Ада хацела сустрэць Новы год са сваёй сям’ёю, каб абавязкова былі дзеці, бо яны засумавалі па бацьку. Яна разумела, што Андрэй даўно не бачыўся з сябрамі, але вырашыла запрасіць толькі сям’ю Махавіковых. З Евай апошнім часам яна зблізілася асабліва, адчувала, што тая ставіцца да яе па-ранейшаму, а мо нават з большай прыязнасцю. Але спачатку Ада параілася з Андрэем, неяк патэлефанавала яму з работы, узрадавалася, што захапіла на месцы. Расказала пра свае справы, пра дзяцей, пацікавілася, як ён сябе пачувае, якія клопаты даймаюць. Яна добра ведала Андрэеву звычку: па тэлефоне ніводнага лішняга слова, ягоныя тэлефонныя размовы нагадвалі тэлеграмы.
— Наконт гасцей не пярэчу. Даўно не бачыліся. Ну што, усё?
— Усё. Чакаем!
— Цалую ўсіх! Да сустрэчы.
Іншым разам Ада магла б пакрыўдзіцца, палічыць гэта за нетактоўнасць: яна патэлефанавала, а муж, якога даўно не бачыла, нецярпліва перапыняе размову. Цяпер жа яна лічыла гэта разумным, бо неўзабаве ўбачацца, тады і нагаворацца, а тэлефонныя размовы падаражэлі, яна, фінансістка, як ніхто іншы, павінна гэта разумець. Затое ўвечары адвяла душу з Евай — амаль паўгадзіны прагаварылі па тэлефоне. Ева ахвотна прыняла запрашэнне, абмеркавалі, хто што згатуе, дамовіліся не ўскладняць жыццё падарункамі, не ламаць над гэтым галаву — жыццё надта ўскладнілася, набыць што-небудзь людскае проста немагчыма.
— Найлепшым падарункам для нас з Андрэем будзеце вы самі, — сказала на развітанне Ада.
І не было крывадушша ў гэтых словах. Яна сапраўды так думала. Потым упікнула сябе: ці не занадта настойліва запрашала ў госці Махавіковых, каб Ева не падумала, што сям’я Сахутаў жыве ў поўнай ізаляцыі. Але доўга сябе не дакарала: што сказана, тое сказана, і няма чаго перажываць.
А неўзабаве Аду здзівілі дзеці. Надзя і Дзяніс, аказваецца, таксама рыхтаваліся да Новага года. І сказаў пра гэта сын:
— Мама, Ірынка Махавікова запрашае нас. Ну, каб сустрэць Новы год разам.
— Каго гэта вас?
— Надзею з Ігарком. Ну, і мяне з сямейкай. Будзе іхні Косця са сваім вывадкам. Бацьку мы сустрэнем. Увечары пабудзем у нас. А гадзін у дзесяць паедзем... А назаўтра будзем дома. У Ірынкі намячаецца вяселле. Яна будзе з кавалерам. Хоча пазнаёміць нас.
Ада Браніславаўна зразумела, што ўсё ўжо спланавана, абдумана, пярэчыць тут ніяк не выпадае. Ды і ўвогуле — дарослымі дзецьмі не пакамандуеш, хоць бы і хацеў. Мільганула думка: Надзя пабудзе ў кампаніі, а то ўсё адна ды адна дома. Сын быццам адгадаў ейныя думкі, бо шматзначна дадаў:
— Будзе мой калега. Хоча пазнаёміцца з Надзяй. Халасцяк. Яму ўжо за трыццаць. Даўно хоча ажаніцца, ды ўсё нешта не атрымліваецца.
— А што ён за чалавек? Кім працуе?
— Мой калега. Пакуль што болей нічога. Хай гэта будзе сюрпрыз.
— Любіце вы сюрпрызы, — нязлосна прабурчала Ада, у душы ўдзячная сыну, што клапоціцца пра лёс сястры.
Андрэй і Ада балюча перажывалі раптоўны развод Надзі з мужам. Разрыў, мабыць, наспяваў даўно. Халодная, падкрэсленая ветлівасць зяця насцярожыла Аду Браніславаўну. Дачка расказала, што прыходзіць ён дамоў позна. Адгаворка адна: “Бізнес — справа сур’ёзная. Багата клопатаў”. Пачаў вельмі часта ездзіць у камандзіроўку, найбольш у Маскву. Тлумачыў, што іхнія партнёры гандлёвыя ўсе там, у Расіі. Аднойчы Надзя прызналася праз слёзы, што ўжо два месяцы яны не жывуць як муж і жонка, што знайшоў ён прысуху-партнёрку ў Макве. А неўзабаве зяць сабраў свае чамаданы і цішком, як злодзей, пакінуў сям’ю. Нават не развітаўся з жонкай і сынам.
Андрэй Сахута палічыў гэта здрадай не толькі сям’і, жонцы, малому сыну, а і яму, цесцю, бо ў свой час праз сакратара райкама паспрыяў, каб зяця павысілі па службе, зрабілі старшым інжынерам, прынялі ў партыю. Сяброўскія адносіны са сваім зяцем вельмі радавалі Сахуту. Але як толькі перасталі існаваць райкамы, абкамы, Сахута апынуўся без работы, першым здрадзіў зяць. Тады Андрэй увесь вольны час аддаваў унуку. Гэта была яго адзіная радасць. Ігарку ішоў пяты гадок. Ён вяртаўся з садка і чытаў дзеду вершыкі на беларускай мове.
Пра ўсё гэта згадваў галоўны ляснічы Андрэй Сахута, бо ён таксама рыхтаваўся да Новага года. Снегу было вобмаль, усюды льга праехаць, таму на абшарпаным лясгасаўскім “газіку” Сахута штодня калясіў па раёне, знаёміўся з кадрамі лесаводаў. Ён разумеў, што гэта лепей рабіць не на шматлюдных нарадах, а на месцы, у канкрэтных абставінах. Пагаварыць сам-насам, каб ведаць, хто чым дыхае, і вывучаць справы трэба глыбока, каб не думалі пра яго, што ён залётная птушка на адзін сезон. Напрыканцы дня часцяком адчуваў металічны прысмак у роце, калі вяртаўся з лясніцтваў, размешчаных у зоне. Як правіла, на развітанне яго частавалі.