Выбрать главу

Аднак чалавек не толькі часавы, але і пазачасавы, і з гэтай пазачасавасцю, як са сваёй глабальнай перспектывай, сустракаецца не толькі ў канцы свайго шляху, але і ў кожным яго пункце, калі адважваецца паглядзець над сабой, калі ўскрыльвае духам.

*

Эфект творчасці: з цягам часу тое, пра ш т о пішаш, становіцца тым, як пішаш, і тое, на што глядзіш, становіцца тым, я к глядзіш.

*

Пішам творы на белым полі сэнсу. Усё, што не адпавядае яму, што не арганічнае яму, як пры трансплантацыі, раней ці пазней адрынаецца.

Нездарма адзін дзэнаўскі філосаф як вынік шматгадовага роздуму над сэнсам жыцця пакінуў на стале белы аркуш паперы.

*

Пісьменніцкія біяграфіі: унутры кожнай з іх дзве дарогі, дзве лініі — жыцця і творчасці. Яны спрыяюць адна адной і пярэчаць, вядуць адна адну і адмаўляюць, каб недзе там, у той чалавечай перспектыве, дзе дзве паралельныя супадаюць, самаадмовіцца і стаць цэласнасцю.

Творы — пасрэднікі. I калі на сённяшні дзень мастакоўская творчасць — гэта творчасць твораў, якія ўпісваюцца ў жыццё, пэўным чынам супрацоўнічаючы з ім, пэўным чынам трансфармуючы яго на свой узор, то, пераходзячы ў сваю новую якасную фазу, «скрыжоўваючыся» з жыццём, творчасць становіцца жыццятворчасцю, якая не мае патрэбы ў пасрэдніках.

*

У вершах і аднаго, і другога, і трэцяга паэта прысутнічае «я». Аднак якія яны розныя, гэтыя «я»! Для аднаго паэта «я» — яго канкрэтная асоба, для другога — «сцэнічная» роля, для трэцяга — модус мыслення, для чацвёртага паэта «я», як у слынным вершы Анатоля Сербантовіча,— «няма мяне».

*

Не, паэзія не «унцыя» пачуцця плюс «унцыя» думкі, як неяктлумачыўадзін літкансультант, а іх краі, іх самапераўзыходжанне, новы стан рэчыва і рэчаіснасці, мовы і невымоўнасці.

У радовішчах чалавечай існасці ёсць пласты, дзе думка і пачуццё сустракаюцца, дзе пачуццё—гэта ўжо і думка, дзе думка — гэта і пачуццё.

Калі карані верша не дасягаюць да тых пластоў, тады ён узор фразеалогіі, якая пра ўсё можа нешта сказаць, але нічога не можа выказаць.

*

Ісціна нагадвае яшчарку: яна хаваецца ад даследчыка, пакідаючы яму свае аўтографы — хвасты.

*

Стоячы на мосце, мастак Іў Клейн выціскае фарбу з цюбікаў у рачную плынь: на момант утвараюцца і знікаюць яму аднаму бачныя ўзоры.

Народная культура праяўляецца падобна — нібы плынныя карціны Клейна: праз выявы і ўзоры, якія фіксуюцца імі самімі.

*

Зямля і неба пераплецены між сабою ўзаемаснымі нітамі, і цэнтрам гэтага адзінства з'яўляецца чалавек — «сонечнае спляценне» гэтых абедзвюх сфер.

Тут, на зямлі, чалавек арэ зямлю, косіць траву, будуе дамы, і ўсё, з чым ён мае справу, істотна для яго, бо яно мае моц уздзейнічаць на яго долю. Калі-нікалі чалавеку здаецца: вось адраблюся ад зямлі, адпіхнуся — і стану вольны... Аднак неба для чалавека не што іншае, як адва-ротная зямля, і, адпіхваючыся ад зямлі, ён гэтым самым адпіхваецца не да неба, але ад неба. З другога боку, адасабляючыся ад неба, ён адасабляецца і ад зямлі, і «няма яму міру пад алівамі».

Толькі тады, калі неба згаджаецца ўзяць чалавека, зямля згаджаецца яго адпусціць.

*

Каб зразумець, што робіцца з каменем — ці ён ляціць угору, ці падае ўніз, ці на імгненне застыў, вычарпаўшы моц узлёту і не займеўшы інерцыі падзення,— трэба ўлічваць яго фон, трэба бачыць яго ў працэсе.

Гэтаксама і мастацкі твор: ён адкрыты разуменню, калі ўтрымлівае ў сабе і «камень», і «фон», і «працэс».

*

Прыгажосць, пра якую Дастаеўскі казаў, што яна выратуе свет, ратуе свет пастаянна, спрадвеку — самаахвяруючыся, самапераўзыходзячыся, перакульваючыся ў сваю дыялектычную процілегласць — у пачварнае, і такім чынам далучаючы гэтую другую палову свету да сябе.

*

Змест і форма ў творы не супадаюць, а ўзаемадзейнічаюць. Яго мадэль уяўляе не славутую «шклянку з вадою», а, хутчэй, мадэль рэха — з множнасцю формаў і множнасцю зместаў, дзе тое, што было зместам для папярэдняй формы, само становіцца формай для наступнага зместу.

*

Паэта няма загадзя: гэта не званне. Ён творыць, але і сам адбываецца праз творчасць, ён плануе, але і сам мусіць быць «запланаваны» — мусіць быць натхнёны, мусіць быць гатовы гаварыць тое, што яшчэ ў няведанні і прадслове.

У творчасці веданне і ўменне пераўзыходзяцца, пачынае панаваць вышэйшае. Гэты лішак жыватворны: ён вызваляе паэзію з-пад рамяства.