Выбрать главу

Косця Варонін углядаўся ў неба, як ніколі ў жыцці, бо разумеў: гэтая ноч для яго апошняя. І думаў ён пра гэта спакойна, як пра даўно вырашаную справу, даўно зроблены выбар. Зоркі праглядваліся слаба —Поўня забівала іх сваім святлом. Якое вялікае неба, высокае, бязмежнае!  Яно дае дождж і снег, улетку на ім часам успыхвае казачна прыгожая вясёлка — Косця ў маленстве любіў пазіраць на вясёлку над Бесяддзю. А што чалавек дае небу? Дым, копаць, смурод. Вось і ён,  Косця Варонін, паўсотні гадоў капціў неба. Але ўсё мае свой пачатак і свой канец. Жыццё, каханне, любая справа.  Ну што, трэба сцягваць правы бот... Скончылася “Бэсаме, бэсаме муча…” Адмучыўся. Годзе!

Але пацалаваць рулю стрэльбы. Націснуць босаю нагою на курок ён яшчэ не быў гатовы. Згадаў, як мінулаю ноччу цалаваўся з Аксеняй. Падалося, што было гэта даўным-даўно. Тады ён і не думаў, што цалуе жонку апошні раз. Пэўна, і яна пра гэта думаць не магла. Бедная Аксеня, застанешся ты адна, затое вольная. Можа, яшчэ знойдзеш каго і будзеш дажываць свой век. Ёсць у цябе брат, высокі начальнік, мне адмовіўся памагчы, але родную сястру не пакіне без  падтрымкі.

Косця тэпаў круга стажка, як у зачараваным коле... Ратам ад лесу пачуўся гучны густы свіст: вуй-вуй- вуй. Ён пазнаў голас жаўны. Можа. тая самая, якая лётала, калі гаварыў з Андрэем Сахутам. І чаму ёй не спіцца? А мо гэта мне здаецца?  Калі з глуздаў з'еду, дык мо не расстраляюць? Чокнутых не судзяць? Але што за радасць — жыць у дурдоме? Не, гэта не для мяне. Але чаму жаўна не спіць? Сырадоеў ужо гэтага не  чуе. І ніколі  не пачуе. І мяне не будзе. А птушкі будуць  свістаць. Лёд на Бесядзі будзе трашчаць. Рыбы плаваць. Сонца ўзыходзіць і заходзіць.  Не, няма  на свеце справядлівасці. І я  зрабіў несправядлівасць. За гэта сам  сябе і пакараю…

Знайшлі труп Косці Вароніна праз два дні, надвячоркам. Адшукала міліцыя са службовым  сабакам.

Івана Сырадоева праводзілі ў апошні шлях сотні людзей — сышліся з усіх вёсак сельсавета. Старшакласнікі мясцовай школы неслі вянкі, на чырвоных падушачкіх баявыя ўзнагароды. Дзень быў хмарны, падалі рэдкія бухматыя сняжынкі, яны траплялі на васкова-жаўтлявы твар нябожчыка і не раставалі.

Над магілаю Косці Вароніна галасілі тры жанчыны: маці, сястра і жонка.

На другі дзень пасля пахавання ўдава Аксеня атрымала ліст з рэдакцыі абласной газеты. У ім паведамлялася, што копію Косцевага ліста адаслалі ў  пракуратуру раёна з просьбай перагледзець справу, вызначыць віну кожнага ўдзельніка палявання і адпаведна размеркаваць суму штрафа.

У той жа дзень Ніна, Косцева сястра, атрымала паштовы перавод на сто долараў, яе запрашалі ў раённае аддзяленне ашчаднага банка. Ніна Сцяпанаўна ўглядалася ў бледна-жоўты квадрацік казённай паперы і гарачыя слёзы каціліся з ейных вачэй. Сэрца разрывалася ад жалю: чаму гэты перавод не прыйшоў на тыдзень раней?!

ХVІІ

Набліжаўся Новы год. Няўхільна, неадступна. Ада Сахута чакала яго з вялікім нецярпеннем. У яе было  адчуванне,  нібы ёй хочацца пачаць жыццё нанава. У душы выспявала пачуццё віны перад Андрэем:  не падтрымала ў цяжкую хвіліну, часта дакарала, што нічога не выслужыў у партыі, абразліва называла ўсю ягоную дзейнасць балбатнёй. Яна сама адштурхнула яго ад сябе, прымусіла ехаць у зону. Але ён не зламаўся, выстаяў, пачаў новае ўзыходжанне па кар’ернай лесвіцы. Яе ўсё мацней забірала трывога, што ён знойдзе там сабе іншую жанчыну. Галоўны ляснічы, відны мужчына. Любая свабодная кабета, а то й замужняя кінецца на шыю, абы толькі захацеў.

Ёй карцела паехаць да мужа, але пад канец года было вельмі напружана на рабоце. Ёй заставалася два гады да пенсіі, трэба трымацца аберуч за сваё крэсла. А што потым? Іншы раз у думках яна гатова была паехаць да Андрэя ў райцэнтр, дзе некалі яны сышліся, стварылі сям’ю. І ўсё гэта рабілі па любові. У іх было сапраўднае каханне. Яе бацькі не маглі даць ніякага пасагу, Андрэй пра гэта ніколі не гаварыў, бо ніякіх меркантыльных разлікаў не меў. А вось яна, Ада, разлічвала разам з мужам узляцець высока, дабрацца да сталіцы, што ўрэшце і адбылося. О, як яна радавалася, ганарылася, калі яны атрымалі ў Мінску кватэру!

Ада ганарылася дзецьмі, а яны адчувалі павагу да сваіх бацькоў. А  яшчэ прыхаваную зайздрасць аднакласнікаў, а потым інстытуцкіх сяброў. Пасля інстытута Надзя і Дзяніс засталіся ў Мінску. Займелі свае сем’і, сваё жытло. І ўсё гэта дзякуючы клопатам бацькі. А потым здарылася так, што сам бацька змушаны быў кінуць сталіцу, цёплую, утульную кватэру, паехаць у радыяцыйную зону. Якая несправядлівасць! Так думала Ада Браніславаўна. Напачатку яна лаяла мужа, што не змог уладкавацца ў Мінску, але паступова яе злосць, раздражнёнасць праходзілі. А цяпер, як яго прызначылі галоўным ляснічым, яна пачала думаць іначай:  можа,  і  правільна ён  зрабіў. І ўсё   болей дакарала сябе, а не яго.