Выбрать главу
Паэма парушанай мяжы
На стол насцелем карту — не абрус. Мінулае адсутнічала. Страты загойваліся самі. У хаўрус нас аб'яднаюць нетры інтэрната.
Час рухаўся то ўраз, то пакрысе. Каб гартавацца, варта быць са сталі. У вокнах дом: у ім жылі мы ўсе. А па-за домам дрэвы падрасталі.
Пакоі ўсцяж: тут вучымся і спім і сілу падначальваем бяссіллю. А не хапіла, з вокнамі, усім — нас, чатырох, у цёмным пасялілі.
Чатыры ложкі, тумбачкі ля сцен, стол пасярод ды крэслы, ды ў зеніце гарэла блякла лямпачка: ўзамен адсутных сонцаў. Скажуць: «Пажывіце».
Адмежавала новае жытло нас раптам ад знаёмага наўколля. І разам з намі ў поцемкі ўвайшло, чым самі не былі яшчэ ніколі.
Што разумелі — мучылася. Свет быў па за намі, быццам чыйсьці досвед. Як з ім з'яднацца? Кімсьці неўпрыкмет — ці дзень, ці ноч — над намі вёўся дослед.
Казаў настаўнік: «Зло й дабро — адно. Каб не памерці — мусім мець дзве веры». А думка апускалася на дно і адчыняла ў невядомасць дзверы.
Знікалі межы: думаем? ці спім? ці снім сябе? Той самы — не мінае, не настае: у нас — ён, мы — у ім: час, што прыкмет і воблікаў не мае.
Здзяйсняючы таемную імшу — прашамацяць то шоргаты, то ўзмахі, — нас працямнялі, джалячы душу, нібы рэнтгены — ўражваючы — жахі.
Ляжаў на ложку, быццам нежывы, адлучаны — было нібы чужое — не варухнуцца — з ног да галавы — ад цела невядомаю мяжою.
Што з намі адбываецца? Плюсы змяняліся на мінусы. Спадсподу, прабіўшыся, гучалі галасы: адны — пра з'езд, другія — пра свабоду.
О колькі ў свеце белым адрасоў, размешчаных усцяж, па небасхіле!.. Мы думкай зазіралі ў вокны слоў, а іх, каб іх не чулі мы, глушылі.
Калі мы ў згодзе — мы — учатырох. Калі ў нязгодзе — нас чатыры чвэрці. Сціраў змрок межы, ды ніяк не мог мяжу, што ўсіх адрознівала, сцерці.
Вачамі іншых бачыў, хто я сам. З завучаных здабыткаў, быццам з клеткі, я вырываўся. Абяцалі снам, што будуць бачыць праўду толькі, сведкі.
Душа жадала шчасця і пакут, каб вырвацца з надзённасці жабрачай у новы час. Ды сведчылі: я — тут, — ці дзень, ці ноч, чыесьці справаздачы.
У невядомасць творачы прарыў, гарачай думкай набракалі словы: такіх яшчэ ніхто не гаварыў... У цемры — час, а цёмнае — часова.
Казаў настаўнік: «Зло, а перамнож — і з'явіцца дабро. Сусвет адзіны: мы — ў ім, і ў нас — ён». Усміхаўся нож, чакаючы прызначанай гадзіны.
Сталелі дрэвы ў карані і ў ствол. Навошта знацца з доляю нявартай? Учатырох — пасланая на стол — сцярожка нахіляліся над карткай.
Так многа межаў!.. Вастрыё нажа паказвала магчымасці. Прыязна нас клікаў свет. Ды ёсць адна мяжа: пакуль не перайшлі яе — мы вязні.
Кароткае задоўжвалася. Ўрок, прыдуманы знарок, каб не ляцела душа, як птушка, паглыбляў у змрок. На сцены наштурхаўвалася цела.
Скіроўваўся ў сябе і зрок, і слых. У будучыню клікаў голас чыйсьці і патанаў у воплесках. Па ўсіх тужыла недасягнутае выйсце.
Канчаўся з'езд. Пад зрэбнаю карой бруіліся разбуджаныя сокі. Змянялася адна пара другой. Мы — не другія. Мы здзяйснялі ўцёкі.
Туды, туды — дзе ззяе небасхіл, дзе беды раствараюцца без следу, дзе сіла не адлучана ад сіл, жыццё — ад жыццяў, дзе не хлусяць веды...