Выбрать главу

— Можа, было б надзейней мець прыстанішча ў лесе? Там знайшліся б хаўруснікі.

— У нашай мясцовасці адны кусты ды дробныя пералескі, — апраўдваўся Гладыш. — Лясоў блізка няма.

— Нічога страшнага. Калі сам прыйшоў з павіннаю, немцы ўлічаць і прымуць пад увагу, — кінуўся на выручку яму Вырвін. — Шонка таксама не пакіне ў бядзе. Будзе падкормліваць перадачамі.

«Сібіракі ды ўральцы адстойвалі беларускую зямлю, а ён не змог пастаяць за маці і за бацькоўскі кут, — думаў Міхась, —У такі суровы час жанкам асабліва неабходна падтрымка і заступніцтва мужчын. А Вырвіну не сорам раіць Гладышу ўсесціся на жончын карак».

— I па дарозе цябе нідзе не затрымлівалі з гэтым кляймом на плячах? —здзівіўся Леанід.

— Зверху на мне была паддзёўка.

— А дзе ж яна?

— Прыйшлося пакінуць у бараку. Чаравікі таксама замянілі там калодкамі.

Сілічу не давалі спакою думкі пра Гладышаў учынак. «Можа, Гладыш дома даведаўся, што такіх, як мы, хто ўцёк з фашысцкага палону, асабісты не пакідаюць у лесавікоў, а справаджваюць у іншыя месцы? Таму, напалоханы, і вярнуўся назад у няволю».

Міхасю здавалася, што само слова «палон» многіх на радзіме палохае і кідае ў дрыжыкі. У іхнім разуменні яно заўсёды атаясамліваецца з паняццем здрады. Таму і не дзіўна, што гэтае слова і пасля фінскай, і ў часе гэтай вайны замоўчвалася, нягледзячы на тое, што цэлыя падраздзяленні нашых войск пры акружэнні траплялі ў палон.

Хлопец таксама пабойваецца, што пасля вызвалення такіх, як ён, чакае незайздросная доля. Ім не даруюць, што яны былі ў фашысцкім палоне.

Думкі пра гэта не раз прыходзілі яму ў галаву, але ён заўсёды стараўся адагнаць іх прэч. Міхась не сумняваецца, што падобныя думкі турбуюць і іншых. Але ён адчувае, што нашы людзі так былі прывучаны дома трымаць язык за зубамі, што нават і тут пазбягаюць гаварыць пра гэта адзін аднаму.

Праўда, аднойчы ён нясмела пачаў гаворку на гэтую тэму з Хяндогам, але той хаця i з разуменнем успрыняў Міхасёва апасенне, аднак жа адмахнуўся ад яго, глыбока не ўнікаючы ў сутнасць справы.

«Цяпер гэтым нечага забіваць галаву. Яна ад іншых думак распухае. А гэтыя толькі размагнічваць будуць, — адказаў Хяндога, —Усю энергію і сілу волі трэба засяродзіць на тым, як вылузнуцца адгэтуль. А там пабачым, што будзе. Калі што якое, дык на волі і паміраць лягчэй».

Канечне, Хяндога праў. Ён разважае цвяроза. Цяпер нельга размагнічвацца. Трэба сканцэнтраваць усю ўвагу на тое, як уцячы на волю. Там чакае дапамогі знясіленая Радзіма, якую трэба ратаваць ад небяспекі. А пасля чаму быць, таго не мінуць.

Сіліч разумее, што просты чалавек не надта задумваецца над складанымі праблемамі.

Якое з яго запытанне?

А вось у цябе, гатовы палітрук, без году камісар, запытаюцца па-другому. З табою размова будзе іншая. Маўляў, цябе гэтулькі вучылі, а штосьці не.відно, каб ты чаму-небудзь навучыўся. Ты ж павінен быў знішчыць не толькі сакрэтную зброю, але i на сябе налажыць рукі. А ты здаўся ў палон.

Што скажаш у апраўданне?

Праўда, пасля таго, як стала вядома, што ў палоне апынуўся сын Сталіна, многія пачалі спадзявацца на паблажлівасць бацькі народаў, мяркуючы, што цяпер ён адумаецца і вымушаны будзе аддаць няпісаны загад, каб не ўсіх палонных стрыглі пад адзіны грэбень, а дэталёва разбіраліся, дзе, калі і пры якіх акалічнасцях чалавек трапіў у палон.

Міхась ведае, што на іхнюю ўдарную армію камандаванне ўскладала вялікія надзеі. Спачатку яна апраўдала іх: глыбока ўклініліся ў размяшчэнне варожых сіл. Але пазней, калі гітлераўцы адрэзалі яе ад нашых войск, іхні лёс склаўся трагічна.

Канечне, вышэйшаму начальству ўсё гэта вядома. Аднак пры крушэнні цягнікоў заўсёды вінаваты стрэлачнікі.

Як бы там ні было, а ўсе ў лагеры спачувалі Гладышу і непакоіліся аб ягонай долі, ведаючы садызм каменданта, аматара жудасных караў. Таму ўсю другую палавіну дня суседзі ў пакоі стараліся суцяшаць небараку і не надакучалі яму роспытамі пра жыццё-быццё ягоных сваякоў і родзічаў пад уладаю фашысцкіх захопнікаў. А назаўтра, у часе ранішняга пастраення, баяліся, што Брэс учыніць над ім жорсткую расправу. Але на самай справе гэтага не здарылася. Наадварот, усіх надта ўразіла, што камендант нават не стаў адчытваць уцекача, а зрабіў выгляд, нібыта ў лагеры нічога не адбылося.