Але Мэрэй яго не слухаў. Ён яшчэ цешыўся забойствам і рыхтаваўся разбіраць тушу. Трэба было спачатку выцягнуць яе на цвёрдую зямлю. Раўняючыся сілай з жывёлінай, якую ён забіў, Мэрэй схапіўся за вялікую галаву, напружыўся і з дапамогай Роя зрушыў яе з месца, з цяжкасцю выцягнуў гэтыя трыста мёртвых кілаграмаў на бераг і задаволена выцер успацелы твар мокрым рукавом.
— «Таксама забаронена законам, — нараспеў і на ўвесь голас працягваў Рой, — страляць ці іншым спосабам знішчаць любога лася, які плыве ў вадзе любога возера альбо ракі».
— Які плыве! — паўтарыў Мэрэй. — Гэты дурны лось сам завёў сваю карову сюды. І яна засела. Інакш я напэўна прамахнуўся б.
Рой засмяяўся.
— Але ўсё адно ты забойца, Сахаты! — сказаў ён.
Мэрэй не стрываў:
— А ты часам бываеш падобны на інспектара ў паляўнічых штанах.
Гэты абмен кампліментамі надаў ім добрага настрою, і яны пачалі разбіраць ласіху, пакуль яна яшчэ не астыла. Яны не клапаціліся, каб разабраць яе па ўсіх правілах, а толькі паднялі тушу на дрэва — ад ваўкоў і адсеклі ад задняй часткі добры кавалак на першы час. Калі закончылі гэта, вымылі акрываўленыя рукі ў палонцы і выправіліся ў зваротны шлях. Яны пераможна пратоптвалі сабе сцежку ў снезе: ляжка ласіхі тырчала з заплечнага меха яе забойцы.
Іхняя ўзбуджанасць усё яшчэ не знікла, і ўсю дарогу яны жартаўліва перамаўляліся, як раптоўна іхнюю бесклапотную балбатню перапыніў стрэл.
Яны знерухомелі.
— Гэта не Зел, — сказал Рой. — Надта далёка!
— І нашмат больш на поўнач, — задумліва дадаў Мэрэй.
На поўнач — азначала, што стралялі ў глыбіні заказніка, значна глыбей, чым зайшлі яны самі.
— Ну вось, — прамовіў Рой, які ўсё яшчэ перажываў сваю радасную бесклапотнасць: — Гэта, відаць, нейкі абходчык адгукаецца на нашыя стрэлы, лічыць, што стралялі свае. І нам зараз застаецца спакойна сядзець і чакаць, калі нас зловяць.
Пасля гэткай філасофскай высновы яны працягвалі балбатаць, і іхняе шчаслівае ўзбуджэнне не магла парушыць нават думка пра незразумелы стрэл. Яны шумна ўваліліся ў хаціну, але тут іх сустрэў злосны Зел Сен-Клэр.
Ён абрынуў на іхнія галовы цэлую лавіну французскай і ангельскай лаянкі, абвінаваціў абодвух у ідыятызме і злосных намерах, гаварыў, што абодва яны ўступілі ў змову супраць яго, што яны ўцягнулі яго ў гэтую брудную справу і нагрузілі ўсёй цяжкай працай, што яны падманваюць яго, хлусяць і яшчэ Бог ведае што.
Гэта засмуціла Роя: ён бачыў, што Зел думае пра гэта сур'ёзна, а такіх важкіх і горкіх абвінавачванняў Рою не даводзілася чуць ні разу ў жыцці. Мэрэй дык проста паклаў свой ласіны кавалак на стол і пачаў рэзаць яго нажом, а косці секчы сякерай, на папрокі Зела ён адказваў толькі асабліва сярдзітымі ўдарамі гэтай маленькай, але смяротнай зброі. Калі Мэрэй, нарэшце, адрэзаў кавалак, дастатковы для вячэры, ён падаў яго Зелу, тым самым моўчкі запрашаючы яго заняцца сваёй справай. І тут раптам Зел сцішыўся і заплакаў ад прыніжэння. Ён схапіў мяса, шпурнуў яго ў сцяну і куляй выскачыў у марозную цемру. Мэрэй падняў мяса, вельмі марудна і старанна абцёр яго і паклаў на скавараду. Рой узяў вядро і пайшоў па ваду, а заадно зірнуць, як там Зел. Зел сядзеў каля азярца і плакаў, як малое дзіця. Рой спакойна пасядзеў каля яго, а пасля сказаў:
— Хопіць, Зел. Тут холадна.
Зел пайшоў за ім і пачаў кухарыць і падаваць на стол, моўчкі і старанна. Калі ўсе ўжо наеліся сакавітага і смачнага мяса, Зел, нарэшце, перапыніў маўчанне:
— А вы чулі той стрэл? — спытаў ён жаласліва.
— Відаць, яшчэ адзін галодны браканьер падстрэліў сабе аленя на вячэру, — разважна прамовіў Рой.
— А мне здалося, што гэта драбавік, — зазначыў Мэрэй.
— А мо гэта Самсонава пушка? — выказаў меркаванне Рой.
— Не, — сур'ёзна запярэчыў Зел. — Ён ніколі не кіне Скоці.
Рой усміхнуўся з уласнага жарту, але адчуваў, што яму не хапае Скоці і Самсона. Яму не хапала магчымасці адзін або два разы за сезон схадзіць да іх цераз раку, прадоўжыць спрэчку са Скоці альбо не першы раз выпрабаваць надзейнасць іхняга сяброўства, падбухторваючы аднаго супраць другога.
— Люблю я Скоці, — прамовіў ён. — Цяжка было б без яго Самсону.
Ніхто не падтрымаў гэткай праявы пачуццяў, і Рой выкінуў гэта з галавы. Яму не хапала і Джэка: Джэка ў лесе, Джэка ў Сент-Элене альбо проста Джэка ў любой сітуацыі. Пра гэта таксама варта было забыцца, і Рой са здзіўленнем пераканаўся, што яму гэта ўдаецца лёгка. Тут усё на свеце некуды адступала. Рой нібыта пераступіў, нарэшце, мяжу, і ў вялікай адзіноце гэтага жыцця мінулае пачынала адлушчвацца ад сённяшняга. Мінулае можна было згадваць і нават сумаваць па ім, але сапраўднае было вакол яго. Нават прымітыўная хаціна здавалася не такой і дрэннай, калі ў ёй спрачаліся. Калі Зел паводзіў сябе больш спакойна, а Мэрэй больш чалавечна, і ў гэткім невялікім прыстанішчы было дастаткова прасторна і ўтульна. Усё гэта было часцінкай сапраўднага, і Рой адчуваў, што варта дастойна пражыць і гэтае жыццё. Штораніцы, і з кожным днём усё мацней, ён жыў асалодай, як будзе ісці вакол возера, уверх па хрыбтах і куды-небудзь убок, наўздагад. Пакуль рухаліся яго ногі, ён быў шчаслівы, і Джэк, і Скоці, і Самсон, і Эндзі былі з ім як успамін дзяцінства; ён памятаў іх выразна, але з яго жыцця яны сышлі.