— Значыць, паляванню ў Муск-о-гі сапраўды канец? — спытаў Рой.
Рашуча сціснутыя губы на імгненне расціснуліся, выдаючы сумненні Бэрка.
— Мне хацелася б аспрэчыць гэта, Рой, але вы самі, напэўна, ведаеце.
— Вы спецыяліст, — сказаў Рой. — Вам і кнігі ў рукі.
Бэрк кіўнуў.
— Вы маеце рацыю. На жаль, гэта так.
Да гэтай пары Рою пагражаў выпадковы капрыз прыроды, але словы спецыяліста пра тое, што паляванне тут скончана, надавалі гэтаму безапеляцыйнасць чалавечага выраку. Хвіліну Рой памаўчаў. Яны ўсе маўчалі. Рой мелькам акінуў вокам сваю хаціну. Пасля ён засмяяўся так, як ніколі яшчэ не смяяўся.
— Дык, значыць, усім нам хана, — сказаў ён.
— Не думаю, — мякка зазначыў Бэрк. — Не забудзьцеся, што існуюць звярыныя заказнікі. Прыйдзе час, і яны ўратуюць паляўнічых.
— А які толк ад дзічыны ў заказніках?
— Рана ці позна ахоўваемая дзічына заказнікаў размножыцца і распаўсюдзіцца на суседнія ўгоддзі. Мо для вашых мясцін у гэтым і няма сэнсу, але ў рэшце рэшт гэта адзіная надзея для паляўнічых, Рой.
Рой гэта ведаў, але зараз для яго не было суцяшэння. Ён быў занадта прыгнечаны крахам Муск-о-гі.
— Ідзе працэс, а нам хана! — вось і ўсё, што прамовіў ён напрыканцы.
Іншыя не зразумелі, але Джэк яго зразумеў, і яму гэта не спадабалася. Рой зноў засмяяўся кароткім злосным смехам, і Джэк ведаў — гэта Рой прызнае, што лес і Сент-Элен, нарэшце, перамаглі яго: лес, Сент-Элен і Эндзі.
Раздзел дзевяты
Раніцай Джэк, Зел і Рой выправіліся на возера Піт-Піт, каб правесці спецыялістаў, якія адляталі на сваім маленькім гідраплане. Пакуль Зел і Джэк дапамагалі Бэрку грузіцца, Рой разам з Ласонам здымаў з матора падшываны чахол.
— Куды вы кіруеце зараз? — спытаў Рой. — На поўнач?
Ласон зірнуў на пабялелае возера, якое замерзла амаль да сярэдзіны. Нават вузенькая чорная палоска вады была накрыта ледзяной плёнкай.
— Не, — адказаў Ласон. — Трэба яшчэ наведаць індзейца на парогах Уош-Уош. Спадзяюся, мне ўдасца пасадзіць самалёт на раку, калі, вядома, яна не замерзла.
— А пасля куды? — асцярожна спытаў Рой.
— Сент-Элен, а затым у Таронта. Калі мы не паспяшаемся вярнуцца туды, нас дзе-небудзь замарозіць. — І ён нагой стукнуў па паплаўку, на якім стаяў.
— А што вы хочаце ад Індзейца Боба?
— Нам патрэбна рыба з яго ракі, — патлумачыў Ласон. — Чорны акунь, калі ўдасца яго знайсці.
— Вы лічыце, што рыбную лоўлю забароняць, як і паляванне? — спытаў Рой.
Ласон, круцячы вінт, кіўнуў бялявай галавой.
— Баюся, што так і будзе, — сказаў ён.
— Я разумею, дзічына сыходзіць, — сказаў Рой. — Але чаму знікае ў нашых азёрах рыба? Тым больш чорны акунь. Яго ж тут ніхто не ловіць дарэшты, і незразумела, чаму з кожным годам яго становіцца ўсё менш.
— Надта шмат ілу ў гэтых азёрах, занадта густая вада для чорнага акуня, — растлумачыў Ласон. — Пакуль навокал былі сасновыя лясы, вада затрымлівалася ў глебе, яе затрымлівалі мох і хвоя, усмоктваючы, ахалоджваючы і паступова фільтруючы ў ручаі цераз балота. А зараз у гэтых аголеных зарасніках без падлеску вада проста сцякае ў азёры, зносячы з сабой шмат прымесяў і захоўваючы высокую тэмпературу. Іл асядае на дно, зацягвае гнёзды акуня і яго ікру. Вось і выводзіцца акуня ўсё менш і менш. Гэткая ж сітуацыя і са шчупаком. Увесь кругаварот жыцця ў рыбы парушаны. Для захавання прамысловай рыбы ў гэтых азёрах трэба на некалькі гадоў забараніць лоўлю.
— А Індзеец Боб і жыве, лічы, адной рыбай, — сказаў Рой. — Яму гэта будзе не даспадобы.
— Вядома, — сказаў Ласон, на імгненне адчуўшы, як ўсё гэта змрочна. — Ну, Рой, спадзяюся, мы з вамі яшчэ сустрэнемся, — сказаў ён і падаў руку. — На будучы год мы вернемся паглядзець, як тут у вас ідуць справы.
Падышоў і Бэрк.
— Так, мы вернемся. — Бэрк зірнуў на Роя. — І наступным разам вы не старайцеся абагнаць на возеры вецер.
Рой засмяяўся, але гэта быў толькі адбітак яго звычайнага смеху.
Ласон узяўся за трос і вывеў машыну на чыстую ваду. Яны залезлі ў маленькую кабіну і селі поплеч. Ласон нешта напампоўваў, турзаў за адзін рычаг, за другі. Матор забуркатаў і змоўк, затым забуркатаў зноў і нарэшце ўсмактаў лятучую сумесь і запрацаваў як след. Увесь лес адгукнуўся на металічны голас маленькай машыны. Ласон правёў яе па вадзяной сцежцы, крута павярнуў, адарваў ад вады і амаль імгненна знік за хрыбтом, пакінуўшы дзіўную пустэчу і маўклівасць.
— Пайду шукаць гэтага махляра Мэрэя, — сказаў Зел і павярнуўся да хаціны. — Здаецца, ён пайшоў без мяне, але я хачу пераканацца, Рой. Я пайду, відаць, да Скоці і Самсона, пагляджу, ці няма яго там. А калі яго няма і там, я пайду за ім у заказнік.