Выбрать главу

Спярша Сіліч трохі насцярожыўся, але ўсё яшчэ не разумеў, што збіраецца рабіць Брэс. А той паклікаў перакладчыка Ваньку, стаў спераду абодвух палонных, памкнуўся быў расшпіліць кабуру, але чамусьці перадумаў і, павучальна ківаючы ўказальным пальцам правай рукі перад іхнімі тварамі, пагрозлівым тонам сказаў, як адсек:

— Калі б учора я не быў там, дзе грузілі на машыну бярвенні, сягоння ў мяне з вамі была б кароткая размова! Папярэджваю! Улічыце гэта! — і даў Ваньку знак, каб ён пераклаў сказанае.

Ванька пераклаў пагрозлівую натацыю Брэса, хаця Міхась i сам зразумеў яе.

— Станавіцеся ў строй!—па-нямецку сярдзіта загадаў камендант.

Знянацку збітыя з панталыку, абодва палонныя разгублена сталі на свае месцы, лыпаючы вачамі.

Сіліч не разумеў, што здарылася. Ён толькі адчуў, што Брэс дазнаўся пра іхні з Валькам намер уцячы з лясной дзялянкі. Але, калі б камендант быў цвёрда перакананы ў гэтым, ён дэманстратыўна застрэліў бы ix абодвух перад усім лагерам, асабліва пасля ўчарашняга ўцёку Гладыша.

Мусіць, Брэс аб нечым толькі здагадваецца, таму і абмежаваўся пагрозаю. Але якім чынам ён змог разведаць іх таямніцу? Можа, учора на лясной дзялянцы неабачлівымі паводзінамі ці змоўніцкімі позіркамі Міхась з Валькам выдалі сябе і таму камендант з фельдфебелем апярэдзілі іх учынак? У такім выпадку Брэс там перад палоннымі выказаў бы ім абодвум папярэджанне. Чаму ж ён не зрабіў гэтага ўчора? Хаця, праўда, тады камендант яшчэ не ведаў пра Гладышаў уцёк, які пазней мог раззлаваць і абурыць яго.

Сіліч ніяк не мог здагадацца, якім чынам Брэс разведаў пра іх намер уцячы. Разгадку гэтай таямніцы прыадкрыў на гравійцы наглядчык Задзіра, які праходзіў міма па абочыне і не ўстрымаўся, каб здзекліва не ўпікнуць хлопца:

— Знайшлося двое разумнікаў! Не пераскочыўшы роў, не кажы: «Гоп!» А як аднаму за пайку хлеба налілі поўны кацялок баланды, дык ён расчуліўся і паспавядаўся ў грахах.

Спачатку Сіліч не прыдаў асаблівага значэння Задзіраваму папроку. Ці мала што будзе вярзці фашысцкі прыхвасцень? Ён са скуры гатоў вылузацца, каб толькі дагадзіць сваім гаспадарам.

Але потым, калі хлопец задумаўся над сэнсам наглядчыкавых слоў ды яшчэ прыгадаў, што прыкладна пра тое ж самае Задзіра намякаў і тады, калі лагерныя прыдуркі не абмянялі Міхасю хлеб за кандзёр, а Паўло выгнаў хлопца з наглядчыцкай штубы, загадка праяснілася сама сабою. «Хопіць, што аднаму абмянялі баланду за хлеб, дык і другі прыйшоў!» — абураўся тады Задзіра. А цяпер ён пакеплівае, што двое разумнікаў знайшлося! Дый яшчэ здзекліва насміхаецца, што калі аднаму з ix за пайку хлеба налілі поўны кацялок баланды, дык ён расчуліўся дый паспавядаўся ў грахах!

Значыць, перад Міхасёвым прыходам у штубе пабываў Валька. За пайку хлеба ён выменяў поўны кацялок кандзёру i, задаволены выгадным абменам, пахваліўся, як яны з Міхасём ледзьве не ўцяклі з лясной дзялянкі. Вядома, пры такой сітуацыі Паўло не мог не напалохацца. Бо перакладчык Ванька і наглядчыкі раней заўважалі, як ён сябраваў з Міхасём. Каб цяпер яны не западозрылі, што Міхась прынёс абменьваць хлеб на кандзёр асабіста да яго, каб выгарадзіць сябе, Паўло перад лагернымі прыдуркамі дэманстратыўна выгнаў хлопца са штубы. А каб надзейна абясшкодзіць сябе i выслужыцца перад камендантам дый заадно пазбавіцца ад няўгоднага былога сябра, данёс Брэсу на палонных, што намерваліся ўцячы з лесапавалу. Невядома толькі, ці ён словамі трапна абмаляваў каменданту знешні выгляд хлопцаў, ці злаўчыўся непрыкметна паказаць яму абодвух, што Брэс без Паўловай дапамогі знайшоў ix сярод астатніх і вылучыў са строю.

Сіліч неаднойчы бачыў, з якой лютасцю камендант распраўляўся з безабароннымі ахвярамі, i таму зразумеў, што на гэты раз толькі нейкая шчаслівая выпадковасць пазбавіла ix з Валькам ад немінучай смерці. Невядома, што прымусіла Брэса ўстрымацца ад выканання жорсткай расправы: ці тое, што ён сам быў на гравійцы пры пагрузцы бярвенцаў на машыну і нічога падазронага не заўважыў там, ці непераканаўчая доказнасць віны абодвух палонных?

Пасля ўсяго гэтага Міхась яшчэ болей узненавідзеў Паўла і праклінаў сябе за тое, што даверыўся пустадомку Вальку, балбатуну і несур’ёзнаму чалавеку. Паўло ж хоць прадажная істота, што за паслугі чужынцам хоча выратаваць сваю шкуру. А гэты языкаплёт? Значыць, многія палонныя недарэмна грэбліва адносіліся да ягоных зубаскальскіх выхадак і далі яму мянушку Валька з пахмелля. Маўляў, у гэтакіх абставінах, калі людзям не да жарцікаў і кепікаў, ён без дай прычыны пацвельваецца. Міхасю цяпер здавалася, што гэты балабон на самай справе не Валька з пахмелля, а—хвалько-пустамеля. Выхваляецца, ідучы на раць, а не вяртаючыся з раці. Менціць языком, як мянташкаю! Было б не сорамна праз які-небудзь промах загінуць ад кулі пры ўцёку на волю, чымся попусту праз ягоны доўгі язык паплаціцца жыццём у лагеры.