Па меры таго, як аўтамашына напаўнялася бярвенцамі, палоса лесазавалу, што аддзяляла грузчыкаў ад кустоў і зарасніку, увачавідкі звужалася. Калі кузаў быў загружаны амаль да краёў, Валька з Міхасём злаўчыліся запхнуць у яго сваё бярвенца самыя апошнія і цяпер крайнія ў ланцугу ішлі па наступнае, спадзеючыся ўжо наогул не вярнуцца на гравійку.
Нібы іскры пры кароткім замыканні, у Міхасёвай галаве ўспыхвалі і гаслі абрывістыя думкі. Ён разумеў, што не толькі яны з Валькам, але і іншыя палонныя мараць шмыгнуць у зараснік. Пашанцуе, вядома, таму, хто апярэдзіць. У вартавых па абойме патронаў у вінтоўцы. Кожны з іх з нямецкай педантычнасцю ў першую чаргу будзе сачыць толькі за сваёй чацвёркаю і страляць толькі па ёй. Чацвёрка жвавага служакі наўрад ці перахітрыць борздага і паваротлівага вартавога. А Міхась з Валькам павінны абвесці вакол пальца цельпукаватага немца. Пакуль ён павернецца ды разгледзіцца, дык яны вылузнуць ногі з драўляных калодак і ў адзін міг апынуцца ў гушчары. Няхай страляе туды, дзе затрашчыць ламачча ды зашастае голле. Нябось, ён жа, як аўчарка, не палезе ў зараснік: пабаіцца.
I хлопец, здаецца, ужо на поўныя грудзі ўдыхаў лясную вільгаць і адчуваў фізічна, як па яго гарачых шчоках і скронях, нібы распараны венік у лазні, сцёбае настылая росная лістота. Да вузкай палосы лесазавалу заставалася ўсяго толькі некалькі крокаў, калі ззаду ў Міхася раптам нехта прамовіў па-нямецку:
— Няхай аднясуць апошні раз, а мы паглядзім, ці шмат бярвенцаў застанецца на расцяробе.
— Колькі ні застанецца, а ўсё роўна ж прыйдзецца прыязджаць яшчэ, — адрывіста адказаў нехта другі.
Па металічным тэмбры голасу Міхась пазнаў, што гаворыць Брэс. Хлопец увесь сцяўся ад нечаканасці і, убіраючы шыю ў плечы, нясмела павярнуў галаву направа, наважваючыся пераканацца ў правільнасці сваёй здагадкі.
Справа, абганяючы ланцуг палонных, да лесазавалу паспешліва ішлі камендант з фельдфебелем. Як быццам паказваючы сваю пільнасць і выслужваючыся перад Брэсам, вартавыя таксама пачалі абыходзіць ланцуг з двух бакоў, заходзячы спераду палонных і адразаючы ім шлях да зарасніку.
У Міхася адразу ж абмякла ўсё цела і расслабіліся ногі. Калі палонным загадалі браць з долу лясіны і ён з Валькам падняў асінавае бярвенца, у яго было такое адчуванне, нібыта ён надарваўся, носячы непасільны цяжар. Да грузавіка хлопец ішоў сам не свой. У яго падкошваліся ногі i дрыжэлі рукі. Не зважаючы на высокі рост, ён ледзь-ледзь падняў на пагружаныя канцы бярвенцаў камель сваёй асіны і насілу ўскараскаўся ў кузаў, каб з дапамогаю Валькі падцягнуць яе да кабіны.
Сіліч разумеў, што ўцячы не ўдасца. Ён страшэнна злаваў на фельдфебеля, якому ўздумалася ісці да лесазавалу і цягнуць туды за сабою Брэса. Праўда, у хлопца яшчэ цеплілася спадзяванне на тое, што аўтамашына адвязе бярвенцы і вернецца сюды па астатнія. Але пасля таго, як Брэс загадаў вартавым ісці на сваё месца ў ланцугу ачаплення, а сам сеў з фельдфебелем у кабіну, грузчыкі павінны былі зноў браць у рукі свае лапаты з насілкамі і разам з усімі палоннымі займацца нуднаю працаю. «Калі нават грузавік і вернецца, дык неабавязкова ж мы будзем нагружаць яго лесам,—падумаў хлопец, вымаючы сваю лапату з кучы патрушчаных руінаў, каля якой нетаропка кешкаліся ягоныя таварышы. — Вартавыя вылучаць з гурту іншых палонных для гэтай працы».
