Выбрать главу

— Білі? Гэта той, што купіў каня?

— Ага, ён. Яму патрэбны грошы. Наяўныя. Я наняў яго і каня даволі танна. Білі добры працаўнік. Калі я адыходзіў сюды, ён пачаў капаць канавы на сядзібе. Ведаеш, ён збіраўся хоць нейкім чынам выкарыстаць нават тое сапрэлае сена, але ні ў чым не сустракае падтрымкі Сэма.

Рой быў удзячны, але не чакаў нічога добрага.

— Будзем спадзявацца, што Біл расшавеліць Сэма, — сказаў ён і скінуў з плячэй свой мех.

— Магчыма.

Рой сумняваўся ў гэтым і раптоўна адчуў, што Сэм знарок губіць яго, імкнецца зрабіць з яго ляснога валацугу без іншага прыстанішча, акрамя гэтага лесу, без іншага жылля, акрамя вось гэтай хаціны.

— Не, ты падумай, Джэк. І як гэта чалавек можа так проста пакінуць сваю хату? — закрычаў Рой. — Як можа Сэм нават думаць пра такое?

— Акрамя Сэма шмат хто ў Сент-Элене зробіць тое ж самае, — сказаў Джэк. — Ажно да самай вайны ўсе мы былі сведкамі, як дробныя фермеры адзін за адным выбывалі з гульні. Вайна крыху прыпыніла гэта, але зараз усё пачынаецца нанава. Стары Прат ужо распрадаецца, Рой, а калі стары Прат сышоў з арбіты, чаго дзівіцца дзеянням Сэма?

Але Роя не суцяшала разбурэнне іншага.

— Для Сэма гэта не апраўданне, — горка зазначыў ён.

— Ён яшчэ мо выстаіць, — памеркаваў Джэк.

— Сумняваюся, — сказаў Рой. — Сумняваюся!

Рой адчуваў, што Джэк сказаў яму не ўсё, але больш нічога сказаць не паспеў, бо з'явіўся Зел Сен-Клэр; у руках у яго было ружжо, у чорных зубах — кароткая піпка.

— А ты калі сюды з'явіўся? — здзіўлена спытаў Рой.

— Яшчэ ўчора вечарам, — адказаў Сен-Клэр. — Я сустрэў Джэка на Мускуснай завадзі, па дарозе сюды. А зараз я хадзіў шукаць аленяня ці яшчэ каго-небудзь на абед.

— А дзе Сахаты?

— Відаць, займаецца паляваннем разам з Самсонам і Скоці. У канцы таго месяца ён сказаў, што я знайду яго тут. Ён павінен быць недзе недалёка.

— Дык ён яшчэ не пайшоў у заказнік?

— Як ён пойдзе без мяне? — сказаў малеча Зел, і яго спіты, зарослы сівой шчэццю твар стаў злосным і пакрыўджаным. — Мы дамовіліся сустрэцца тут, і калі ты не пярэчыш, я пачакаю іх тут дзень-другі.

— Вядома, — сказаў Рой. — Каля месяца таму ён быў у мяне, але я думаў, што ён пайшоў у заказнік. Ён хацеў перакінуць туды човен. Але мне здаецца, што час для гэтага надта позні; праз тыдзень усюды будзе лёд.

— Ну што ж, пойдзем пешкі, — адрэзаў Зел. — А ты пойдзеш?

— Пры Джэку не магу табе адказаць, — сказаў Рой, выціскаючы з сябе невясёлы жарт.

Джэк Бэртан старанна рабіў выгляд, што і ўвагі не звяртае на іхнюю размову і цалкам захоплены распальваннем лямпы. Затым ён заняўся кухарствам, але Рой рашуча перапыніў гэта, бо Джэк быў дрэнны кухар. Рой прагаладаўся, таму хутка зрабіў абед з бекону, бобу, яек, бульбы і бляшанкі персікавага кампоту. Джэк не ўмеў нават зварыць каву, якую любіў Рой, таму той наліў вады з вядра ў эмаліраваны кацялок, закіпяціў яе, сам насыпаў туды молатай кавы. У дарозе ён піў гарбату, але ў сваёй хаціне ласаваўся моцнай салодкай кавай са згушчоным малаком. Падчас яды пачалі распытваць Роя, як ідуць яго справы. Ён расказаў ім пра масавую лоўлю на Чатырох Азёрах і прызнаў эксперымент няўдалым. Яны пярэчылі, што ўвогуле ўлоў у яго неблагі, але Рой сказаў, што і гэткага ўлову ён больш не даб'ецца.

— На Зялёных Азёрах больш не засталося баброў, а лісы і рысі не хопіць і па адным на пастку. Дзеля забавы там можна паставіць адну-дзве пасткі, але сапраўднай лоўлі там не чакай. Непатрэбнага клопату шмат, а здабытак — на капейку.

— Мы з Зелам праверылі некалькі тваіх пастак па дарозе сюды, — сказаў Джэк. — На балоце мы знялі пацука. — Джэк сказаў, што яны садралі скурку і паставілі яе на распялку. Яна і вісела на дроце разам са скуркамі дзвюх андатраў, якія Рой узяў на тым жа балоце.

Рой пачаў ужо распраўляцца з норкай, якую злавіў на Літл-Рывер. Седзячы на ложку, ён прытрымліваў карычневага звярка паміж каленяў, асцярожна падразаў скуру ўздоўж лапак, здзіраючы яе цалкам, і адначасова ачышчаў ад тлушчу. Калі скурка была знятая, Рой нацягнуў яе пушнінай унутр на доўгую драўляную рамку. Затым, заганяючы ў цэнтр рамкі клін, ён пачаў расцягваць яе, змазваючы скурку мылам «Люкс», якое ўсунула яму ў кішэню Джыні Эндрус. Рой славіўся тым, што ўмеў расцягваць скуркі лепш за ўсіх трапераў Муск-о-гі. Ён мог расцягнуць скурку сярэдняга бабра да памераў буйнога, а буйнога — да вялікага, вялікага — як цэлую коўдру.

— Хутка ты так напрактыкуешся, — сказаў яму Джэк, — што з ласкі расцягнеш ільва.

Рой засмяяўся, але яму здалося, што Джэк жартуе нездарма. Ён зноў падумаў, што Джэк нешта недагаворвае, але, відаць, не хоча гаварыць пра гэта пры Зеле.