Выбрать главу

Сахута пачуваўся няёмка: адмовіцца — значыць, пакрыўдзіць падначаленых, а не дай Бог выпіць лішнюю чарку — услед можа паляцець данос-ананімка. Таму піў ён вельмі асцярожна,  а  вось на закусь налягаў смялей, бо ў самога халасцяцкі побыт. Вядома, Паліна заўсёды прапаноўвала паесці, увечары — чай, а пад чай і чарку налівала. І ўсё гэта бачыла нявестка. Няпэўнасць становішча прыгнятала Андрэя, таму ён з нецярпеннем чакаў сваёй кватэры, хай сабе невялікай аднапакаёўкі. Але здача новага дома адкладвалася: не хапала грошай, будаўнічых матэрыялаў. Ён расказаў пра свае думкі Паліне.

— Трэба падшукаць іншую кватэру. А то пачнуць нас языкамі абмываць.

— Ёсць варыянт. На суседняй вуліцы жыве мая сяброўка. Яна старэйшая за мяне. Некалі разам працавалі ў школе. Ты, можа, ведаеш яе. Дар’я Трафімаўна Азарава. Пасля вайны яна была сакратаром райкама партыі.

— Канешне, ведаю. Прычым, вельмі даўно. Са школьных гадоў.

Убачыўшы здзіўленне на твары Паліны, Андрэй расказаў, як аднойчы Азарава выступала ў Хатыніцкім клубе. Яго вельмі ўразіла, што яна доўга гаварыла і ні ў якія паперы не заглядвала. А гаварыла яна пра міжнароднае становішча, кляйміла амерыканскіх імперыялістаў.

— Здаецца, мы з табой успаміналі яе грэшнае каханне. Некалі яна была закаханая ў вашага хатыніцкага старшыню калгаса Макара Казакевіча.

— Так, памятаю. Калі я працаваў у камсамоле, мы сустракаліся.

— Дык вось, цяпер жыве Дар’я Трафімаўна адна. Сын працуе на цэментным заводзе. Мае сваю кватэру. Гаспадыня — вялікая акуратніца. А кветак у яе мора! Ты будзеш, як у аранжарэі. Заўтра схаджу да яе. Тэлефон на кватэры ёсць, — Паліна прыцішыла голас, хоць у доме не было нікога апрача іх. — У сераду ці ў які іншы дзень  яна  будзе  ездзіць да  ўнукаў. А мы можам пабачыцца. Які табе дзень лепей? Больш зручны.

Андрэю хацелася сказаць: “Давай не будзем сустракацца. У мяне ж ёсць жонка”. Але заместа гэтых слоў ён прамовіў зусім іншыя:

— Добра. Хай будзе серада. А калі выскачыць  якая неспадзяванка, перанясём на другі дзень.

Кватэра Андрэю спадабалася. Драўляны вялікі дом з белымі аканіцамі, бярозы пад вокнамі, ціхая вуліца. А ў хаце ўсё застаўлена кветкамі: у гаршчках, вёдрах, нейкіх скрынках. Уразіў эпіфеліум-дзекабрыст: разлапістыя галінкі, падобныя на клешні рака, усыпаня фіялетава-ружовымі прадаўгаватымі, нібы аўтаматныя патроны, бутонамі. “Дзекабрыста” Андрэй ведаў: у снежні звычайна расцвітаў у ягонай мінскай прыёмнай.

— А што гэта за кветка? — яго зацікавіў вазон, які нагадваў суцэльны букет малінава-ружовых кветак. Яны высіліся над густа-зялёнай купкай лісця, быццам  чародка  мятлушак узмахнула  крыламі-пялёсткамі,  узляцела і застыла ў паветры.

— Гэта цыкламен, — ахвотна тлумачыла Дар’я Трафімаўна. — Радзіма кветкі — Грэцыя. Там цыкламены растуць на скалах. А гэта азалія, або рададэндран, — гаспадыня паказала на куст кветак, які нагадваў ружовы сноп. — А гэта амарыліс. Кветкі, як грамафоны. Лісты нібы зялёныя косы. Як турэцкія крывыя ятаганы, — квола ўсміхнулася гаспадыня. — Ну, а гэта павяргоня. Герань. Яна зараз не цвіце. Кветкі ў яе буйныя, вельмі прыгожыя. Вы, пэўна, бачылі герань на падаконніках у вясковых хатах. Суквецці самых розных адценняў. Радуе вока герань.. Яшчэ называюць яе — мушкат..

Андрэй слухаў, прыглядаўся да сівенькай бабулі ў акулярах, з-пад тоўстых шкельцаў на свет Боскі пазіралі блякла-сінія, палінялыя за немалы жыццёвы век, вочы. Яна сама нагадвала нейкую дзівосную ўсохлую кветку, якая адцвіла, адкрасавала, але не хоча здавацца зімовай сцюжы, хоча жыць і тварыць вакол сябе прыгажосць, хоча радаваць людзей.

— Даражэнькая, Дар’я Трафімаўна, вы мяне здзівілі, уразілі, узрадавалі. На дварэ — зіма, снег, халадэча. А ў вас вечназялёная вясна. Ну, ці лета. Адным словам — цуд! Дзякуй вам вялікі за радасць!

Андрэй нахінуўся, далікатна пацалаваў сухарлявую маленькую далонь гаспадыні. Перахапіў пагляд Паліны: у ейных цёмна-карых вачах свяцілася прыхаваная радасць, яна была ўпэўнена, што гаспадыня прыме кватаранта, што яму тут будзе добра, утульна,  і яны змогуць сустракацца.

Зусім пра іншае падумаў Андрэй Сахута: сюды можна запрасіць у госці жонку, у падобным пакойчыку яны пачыналі сямейнае жыццё. Ён яшчэ раз агледзеў пакой, антураж якога дапаўнялі плеценая этажэрка з кнігамі і высокая кафляная грубка. Гэта быў асобны, бакавы пакой, які гаспадыня прапанавала Сахуту. Тут быў старадаўні круглы стол, два крэслы, высокі металічны ложак на цёмна-сініх ножках, горка падушак пад карункавым пакрывалам. Ложак быў засланы жоўта-заласцістаю капай. Для сябе Андрэй адзначыў, што ў хаце даволі холадна, хоць на дварэ  мароз невялікі. Значыць, гаспадыня эканоміць паліва.