— А мы пазайздросцілі, што табе нарэшце пашэнціла. Думалі, дасі драла,—не ўстрымаўся Хяндога.'—Здавалася ж, адтуль рукою падаць да зарасніку.
— Блізка відаць, ды далёка дыбаць,— незадаволена адказаў Міхась і раззлавана прамармытаў: — Калі ж у апошні момант чорт пагнаў туды фельдфебеля з камендантам.
Хлопец не сумняваўся у тым, што, калі б ён даў драпака, ягоныя таварышы толькі пазайздросцілі б яму ды пажадалі б удачы. Спадзявацца на групавы ўцёк з гравійкі няма чаго. Уцякаць трэба адусюль, дзе толькі спрыяюць умовы. Канечне, лепей бы ўцячы дваім або траім разам. Але не чакаць жа зручнага выпадку. Пакуль яго дачакаешся, выпрастаеш ногі.
Спадзяванне на тое, што яшчэ прыйдзецца грузіць на аўтамашыну астатнія бярвенцы, таксама не спраўдзілася: грузавік болей не прыехаў.
Але затое, калі дарожны майстра абвясціў абедзенны перапынак i палонныя пачалі рассядацца і разлягацца па схілах кюветаў, змрочны непаваротлівы вартавы, што вылучаў Міхася насіць бярвенцы i перад абедам стаяў у ланцугу ачаплення побач з Кольбам, паспешліва і ўсё роўна як насуперак апошняму ўзяў хлопца распальваць цяпельца. Тое, што немец даручыў гэта яму, ніколькі не здзівіла Міхася, які ў апошні час бачыў, як гэтаму вартавому распальвалі вогнішчы іншыя палонныя. Праўда, было трохі незразумела, чаму на гэты раз немец узяў менавіта яго. Міхась не думаў, што гэта адбылося толькі таму, што палонныя, працуючы, павольна прасоўваліся па гравійцы і адпаведна перамяшчаўся ланцуг ахоўнікаў, у выніку чаго хлопец апынуўся якраз насупраць непаваротлівага вартавога. Міхасю здавалася, што фанабэрысты саманадзейны немец захацеў пакуражыцца перад Кольбам, таропка беручы менавіта таго, каго неаднойчы прасіў распальваць цяпельца вартавы з жалезным крыжам. Не паспеў хлопец заняцца працаю, як убачыў, што побач на палосу адчужэння з цэментавай трубы праз гравійку бруіць ручаінка. Ён асмялеў, набраўся нахабства і рашыў выкарыстаць яе, спалучаючы прыемнае для немца з карысным для сябе. Перш чым збіраць галлё, Сіліч на імгненне спусціў з аднаго пляча лямку рэчмяшка, хуценька выняў дзюралевае вядзерца і зачэрпнуў праточнай вады. Назбіраў шмат ламачча, каб з яго было паболей вуголля, і спадыспаду распаліў сушняк. Калі галлё разгарэлася, хлопец жэстам рукі папрасіў, каб вартавы дазволіў прысуседзіцца да агню Міхасёваму посуду. Немец нічога не адказаў, і Сіліч успрыняў ягонае маўчанне як маўклівую згоду. Каб вартавы не перадумаў, хлопец хуценька дастаў з рэчмяшка бляшанку дымавой шашкі, з коптурам напоўненую апенькамі, наспех двойчы апаласнуў іх вадою з вядзерца, тут жа зліваючы яе, брудную, на траву, потым наліў чыстай, надзеў тугую накрыўку на выпадак таго, калі галлё згарыць, каб грыбы дайшлі і ўпрэлі на тлеючым вуголлі, і ўсунуў нязвычны посуд з краю вогнішча. А сам, не жадаючы мазоліць вачэй немцу, шмыгнуў у кювет да сяброў. Міхась спадзяваўся, што ў канцы абедзеннага перапынку возьме посуд. Ён прадчуваў наперад смак згатаваных на свежым паветры грыбоў і ўяўляў, з якім апетытам будзе ўплятаць ix у лагеры дый яшчэ пачастуе і ўразіць суседзяў.