Выбрать главу

Усё больш заводзячы сябе, ён ішоў па раллі, каб было бачна, што яму напляваць на банк; выклік быў і ў тым, як шумна пачысціў ён ногі аб жалязяку і рэзка штурхануў нагой дзверы ў кухню. Пасля гэта з яго зляцела, і ён увайшоў у хату вельмі асцярожна.

Ён спадзяваўся ўбачыць Джыні на кухні. Але яе не было там.

— Місіс Эндрус! — сказаў Рой, каб заявіць аб сваёй прысутнасці.

Адказу не было. Рой агледзеўся. На кухні быў беспарадак, які з'яўляецца адзнакай жанчын, не прывыклых прыбіраць пасля сябе. На стале стаяла вядзерца з попелам, відаць, каб пасыпаць сцежку. Рой зняў яго, пасля склаў параскіданыя дровы ля печы. Затым сеў на куфар ля акна і пачаў чакаць. Спачатку ён падумаў, што трэба, відаць, пайсці, але занадта шмат намаганняў запатрабавала дарога сюды, і ён сцішыўся, залезшы з нагамі на куфар.

Усёй істотай Рой адчуваў, што сапраўды паляўнічы вярнуўся дамоў, і гэта пацягнула яго на сон, такі патрэбны яму зараз. Ужо цямнела, а ён усё спаў. Яго разбудзіў гучны крык.

— Рой! — пачуў ён. — Рой! — гэта было падобна на рыканне.

Упершыню за ўсё жыццё ў Роя пахаладзела ўсё нутро ад непераадоленага страху; Рой адчуў яго жалезны поціск: у роце з'явіўся непрыемны смак, губы высахлі і галаву нібыта сціснулі абцугамі. На імгненне ён увесь зледзянеў, але адразу ж усхапіўся і выпрастаўся, гатовы атрасці сонны кашмар.

— Рой!

Ля дзвярэй Эндрус — не чалавек, а гара.

— Рой!

Разгледзець адзін аднаго ў змроку яны не маглі.

Рой усё яшчэ не ўсведамляў, што адбываецца.

— Так! — холадна адказаў ён. — Гэта я.

— Ну, вядома ж, ты! — закрычаў Эндзі і кінуўся да стала, але адразу ж застыў, як па сігнале. Нават слабое, рэшткавае святло з акна перашкаджала яму, і ён пачакальна ўзіраўся з цемры.

Даволі доўга яны маўчалі і не рухаліся. Рой ліхаманкава думаў, як яму хутчэй абяззброіць Эндруса, але міжволі апынуўся ў абароне, вырашыў не лезці першым, менш гаварыць і проста чакаць.

Затым пакой зноў напоўніўся зычным голасам Эндруса:

— Мне сказалі ў бары, што ты вярнуўся. Я даўно хацеў убачыць цябе…

— Я ведаю, — сказаў Рой і адчуў на сваіх ляжках сутаргавую хватку ўласных пальцаў. Зараз ён быў гатовы на ўсё, так, ён вінаваты, так, яму страшна, але перш за ўсё ён напагатове. Даўшы ініцыятыву Эндрусу, ён чакаў, як вызначыцца ступень іх варожасці, але цікаўнасць перамагла, і ён зірнуў на Эндзі. Ён не мог бачыць яго выразна, але тое, што ён бачыў, выклікала ў яго дзіўнае і непатрэбнае тут пачуццё сімпатыі да гэтага магутнага цела, яго росту і аб'ёму, яго шумнага дыхання. Рой зноў адчуў усю нястрымнасць Эндруса. Той зараз быў гатовы на ўсё.

— Я хадзіў у лес… — пачаў Эндзі.

— І гэта ведаю, — адрэзаў Рой.

Прыхаваная варожасць у голасе Роя, здавалася, збіла Эндруса і крыху насцярожыла яго даверлівую бяспечнасць. Ён увесь аж затрымцеў ад крыўды.

— Ах, д'ябал! — сказаў ён і цяжка ўздыхнуў. — Трэба запаліць святло. — Ён пстрыкнуў запалкай і пайшоў проста да капцілкі, якую Джыні трымала на каміннай дошцы на той выпадак, калі сапсуецца газавая лямпа. Ён прынёс капцілку на стол, запаліў яе, сеў насупраць Роя і холадна спытаў:

— Як жывеш, Рой?

Толькі зараз Рой добра бачыў Эндруса і зразумеў, што воблік, які ён захоўваў у памяці, быў Эндзі іхняга юнацтва: бесклапотны малады бамбіза, шалёны сілач, захоплены гарлапан, нястомны анархіст. Да таго часу, калі Эндзі пакінуў Сент-Элен, ён стаў тоўстым і грубым, але Рой неяк забыўся пра гэта, і зараз выгляд гэтага мясніка з мясістым тварам і халоднымі вачыма ашаламіў яго. Ён усё ж спадзяваўся ўбачыць ранейшы воблік сябра.

— Ты, відаць, не чакаў, што я вярнуся, — абыякава заявіў Эндрус. Гэта гучала пагрозліва.

— Магчыма, — сказаў Рой і ўвесь напружыўся, бо адчуваў на сабе пільны позірк Эндзі, які ацэньваў яго.

— Здаецца, ты зусім не хочаш бачыць мяне, — закрычаў Эндзі.

— Не. — Рой усё яшчэ чакаў, адчужана і абыякава, ён не хацеў даходзіць да галоўнага. — Калі-небудзь ты ж павінен быў вярнуцца.

— Праўда, Рой.