Выбрать главу

— Калі надарыцца выпадак, — сказаў Мэрэй, — нам варта скіраваць на захад, на той бераг ракі, паглядзець, якія мясціны там. Днямі я быў там, і мне здалося, што там яшчэ вышэй. А ты не заўважыў, што чым вышэй, тым цяплей?

Рой кіўнуў галавой:

— Унізе каля возера зараз, відаць, градусаў на пяць халадней, чым тут. І сушэй. Рукі там проста дымяцца, калі знімеш рукавіцы. — Рой зірнуў на сваю руку і толькі зараз заўважыў у руцэ ў Мэрэя ружжо. — Ты што, на паляванні? — спытаў ён.

— Проста шукаў аленя, — і вялікая рука Мэрэя нецярпліва перахапіла ложа армейскай вінтоўкі. — У пастцы іх не дачакаешся. Вось убачу буйнога самца, і нам хопіць яго на некалькі тыдняў.

— Ох і пападзе табе ад Зела, калі захочаш страляць тут! — папярэдзіў Рой.

— Ану яго! Плаксівец! — са шкадаваннем сказаў Мэрэй. — Зайдзі ты з таго боку лесу, напярэймы, а я паспрабую выгнаць, — папрасіў ён Роя.

Уяўленне пра дарогу ў Сент-Элен у Роя даўно знікла. Ён сказаў: — Ну што ж, — і пайшоў за Мэрэем па снезе і па скалах на сама аленевую строму. Па дарозе ім сустракалася шмат слядоў, адбіткі капытоў, памёт, з'едзеныя верхавіны маладых клёнаў, але хоць яны прачасалі, падзяліўшыся, вялікую паласу лесу, нічога ім не трапілася. Нават і гэтае паляванне без ружжа давала Рою задавальненне, і ён упершыню ўсвядоміў, як сумна займацца толькі адловам баброў. Ён бачыў гэта і па Мэрэю. Мэрэй быў паляўнічы ад прыроды, у ім было мала ад звералова, і калі ён ішоў па гэтай краіне з ружжом у руках, гэта было апраўдана ўсім: і яго няўрымслівай галавой, і яго цвёрдым крокам, і яго моцнай рашучасцю забіць усё, што ні трапіць на мушку.

— Глянь, — раптам гучна зашаптаў Мэрэй.

Яны ляглі на зямлю за снежнай гурбай, як зайцы, што схаваліся ў канаве. Спераду і ніжэй, на ўскраіне замерзлага балота, паказаліся два вялікія цёмныя звяры. Яны былі напалову схаваныя за кустамі, але іх выдавала вялікая рагатая галава.

— Ат, д'ябал! — узбуджана прашаптаў Рой. — Гэта ж лось са сваёй каровай.

Мэрэй ужо папоўз убок, каб вылезці з валуноў і кустоўя, якія перашкаджалі яму прыцэліцца. Рой застаўся на месцы, аддаючы права дзейнічаць Мэрэю.

Але не паспеў Мэрэй выстраліць, як лось, адчуўшы чалавека, ірвануўся цераз лёд у балота, ласіха за ім. Гледзячы на высока ўзнятыя рогі, Мэрэй зразумеў, што скачкі станавіліся ўсё больш шырокімі і хуткімі. Але ласі былі занадта цяжкія, лёд пад імі трашчаў і ламаўся, амаль заглушыўшы першы безвыніковы стрэл Мэрэя. Яны ўжо мінулі замерзлае балота, і, адколваючы вялікія кавалкі лёду, лось ужо выбіраўся з вады, калі грымнуў другі стрэл. Але Мэрэй цэліўся не ў лася: бліжэй да яго была ласіха, якая яшчэ боўталася ў вадзе. У тое ж імгненне лось рэзка павярнуўся, убачыў, што адбылося з самкай, і кінуўся ў напрамку Мэрэя і Роя. Усім сваім масіўным целам ён урэзаўся ў замерзлае балота, нібыта і не заўважыў яго, вялізныя капыты ўздымалі фантаны белага раструшчанага лёду. Ён разбураў усё на сваім шляху. Калі выбраўся на зямлю, ён без прыпынку кінуўся на паляўнічых, ламаў дрэвы, адкідваў вялікія камякі снегу, з хуткасцю і злосцю шалёнага слана. Рой схаваўся за вялізны валун, лёг на зямлю, і, калі лось пранёсся міма, ён праз цяжкі грукат страшных капытоў пачуў гук стрэлу. Мэрэй прамахнуўся, грукат капытоў сціх удалечыні, і тады яны ўсталі, трывожна азіраліся.

— Я яго адразу ж забіў бы, — сказаў Мэрэй, — але я не ведаў, куды ты адскочыш, і прытрымаў стрэл, аднак, думаю, я яго ўсё ж падстрэліў. Вось дык махіна! — Марэй аж крычаў ад захаплення і, апераджаючы Роя, кінуўся ў халодную ваду да вялікай тушы, якая сцякала густой цёмнай крывёю на скрышаны лёд.

— Ну вось вам і мяса! — гучна крычаў Мэрэй.

Вядома, не мяса парушыла яго звычайную абыякавасць, і Рой гэта ведаў. Але, нягледзячы на гэта, Мэрэй страляў у ласіху таму, што мяса яе было больш прыемнае, чым у самца. На сваім участку кожны паляўнічы страляў бы, вядома, па самцу, бо звычайна ласіх бывае менш, але Мэрэй, нават калі б у яго быў свой участак, не прытрымліваўся гэтых правіл. Для яго адна жывёліна была варта другой.

— «Забаронена законам, — працягла прамовіў Рой, пераканаўшыся, што ласіха мёртвая, — паляваць, лавіць альбо іншым чынам знішчаць самак аленя любога ўзросту».