Выбрать главу

Звычайна ў абедзенны перапынак толькі пажылыя, болей цягавітыя i загартаваныя палонныя бавілі час у размовах ці, панурыя, моўчкі ляжалі і сядзелі на схілах кюветаў. Маладзейшыя, як падкошаныя, падалі на траву i адразу ж засыналі, не прывычныя па паўдня выстойваць на нагах і змардаваныя недаяданнем. Раскатурханыя дарожным майстрам i наглядчыкамі, яны неахвотна прачыналіся і адчувалі сябе як пабітыя. Ныла ўсё цела. Непакоіла ламота ў суставах рук i ног. Сягоння многія, агорнутыя дрымотаю, яшчэ не паспелі разаспацца, як праз сон пачулі паблізу прыглушаны выбух i амаль адначасова з ім адзін, а праз нейкі момант і другі гулкі стрэл.

Тыя, хто не спаў і сядзеў на схілах кюветаў, аказаліся сведкамі недарэчнага відовішча, пра якое цяпер расказвалі тым, хто прахапіўся і спрасонку разгублена праціраў вочы, не разумеючы, чаго рагочуць некаторыя вартавыя ў абодвух ланцугах ачаплення.

Аказваецца, Міхасёвы грыбы ад полымя хутка закіпелі, і пара, не знаходзячы выйсця са шчыльна закрытай бляшанкі, узарвала і высока падкінула ўгару тугую накрыўку, па якой Кольб на ляту паспеў выстраліць з вінтоўкі. Пры выбуху варыва абдало ўсяго вартавога апенькамі, нібы асколкамі. Ад нечаканасці ён выпусціў у вогнішча ражон са скібкаю хлеба і ўсхапіўся, праціраючы рукою апараны пырскамі твар ды абтрасаючы з грудзей і з жывата захлюпаны кіцель. Пакуль Кольб зацікаўлена разглядаў, у якое месца накрыўкі трапіла куля, раз’юшаны змрочны вартавы канцом вінтовачнага ствала выкінуў з агню бляшанку дымавой шашкі і з усяе сілы стукнуў па ёй прыкладам. Ад моцнага ўдару выстраліла ягоная вінтоўка. Пабялелы з твару немец сумеўся, але спачатку са злосцю пачаў таптаць нагамі бляшанку, а потым ствалом вінтоўкі падкалупнуў яе ў вогнішча.

Не здабраваць бы Сілічу, калі б куля забіла ці параніла каго-небудзь з ахоўнікаў. Аднак усё абышлося, хаця хлопец ужо да канца рабочага дня пабойваўся трапляць на вочы змрочнаму вартавому. На душы ў Міхася варочалася крыўда і на Кольба за тое, што ён выстраліў у накрыўку бляшанкі з дымавой шашкі. Немец жа ведаў, чый гэта посуд, але не пашкадаваў яго, каб толькі пахваліцца, як трапна ён страляе. «Гэтак жа ён пульнуў бы з вінтоўкі і ў мяне, калі б убачыў, што я ўцякаю з-пад ягонага нагляду, — прыйшоў да сумнага выйсця хлопец. — Кольб, вядома, чалавечны, але таксама акуратны, як усе немцы».

У лагеры пасля працы ўсім было ўжо не да гэтага смешнага здарэння, якое зацьміла i адсунула на задні план іншая, болей важная падзея. З дрывотні, з-пад вокнаў барака, у якім жылі ахоўнікі, не заўважаны Hiгам уцёк Гладыш. Раніцаю камендант паставіў яго пілаваць і калоць дровы. Напэўна, у той час, калі Брэс адлучыўся ў грузавіку з фельдфебелем, Гладыш разгледзеўся дый задаў лататы.