Выбрать главу

— Дзіўна, — сказаў ён, пазіраючы чорнымі вачамі на бабровыя скуркі над галавой, — дзіўна, як адны жывёліны трымаюцца адной самкі, а іншым быццам усё роўна, абы адарваць сваё дзе давядзецца.

— У лесе няма такога звера, які трымаўся б адной самкі, — заявіў Рой.

— А бабёр, — запярэчыў Зел.

— Хітры бабёр зусім не такі прыкладны ў сямейным жыцці, як гэта звычайна лічаць, — сказаў Рой.

— Ён прытрымліваецца адной самкі, — настойваў Зел.

— Ён выбірае сабе сяброўку, будуе хатку і клапоціцца пра сяброўку і дзяцей, — сказаў Рой, — але, акрамя таго, начамі ён знікае ў пошуках іншых самак. Мне надаралася лавіць старых самцоў на месцы сустрэчы, куды яны прыходзілі шукаць чужых самак. Тое ж самае і скунс. Сваю самку ён пакідае ў нары і ідзе шукаць іншую. Гэта праўда, містэр Бэрк? — спытаў Рой.

— Праўда, — адказаў Бэрк.

— Я вам і больш магу расказаць, такога вы, напэўна, не бачылі, — працягваў Рой. Ён папраўляў у печы дровы. Джэк, які назіраў за ім, трохі супакоіўся. — У Каліфорніі я бачыў халастога бабра, старога халасцяка, які збудаваў сабе хату і жыў у ёй адзін. Хочаце верце, хочаце не, містэр Бэрк.

— Чаго толькі не бывае ў Каліфорніі, — згадзіўся Бэрк.

— Ты ж ніколі не быў у Каліфорніі, — сказаў Зел Рою.

Той нібыта не пачуў заўвагі Зела.

— Альбо вазьміце норку там, на захадзе. З усёй прынады прызнае толькі крутое яйка. А калі не сервіруеш ёй крутых яек, яна выпраўляецца на бераг акіяна і спакойна чакае, пакуль ён выкіне ёй рыбу на абед. Вось гэта мясціны! — сказаў Рой. — Нават бабёр здольны заленавацца. Без вялікай патрэбы нават плаціну не збудуе, не ўмее пракладваць пратокі. Жыве сабе побач з фермерамі і аб'ядае фруктовыя дрэвы. Ён мае там летнюю нару, зімовую нару — і ўсё! Гэта праўда, бабёр жыве ў Каліфорніі прыпяваючы.

Усе засмяяліся, і Рой гучней за іншых.

— Хіба не так, містер Бэрк? — сказаў Рой.

— А калі ж ты быў у Каліфорніі? — дапытваўся Зел.

— Расстаўляў я там аднойчы пасткі, — сказаў Рой. — Залатая гата была лоўля!

Джэк часта чуў расказ пра каліфарнійскую лоўлю Роя, але так і не мог вырашыць, верыць у гэта ці не. Адзіны раз, калі Рой на доўгі час пакідаў Сент-Элен, быў цяжкі час крызісу на пачатку трыццатых гадоў. Тады Рой знік ажно на паўтара года. Вядома, ён мог быць і ў Каліфорніі, хоць Джэк меркаваў, што Рой проста працаваў на ферме дзе-небудзь у Мічыгане, але быў занадта ганарлівы, каб прызнацца ў гэтым.

— Вось я раскажу вам, што бачыў у адной бабровай хатцы, — сказаў Рой.

— Дзе? У Каліфорніі? — недаверліва спытаў Зел.

— Не, тут на Чатырох Азёрах, некалькі гадоў таму, — адказаў Рой. — Неяк на світанні я натрапіў на бабровую хатку і знайшоў у ёй старога бабра, які хроп на ўсю акругу. — Рой прамовіў гэта так сур'ёзна, што ўсе паверылі яму, хоць і засмяяліся. Такім чынам, размова скіравала ў вызначаны Бэркам напрамак. Яна стала дыялогам паміж Бэркам і Роем, з якога Бэрк выведваў усё, што яго цікавіла.

Рой захапіўся сваімі ляснымі прыгодамі, што і патрабавалася Джэку. Рой сядзеў на скрыні ля акна, жаваў сваю жвачку «Прынц Альберт», ляпаў сябе па каленях, калі даходзіў да нечага захапляльнага, надаваў твару сур'ёзнасць, калі трэба было быць сур'ёзным, але, па-сутнасці, яго словы былі звернуты да Бэрка: Рой нібыта запрашаў яго сваім аўтарытэтам аспрэчыць іх дакладнасць, знарок змешваючы праўду з няпраўдай, сур'ёзнае і жартаўлівае, каб выклікаць Бэрка на спрэчку і тады паспрачацца з ім як след. Але Бэрк толькі пытаўся і слухаў.

Часам даходзіла да сапраўднага глупства.

— Ці бачылі вы калі-небудзь лісу, — сур'ёзна пытаўся Рой у Бэрка, — як яна залазіць у возера з галінкай у зубах і чакае, пакуль усе паразіты нё збяруцца на галінку, а пасля выпускае яе з зубоў, а сама плыве да берага?

Калі размова пайшла пра лісу, Рой расказаў, як яна ў пагоні за зайцам ідзе за ім след у след, як балансуе хвастом падчас бегу. Скончыўшы расказ пра лісу, ён перайшоў на рысь. Як няўклюдна даганяе яна зайца, як скача і правальваецца ў снег замест таго, каб слізгаць, як на лыжах.

— Ведайце, што рысь палюе па вялікім крузе, як трапер па ланцугу пастак, — гаварыў ён Бэрку. — Да таго ж, ведайце, што яна скарыстоўвае тады чалавечую сцежку.