— Усё адно, ты занадта далёка, каб дабрацца да хаціны раней за іх, — сказаў Джэк. — Ты не паспееш папярэдзіць.
Рой стаяў, пазіраючы ўніз на возера Т. Вецер прыбіваў да берага астраўкі рыхлага снегу, і, хоць пад імі дзе-нідзе бліскаў лёд, возера яшчэ не зусім замерзла.
— На ўсходнім канцы ў мяне застаўся вялікі човен, — сказаў Рой. — Я схаваў яго там, калі пераправіўся да Індзейца Боба. Калі я зараз хутка спушчуся ўніз, дык магу што-небудзь выціснуць з гэтага чоўна і прыплысці да хаціны раней, чым яны заявяцца там.
— Ну, табе давядзецца папрацаваць на возеры Т, каб абагнаць іх. Так, папрацаваць давядзецца добра! — сказаў Джэк. — Але ты ідзі. І хутчэй. Сахаты і Зол, відаць, яшчэ там і нічога не ведаюць. Калі інспектар накрые іх, усім вам хана. Хутчэй, Рой!
Але Рой ужо імчаўся па схіле да далёкай унізе вады. Сваю ношу ён скінуў побач з Джэкам і зараз узрываў рыхлы снег, коўзаючыся па ім на крутым доўгім схіле. Джэк не мог зразумець, як Рою ўдаецца трымацца на нагах, бо ён спускаўся вельмі хутка. Але Рой здолеў захаваць над самай зямлёй цэнтр цяжару свайго каржакаватага важкага цела і без прыгод скаціўся ўніз да вады.
Каля таго месца, дзе ён схаваў човен, вада ўжо добра замерзла, і Рою давялося цягнуць човен па здрадным лёдзе да чыстай вады. Калі лёд пачаў трэскацца пад нагой, ён ускочыў у човен, вывеў яго з дробных ільдзін і пачаў веславаць. Да гэтага часу ён ужо спацеў і знясілеў, але рукі яго самі па сабе апускалі жоўтае вясло ў халодную ваду. Там, дзе яна была вольнай ад лёду, ён хутка слізгаў уперад, але там, дзе шаўкавісты лядок ужо ўкрыў паверхню, яму даводзілася націскаць і тады чуліся крохкія гукі ледзяных крышталікаў, якія крышыліся пад носам чоўна падчас кожнага ўдару вясла. Ён зразумеў, што рухаецца надта марудна. Знайшоўшы чарговую водмель, ён павярнуў да берага, хутка выскачыў з чоўна і зламаў сухую ялінку, мёртвую і рудую, але яшчэ з іголкамі. У яго не было сякеры, каб ссекчы жывое дрэва, і таму ён замацаваў сухую елку паміж распоркамі, прывязаў яе раменнымі ўключынамі, а затым зноў стаў на калена і веславаў далей. Вецер ударыў у густую паверхню елкі, якая складала каля дванаццаці футаў, і човен адразу паплыў хутчэй. Пры спадарожным парывістым ветры ён нёсся зараз з такой хуткасцю, што пад цяжарам елкі ледзь не чэрпаў носам бурлівую ваду. Нават на падмерзлых участках ён рассоваў тонкія льдзіны і не збаўляў хуткасць.
Рою ўдалося абысці найбольш замерзлыя ўчасткі, але часам, калі лёд са скрыгатаннем сяізгаў па афарбаваным брызенце бартоў, яму здавалася, што човен прабіты. Чым бліжэй падплываў ён да хаціны, тым больш дапамагаў яму вецер, і, імкнучыся злавіць яго парывы ці прасоўваючы човен праз ледзяную плёнку, Рой ужо пачынаў спадзявацца, што паспее.
Ён з такой хуткасцю нёсся да скалістага прычала, што яму давялося кінуць вясло і паспрабаваць утрымаць човен, адвязаўшы елку, затым надзвычайнымі высілкамі ён падняў яе тырчком і, захоўваючы раўнавагу падчас рэзкіх парываў ветру, вывеў ствол за борт і кінуў убок, як дроцік. Гэта яму ўдалося, але човен ледзь не перакуліўся і зачэрпнуў столькі вады, што адно вясло сплыло. Рой ледзь паспеў схапіць другое і хоць крыху затармазіў човен, тым самым аслабіў удар аб скалу.
Але ён спазніўся. Побач з Зелам Сен-Клэрам там ужо стаялі два мужчыны.
Раздзел восьмы
— Гэта Рой Мак-Нэйр, — сказаў Зел незнаёмым мужчынам.
Рой ужо заўважыў, што сярод іх не было інспектара.
— Добры дзень, — сказалі яны Рою.
Рой нічога не адказаў. Ён яшчэ не мог аддыхацца пасля такога напружання. Ён ведаў, што гэта прадстаўнікі нейкай улады, ён беспамылкова вызначыў гэта па іхняй гаворцы і манерах, як бы па-сяброўску і нязмушана яны сябе ні паводзілі. Адзін быў таўстун, з праніклівымі вачыма і ўпэўненай лініяй рота. Другі — малады бландзін сярэдняга росту. Апрануты як паляўнічыя, у чырвоныя курткі і кепкі, абодва ў высокіх паляўнічых ботах і скураных пальчатках. Тыповыя асобы пры пасадзе, толькі невядома якой. Рой падумаў, ці не леснікі гэта? Ва ўсякім разе не пушнінныя інспектары.
— Мяне завуць Бэрк, — сказаў камлюкаваты.
Ён гаварыў рашуча, амаль рэзка, не спускаючы жывых вачэй з заклапочанага твару Роя.
— А гэта Ласон, — сказаў ён пра маладога бландзіна. — Мы работнікі па ахове рэсурсаў пушніны і рыбы.
Рой ніколі пра такіх не чуў.
— Вы інспектары? — смела спытаўся ён.