Выбрать главу

— Хай бярэ яго, — сказаў Рой, — каб толькі іншыя не шумелі.

Інспектар паціснуў плячыма.

— Як хочаце, Рой. — Ён нічога не разумеў.

— Тады бывайце, — сказаў Рой.

— А чаму вы не хочаце, каб я запісаў на вас адзін з паўночных участкаў? — спытаў інспектар, які пачынаў нервавацца ад выбрыкаў Роя.

— Не трэба пра гэта, інспектар, — адказаў Рой.

— Дык вы не хочаце новага ўчастка?

— Не, — адказаў Рой. — Не хачу.

— Але чаму? — умяшаўся Бэрк.

Рой зірнуў на гэтага вучонага лесавіка і засумняваўся: ці ведае ён на самай справе, што такое лес? Як яму давесці, гэтаму Бэрку, што ён страціў Сент-Элен, а значыць, страціў і Муск-о-гі, страціў і поўнач. Як яму давесці, што куды б ён ні пайшоў, яго ўсюды чакае доля ляснога сыча, як расказаць гэтаму Бэрку пра ўсё?

— Чаму б вам не пайсці на поўнач? — не здаваўся Бэрк.

— Надта далёка.

— Вы ненармальны, — прамармытаў інспектар.

— Магчыма, — сказаў Рой і пайшоў.

Рой не еў ужо цэлыя суткі і ведаў, што, калі вып'е хоць кроплю, яму стане блага. Ён нацягнуў шапку так, каб засцерагчы вочы ад сонца, і ляжаў на лаўцы каля бара Клема. Ён не хацеў больш нічога вырашаць, ні пра што думаць. Яму было прыемна, тут на сонцы, і хацелася заснуць, але заснуць ён не паспеў. Нейкі бяздомны сабака абнюхаў яго і лізнуў твар, калі ён апусціў руку, каб пагладзіць яго. Пасля прыйшоў Самсон.

Самсон ссунуў ногі Роя з лаўкі.

— Куды гэта ты спяшаешся? — спытаў ён і сеў. — Мы шукалі цябе, а цябе няма.

— Я спаць хачу, — адказаў Рой.

— Інспектар кажа, што ты адмовіўся ад свайго ўчастка і не захацеў браць на поўначы. Гэта праўда? Ты на самай справе зрабіў гэта?

Рой перавёў погляд на бляклую пляму возера Гурон.

— Праўда, Самсон, — сказаў ён абыякава.

— Я яшчэ разумею, чаму ты аддаў свой участак, — сказаў Самсон. — Але чаму не ісці на поўнач? Гэтыя мясціны чакаюць такіх, як ты. Ты гадамі гаварыў пра тое, каб пайсці на поўнач. Дык што ж сталася, чаму ты перадумаў, калі ёсць такая мажлівасць?

Рою міжволі давялося разыгрываць Самсона.

— Старэю я, Самсон, для такіх прыгод, — сказаў ён. — Гэта для такіх дужых хлопцаў, як ты. — Рой успомніў, колькі разоў ён спрабаваў разлучыць Скоці з Самсонам і нічога не выходзіла. А як лёгка разлучылі іх абставіны.

— Што ты будзеш рабіць без Скоці? — спытаў ён здзекліва.

Вялікія далоні Самсона былі такія цяжкія, што сабака глуха забурчаў.

— Скоці адмовіўся ад свайго ўчастка і вырашыў ісці на поўнач разам са мной. Давай і ты з намі. Чаму ты не хочаш? Што з табой?

Рой не адказаў, але засмяяўся са Скоці, як смяяўся з Самсона. Смяяўся ён і з сябе, са сваіх спроб разлучыць іх.

— Дык што, Рой? — спытаў Самсон.

— Я вырашыў адпачыць, — адказаў Рой.

Самсон не адставаў ад яго, не пераставала яго рука церабіць сабаку. Але ад абодвух ён нічога толкам не дабіўся, ды тут з'явіліся Скоці і Джэк Бэртан.

— Так! — сказаў Рой. — Значыцца, з'явіліся яго экселенцыя айцец Малькольм і дарожны ўпаўнаважаны.

— Я прывёў Джэка, — дзёрзка пачаў Скоці, — каб хоць ён навучыў цябе. Паслухай, Рой. Ты аддаў свой участак Індзейцу Бобу, гэта твая справа, мяне гэта не турбуе, — эмацыянальнасць гэтага ідэаліста была надта яўнай і падкрэсленай. — Але навошта адмаўляцца ад новага ўчастка на поўначы? Што ты думаеш рабіць далей? Сядзець тут і паміраць?

— Пайшоў ты, Скоці, — панура прамовіў Рой.

Скоці адмовіўся ад уяўна гнеўнага тону.

— І чаму табе не пайсці на поўнач са мной і Самсонам? — пытаўся ён. — Чаму ты не папросіш інспектара запісаць цябе на адзін з тых участкаў?

Рой паглядзеў на толькі што наваксаваныя боты Скоці.

— А навошта табе ісці на поўнач? — спытаў ён у Скоці. — Ты ж выцягнуў свой стары ўчастак, навошта табе валачыся на поўнач?

— Не будзь упартым, Рой, — папрасіў Самсон. — Чаму ты не хочаш пайсці з намі?

— Але чаму б вам не пайсці зараз у бар і не напіцца? — спытаў Рой, і адразу ж закрычаў на іх, каб не думаць, якое гэта было б шчасце — пайсці на поўнач з Самсонам і Скоці, шчасце, якое ён не прымаў дзеля непазбежнай адзіноты, якая чакала яго ўсюды ў лесе. Калі ўжо нічога не было для яго ў Сент-Элене, дык нічога не было для яго і ў лесе. Як яны не могуць гэтага зразумець?