— Іван Ягоравіч! Пачакай, — нягучна прамовіў Косця і сам не пазнаў свайго голасу. І падалося яму, што крыкнуў на ўсю вёску.
Сырадоеў рэзка, спалохана павярнуўся, памкнуўся быў схавацца за дрэва, але Косця апярэдзіў — бабахнуў стрэл, за ім другі.
— Вось табе за лася. За падман. За ўсё астатняе. Мой прысуд!
Сырадоеў, мабыць, ужо не пачуў гэтых слоў. Ён скурчыўся, застагнаў і асеў долу.
Косця кінуўся бегчы, пятляючы, нібы заяц, між дрэў. Азірнуўся — на аўтобусным прыпынку і на дарозе нікога не было. Ён выбег на сцежку, якая праставала праз сад на Хатыніцкі бальшак. Бег, пакуль не пачаў задыхацца. Звярнуў у сад, стары, яшчэ панскі, сям-там раслі і маладыя дрэўцы. Косця прыхінуўся плячамі да старой крывой яблыні. У святле поўні ейны голы ствол здаваўся матава-белым, як валавяны. Аддыхаўся, супакоіўся, выцягнуў пляшку віна — узрадаваўся, што не згубілася. Дрыжачай рукою адкаркаваў, паднёс да вуснаў. Сяк-так прыладзіўся, каўтнуў раз, другі. Перадыхнуў, агледзеўся — нідзе нікога, прыслухаўся — ні гуку. Дапіў віно. Шпурнуў пустую бутэльку, яна ўпала тарчком. У месячным святле шкляное горлачка паблісквала, як руля стрэльбы.
У Косцевай душы пачыналася бура. Куды бегчы? Можа, павярнуць дамоў? Ніхто не бачыў, як ён страляў. А раптам Сырадоеў выжыве, выдасць яго. Дык усе і так зразумеюць, зробяць экспертызу: з двухстволкі нядаўна стралялі, калібр падыходзіць. Пачнецца следства, суд і... вышка. Прыплюсуюць браканьерства. Не, дамоў вяртацца не выпадала. Хіба што развітацца з Ксеняй, павініцца за грахі, што руку падымаў на яе па п’яні. Пачне галасіць на ўсю вёску. Ісці да маці? І ёй пакуты прынясе. Вось каб дакументы меў, даляры, катануў бы ў Аргенціну да бацькі. І таму лішнія клопаты. Куды дзяваць сына-алкаша? Ну, з гарэлкай можна завязаць. І працаваць Косця ўмее. Але не бачыць яму Аргенціны, як сваіх вушэй.
Ён стаяў, абняўшы старую яблыню, усё мацней чуў у нагах вялікую стому і слабасць, сэрца цяжка тахкала за грудзінаю. Холад дабіраўся да ўзмакрэлай спіны — успацеў, калі бег ад вёскі. Косця перазарадзіў стрэльбу, заклаў два набоі — руля клацнула, заціснуўшы патроны, нібы ўзрадавалася новай порцыі смяротнага грузу. “Мне хопіць аднаго, — варухнулася думка. — А другі, можа, для Бравусава? Каб рук болей нікому не ламаў. Не, хай жыв”. Чуў ад Ксені, што Марына Сахута знайшла з ім шчасце. Усплыло ў памяці, як частаваў Бравусаў малога Косціка цукеркамі. Калі стаў дарослым, Косця зразумеў, што ўчастковы ездзіць да іх не так сабе. Аднойчы ён падгледзеў, як маці цалавалася з Бравусавым. Заляцанні ўчастковага не падабаліся Косцю, але маці пра гэта ён ніколі не сказаў ні слова.
І ўсё ж Косця пасунуўся ў бок Хатынічаў. Спярша крочыў па дарозе — тут пасля Чарнобыля паклалі асфальт, а потым павярнуў улева, да фермы. Але і туды заходзіць яму не хацелася. Стаяць ці сядзець не мог, нават карцела легчы. Ён узгадаў, што за фермаю на лузе, каля Бургаўцовага кургана, стаіць стог сена. Каля Хатынічаў траву не касілі: лічылася, што там павышаная радыяцыя, хоць кароў пасвілі, бо трава была высокая, густая. Каровы ахвотна скублі яе. Малако ад гэтых рагуляў змешвалі з прадукцыяй іншай фермы, што за Белаю Гарой. Неяк па вясне матка паказвала яму Бургаўцоў курган — яго макаўка тырчала на спрэс залітай вадою пойме Бесядзі.
Ён абышоў ферму злева, далей ад вёскі. Тут рос малады, густы, як шчотка, хвойнік, быў неглыбокі, разложысты раўчук. Вясною тут бурліла талая вада, улетку раскашавала густая, як воўна, трава. Некалі стары Арцём, Аксенін бацька, расказаў Косцю, як у сорак трэцім параіў чырвонаармейцам — папрасілі яго партызаны,— дзе лаўчэй перайсці Бесядзь, прапаўзці па лузе, па гэтым раўчуку абыйсці Хатынічы, прабрацца ў тыл, у Галнае балота. Там салдаты акапаліся за нізкімі альховымі кустамі. Немцы ўмацавалі вёску, бо яна прыкрывала Саковіцкі бальшак, па якім адступалі іншыя вайсковыя злучэнні. І вось на золку з крыкамі “Ура!” асноўныя сілы фарсіравалі Бесядзь і рынуліся ў атаку. Тады й секанулі кулямёты з тылу. Манеўр у абход вырашыў лёс той аперацыі. Збярог дзесяткі савецкіх воінаў.