значыць, будуць гатаваць іх у лагеры. Перад уцёкам яны не накідваліся б на падножны корм, што непрыдатны для ежы ў сырым выглядзе. Кожны палонны ўхапіў на хаду зросткі апенькаў. Нарасло тут процьма грыбоў. Каралавымі вянкамі апенькі акаймоўвалі пні. Жыхары навакольных вёсак, мабыць, баяліся хадзіць сюды. Дый не да грыбоў людзям у гэтакі час.

Сіліч прадчуваў, што яму нарэшце пашанцуе. Гаротная доля паварочвалася да яго іншым бокам. Сама сягонняшняя праца зручная для ўцёкаў. Ды яшчэ, як на шчасце, лёс паслаў цельпукаватага вартавога і шустрага напарніка. Складваліся абставіны, якія самі падштурхоўвалі да рашучых дзеянняў. Узбуджаны настрой як быццам наэлектрызаваў усяго хлопца. Рукі і ногі ў яго напружыліся, ён глядзеў ва ўсе вочы і чуйна прыслухоўваўся да кожнага шоргату і шапацення.

Кузаў усё вышэй і вышэй запаўняўся бярвенцамі. Ужо немагчыма было засоўваць ix туды з долу. Адзін напарнік абавязкова павінен быў залазіць на грузавік i падцягваць да кабіны камель, вяршыню якога знізу падштурхоўваў другі. З бакоў нельга было падступіцца да кузава з каркасам для брызенту.