Выбрать главу

23

Марудна цягнуліся самотныя, аднастайныя дні. Ад яркага сонца блякнуў і непрыкметна выцвітаў нябесны блакіт, навокала ўвядала бухматая зеляніна, пакрываючыся плямінамі асенняй пазалоты. Пярэстую вылінялую футру нагадвалі прыдарожныя палеткі і аддаленыя пералескі. За кюветамі на запыленай пажухлай траве і на ржэўніку за палосамі адчужэння ляніва пагойдваліся ад ветру ніці павуціння. З непрывычкі палохала тое, як на стрыжаных галовах, нібы кволыя іголкі на маладым вожыку, увачавідкі выбіваліся натапыраныя сівыя валасінкі. Адчувалася змардаванасць у целе і стомленасць у прыродзе. Як быццам непасільную ношку хтосьці ўзваліў не толькі на чалавека, але і на зямлю, што намокла і пахла вільгаццю.

На гравійцы было ўжо не горача ад сонечных промняў, а зябка ад золкіх струменяў дажджу. У такія часіны маркотней вымакаць пад сіберным ветрам у чыстым полі, чымся нудзіцца пад дахам за бярвеннымі сценам! сярод калючай агароджы. Хаця гэта выпадала толькі ў нядзелю, дый то выхадныя дні радзей бывалі пагодлівыя. У адзін з іх, калі надарылася добрае надвор’е, як гром з яснага неба, палонных скаланула нечаканая падзея: ад барака, дзе жылі ахоўнікі, Брэс прывёў у лагер Гладыша.

— Усё-такі злавілі, сволачы, — паспачуваў небараку Ярмолік. — Ад іх ён не знайшоў схованкі нават і ў родных мясцінах.

— Мусіць, высачыць было няцяжка, ведаючы жончын адрас, — рассудзіў Казнадзей. —Цяпер пакараюць перад усім лагерам, каб іншым не панадна было ўцякаць.

— Ды ўжо ж не стануць цацкацца з ім, — асудзіў Гладышаў учынак Вырвін. — Камендант даваў яму паблажку. Дазволіў жонцы прыносіць перадачы. Пасылаў яго на такія работы, дзе можна было раздабыць жратвы. А ён замест падзякі свінню падклаў чалавеку.

«Сам ты свіння, калі садыста называет чалавекам», —ад абурэння скалануўся Міхась і ў думках пашкадаваў Гладыша. Як і іншыя, ён не сумняваўся ў тым, што Брэс перад выстраенымі палоннымі жорстка расправіцца з уцекачом.

Як быццам адчуваючы за сабою нейкую віну і таму ні з кім не вітаючыся, разгублены Гладыш увайшоў у прадаўгаваты пакой, на хаду насцярожана пераправяраючы позіркам, ці пустуе ягонае месца. Пераканаўшыся, што яно па-ранейшаму вольнае, ён як ні ў чым не бывала на чацвярэньках залез на ніжнія нары і ўсеўся паміж выпрастанымі на ўвесь рост былымі суседзямі.

У пакоі, дзе толькі што чулася ажыўленая гамонка, запанавала насцярожаная цішыня, якая звычайна ўзнікае паміж разгубленымі людзьмі, што нейкае імгненне адчуваюць сябе няёмка і лічаць, што лепей памаўчаць, чым сказаць штосьці неўпапад.

— Дзе яны злавілі цябе? —са спагадаю ў голасе запытаўся Хяндога, парушаючы няёмкае маўчанне.

Усё роўна як пераводзячы дыханне пасля доўгай хадзьбы ці збіраючыся з рассеянымі думкамі або нешта ўспамінаючы, Гладыш трохі памаўчаў і нясмела прызнаўся:

— Я сам вярнуўся.

— Як гэта сам? — недаверліва перапытаўся Хяндога. — Прыйшоў з павіннаю, ці што?

— Выходзіць, што так, — нехаця выціснуў з сябе Гладыш.

У пакоі зрабілася ціха-ціха. Здавалася, чутно было, як затоена дыхаюць дзесяткі насцярожаных людзей.

У былым класе, дзе цяпер не вучні сядзелі за партамі, а на двух’ярусных нарах ляжалі дарослыя, Сіліч адчуў сябе, як збіты з панталыку настаўнік. Ён не разумеў, як мог адважыцца чалавек на такое. Гэтакі ўчынак Міхасю здаваўся неверагодным.

— Што цябе прымусіла вярнуцца сюды?—недаверліва дапытваўся Хяндога.

— Незвычайныя абставіны. З волі ж не ўцякаюць у няволю.

— Неяк жа трымаўся гэтулькі. Хіба нельга было пратрымацца болей?

— Прыспічыла так, што не вытрымаў. Хаваўся дома. Туляўся па сваяках. Цяпер усіх, хто аднекуль з’яўляецца, немцы бяруць на ўлік па месцы жыхарства. А зарэгістраваных хапаюць і вывозяць у Германію.

— Бач, як мяняюцца часы! — здзіўлена абазваўся нехта з верхатуры. — А хадзілі чуткі, што летась немцы аддавалі з лагераў: жонкам — мужоў, а маткам —сыноў.

— Дык жа неаб’езджанаму каню заўсёды кажуць «коею, коею», пакуль не надзенуць на шыю хамут і не запрагуць у аглоблі, — разважыў Казнадзей.

«Немцы прыкідваліся наіўнымі, а на самай справе хацелі перахітрыць нас, —нарэшце ачомаўся Міхась. — Няўжо яны думалі, што мужы будуць сцерагчы толькі сваіх жонак, а сыны — сваіх матак, калі ў тых не гэтакія клопаты і абавязкі? На тое ж яны—ваеннаабавязаныя. Абавязак у іх не толькі перад сем’ямі, але і перад бацькаўшчынаю. Таму адпушчаныя палонныя і пачалі збірацца ў лясах, набываючы сабе зброю». I ўжо не ўтрымаўся, каб таксама не паспачуваць Гладышу: