Выбрать главу
Што сталася і не — як спарышы. Цяжар будучыя крылы. Калі змаўкалі ў свеце і ў душы усе гаворкі — цемра гаварыла.
І ведаў я: вясною ці зімой — з усіх абмежаванняў, нібы з ямін, расці належыць. Сутнасці самой усе здаём усё жыццё экзамен.
Што цяжыла, спадзе, нібы рызман. Я паўтару, што ўведаю, ўсім чвэрцям: не сведчы крыва, не ўваходзь у зман, не прысягай багам, — каб не памерці.
Нас, распазнаных джаламі жуды, нацэленых на подзвіг невядомы, расселяць па адным — каго — куды. А мне парадзяць: «Ты ідзі дадому
Бы хто кране патайную струну — з душою загавораць парушэнні. Ў чатыры столкі карту я згарну, нож пакладу, ўсміхнуўшыся, ў кішэню.
Не рупячыся, колькі дзе гадзін, жыццём з'яднаны, быццам рэкі з морам, з тым часам, што не дзеліцца, адзін пайду па апусцелым калідоры.
Кім стаў ужо? Кім яшчэ мушу стаць? Нязведаная будучыня кліча. І будуць доўга ў вокнах пагасаць – смуткуючы — знаёмыя абліччы.
Паэма чырвоных вяровак Жаўцела лотаць. Вецер ею пах, і хваляваў, і вабіў у вандроўкі, і абяцаў, што там... А на слупах вагаліся чырвоныя вяроўкі. Замкнёны ў год зламаўся краявід і паказаў таемнае. На зломе увасабляўся тварамі нябыт і ўсё наўкол, кім ёсць яно, знаёміў. На часткі — шмат: распалася шкала. Чаго хто варт? — пыталіся тавары. Наступнасць адступалася. З-за шкла глядзелі перакуленыя твары. Далёкае і блізкае ўпрытык і ломячы сустрэчаю значэнні, сыходзіліся: позірк не прывык і вынаходзіў розум тлумачэнні. Рос недарод. Стаяў квадратны год: стагоддзі абаперліся — падрубы. На ўсіх пляцах аб'яўлены ўзыход вёў патаемна у глыбіні згубы. Мяне спынялі: нельга нацянькі. Аблытаны чырвонымі сцяжкамі, я жыў нідзе, нікому. Пацукі адважна верашчалі за мяшкамі. Сціскалася прастора, як сіло. Час абяцаў: не пашкадуе плёну. Употайкі — пакуль не рассвіло — усе наўкол закопвалі імёны. Каб разам быць: відушчы ці сляпы — ніхто не можа мець з жыцця карысці. А рассвіце — падымуцца слупы. Мы пра нябёсы марылі калісьці. Свае імёны: аддзялялі — кроў. Ёсць я і ты. Але ты плачаш з жалю. Парадкавыя твары ў нумароў. Чаго хто варт — па іх распазнавалі. Не тоячы ні радасці, ні слёз, ты мной жыла. І лотаць — для адвару. Ёсць ты і я, а паміж намі — лбе, і ў лесу пераменлівыя твары. Акрэсліваўся ўчынкамі. Цякло жыццё далей. Я прыпыняўся нечым. І краявід накрэсліваў на шкло: каб ён застаўся — вечнае нявечыў. Страх краўся ўслед. Хаваў, як запавет, імя свае ўнутры сябе. Вяснова мне не цвісці, як лотаці. Паэт агучваў перакуленыя словы. Пакінуты разгляду і суду: пад нумарамі вартасці і вады,— я з сутнасцю аднойчы супаду. А пацукі захоплівалі ўладу. Ашукваецца розум спадцішка. Пасылкі назапашаны ў каморах. Хто ні ішоў — твар унутры мяшка: павыгрызаны дзіркі ў некаторых. Пытаўся: хто вы? Быў адказ: мільён. Знадворны плот з унутранага плота ўзнікаў і паўтараўся. Плен — палон, калі ён аддзяляе ад палёту. Хто вёў — спыняў. Пад позіркам касым дзялілася, што ёсць, на шмат і мала. А што было ўнутры — на дзіва ўсім,— нібыта не было яго, маўчала. Наўкол казалі: «Радуемся дню». Не ведалі: пахмуры альбо зыркі, ён у вяроўках — нібы ўвышыню, скруціўшыся, выцягваліся дзіркі. Шукаў цябе. Мо адгукнешся, мо?.. Мяшкі — каб ашукаць: ад недароду. І сам змаўкаў: мо спраўдзіцца само?.. Ратунак абяцалі перашкоды. Не гэткія, ці ўспомнімся: свае. Адбіткі з твару — можна кратаць: блізка. Каб разам быць — душа не пазнае. Дзе ты, дзе я — знаходзілі па спіску. Цікавіліся: нумар — для арэн. І цікавалі: радуюся сховам. І быў адзіны змест у перамен: як апынуцца ў целе пацуковым. Упісаныя ў пляц, нібы ў квадрат, у век наступны слаліся пасылкі. Утоптваючы грунт, ішоў атрад. Патыліцы прадбачылі памылкі. Я мыюся слатою і жарствой. Зламаны год — ці змыюцца пячаткі, накрэсленыя ім? Я ўжо не той, кім краявіду бачыўся спачатку. Сам перашкодай стаўшы насланню, я перашкоду адсланю вачыма, каб хоць здалёк убачыць светлыню — дзе апынуся некалі — айчыны. Страх адступаўся. Вецер ёю пах: каб мелі шчасце ўваскрасаць і лётаць, усходзіла ў дзіравых чарапах, паволі распускаючыся, лотаць.